Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Складальнік Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека падтрымаў Бяляцкага


Хадайніцтва аб вызваленьні з-пад варты старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага падпісаў адзіны дагэтуль жывы складальнік Усеагульнай дэклярацыя правоў чалавека Стэфан Эсэль.

Ганароваму прэзыдэнту Камітэту сяброў Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Стэфану Эсэлю жыцьцё падрыхтавала найскладанейшыя выпрабаваньні: змагар францускага і англійскага Руху супраціўленьня пад час Другой сусьветнай вайны патрапіў у Бухэнвальд, дзе яго павінны былі расстраляць, аднак з дапамогай іншых зьняволеных выжыў і змог уцячы. Адразу пасьля вайны ён увайшоў у склад экспэртаў ААН па складаньні Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, прынятай большасьцю краінаў-удзельніц ААН у 1948 годзе.

Пад час працы ў ААН Эсэль выступаў пасярэднікам пад час урэгуляваньня дэкалянізацыйных канфліктаў у розных краінах сьвету, шмат год працаваў дыпляматам. Але адным з найважнейшых прыярытэтаў ягонай дзейнасьці заўсёды застаецца абарона правоў і свабодаў людзей ва ўсім сьвеце.

Нягледзячы на свой узрост (нарадзіўся Эсэль у 1917 годзе) ён і дагэтуль актыўна адсочвае сытуацыю з праваабаронцамі ў многіх краінах сьвету і арышт Алеся Бяляцкага ня мог пакінуць яго абыякавым, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
XS
SM
MD
LG