Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За савецкім часам крамольныя кнігі палілі ці надзейна хавалі ў бібліятэчных спэцфондах, куды звычайныя чытачы доступу ня мелі. У найноўшыя часы ўлада паміж сумнеўнай на яе погляд кнігай і варштатам Скарыны паставіла надзейны заслон, ператварыўшы дзяржвыдавецтвы ў цэнзурныя ведамствы. Які лёс напаткаў кнігі, які ўсё ж выйшлі ў сьвет, але не дайшлі да чытача? Нашым госьцем сёньня – аўтар адной з такіх кніг, палітоляг і пісьменьнік Уладзімер Падгол.

– Уладзімер, нягледзячы на ўсе “памілаваньні”, у месцах пазбаўленьня волі застаюцца яшчэ дзясяткі ўдзельнікаў Плошчы. Але, як высьвятляецца, у няволі знаходзяцца ня толькі людзі, але і кнігі. Якія гэта выданьні?

– Яшчэ да Плошчы, у траўні 2010 году, калі актыўна пачало дзейнічаць незарэгістраванае грамадзкае аб’яднаньне “Гавары праўду”, прайшлі вобшукі ў актывістаў і ў кіраўніка аб’яднаньня паэта Ўладзімера Някляева. І вось у яго былі забраныя і зьмешчаныя ў сэйфы сілавых структураў, пракуратуры 40 асобнікаў розных кніг, уключаючы кнігу “Кон”. Тады ж, ужо трэцім разам, былі арыштаваныя мая кніжка “Куля для прэзыдэнта” і цытатнік Лукашэнкі “Народны тэлевізар”. І вось яны ўжо год і тры месяцы знаходзяцца пад арыштам, яны зьняволеныя, і гэта самыя доўгатэрміновыя палітычныя арыштанты.

– А твае кнігі былі забраныя з бібліятэкі Някляева?

– Так. Калі быў вобшук у Някляева, іх узялі. 70 цытатнікаў былі арыштаваныя яшчэ раней у прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча. Тады, праўда, сілавікі пабаяліся ў пратаколе канфіскацыі напісаць, што яны забралі цытатнікі Лукашэнкі. Яны тады напалохаліся, але кніжкі забралі.

– Людзі зьняволеныя за супрацьпраўныя – з гледзішча праваахоўнікаў – дзеяньні. А кнігі за што?

– Кнігі, з гледзішча ўладатрымальнікаў, – гэта вынік небясьпечнай дзейнасьці пісьменьнікаў. Любы дыктатар трымаецца ва ўладзе ці на прымітыўнай хлусьні, ці на тым, што стварае праз сродкі прапаганды віртуальную рэчаіснасьць, дзе жыцьцё цудоўнае, людзі шчасьлівыя. Пісьменьнік жа апісвае рэальныя праблемы, маральныя дылемы, якія існуюць у душах людзей, у іхнім жыцьці. І гэта робіцца канкурэнцыяй дыктатару. І ўрэшце праўда пачынае перамагаць, бо людзі параўноўваюць адкрытую хлусьню з тэлеэкрану і рэальныя праблемы, пра якія яны прачыталі ў кнігах. Вось гэтым яны і небясьпечныя.

– Я яшчэ магу зразумець, за што арыштаваная твая кніга “Куля для прэзыдэнта”. Але чаму ў разрад крамольных трапіў зборнік выказваньняў Лукашэнкі? Там жа дакладныя, са спасылкай на крыніцу, цытаты.

– У цытатніку сабраныя думкі Лукашэнкі, выказаныя ім падчас стрэсавых сытуацый, калі ён выяўляў той ці іншы архэтып. Так бы мовіць, праявы сапраўднай яго душы. Там ён голы. Там ягоныя псыхіка і душа голыя.

– Дык ён гэтую сваю душу выяўляе кожны вечар у выпусках навінаў.

– Але ў тых выпусках накідваецца розная прапагандысцкая лабуда. А ў цытатніку – толькі дакладная кароткая цытата. Як цьвік, які трапляе ў мозг чытачу, і бачна, хто ён такі, няма ніякай маскіроўкі. Ён там голы.


– Давай вернемся да арыштаванай паэтычнай кнігі Някляева “Кон”. Яна ж выдадзеная ў афіцыйна зарэгістраваным выдавецтве “Лімарыюс”. Чым для ўлады небясьпечныя вершы і паэмы?

– Для дыктатараў, у прыватнасьці для Лукашэнкі, самы страшны вораг – гэта харызматычны паэт. Бо ён можа авалодаць думкамі, яго могуць палюбіць і запаважаць мільёны. І з гэтага гледзішча ён канкурэнт, бо пры дыктатуры любоў, павага і вера павінны належаць толькі аднаму чалавеку. Памятаеш, Лукашэнка заявіў: “У Беларусі палітык адзін – я!”. Ніхто пры дыктатары ня можа быць кумірам. А паэт, калі яго паэзія становіцца папулярнай, аўтаматычна робіцца канкурэнтам
“Дзякуй лідару нацыі за электрычнасьць і газ, і за стараннную працу – нацыі на ўнітаз”. Ну і якому дыктатару гэта спадабаецца? ...

дыктатара, нават калі ён ня ёсьць кандыдатам у прэзыдэнты. Ён ужо канкурэнт, бо авалодвае пэўным электаральным рэйтынгам. Вось і ўсё. Таму ўсё, што ён піша і прамаўляе – вершы, вобразы – варожыя дыктатару. Для нагляднасьці я працытую з кніжкі Някляева “Кон” чатыры радкі: “Дзякуй лідару нацыі за электрычнасьць і газ, і за стараннную працу – нацыі на ўнітаз”. Ну і якому дыктатару гэта спадабаецца?

– Станіслаў Ежы Лец гаварыў: “Трэба напладзіць столькі крамольных думак, каб на іх не хапіла цэнзараў і наглядчыкаў”. Кніг у нас усё ж больш, чым людзей. Ці хопіць наглядчыкаў, каб сачыць за ўсёй падазронай літаратурай?

– Практыка паказвае, што рашэньне аб канфіскацыі кніг прымаецца бяз цэнзараў ці наглядчыкаў. У Някляева граблі ўсё. Любая кніжка патэнцыйнага палітыка і куміра думак для ўлады ўжо варожая. Навошта ёй цэнзар? Навошта ўчытвацца ў тыя кнігі, шукаць крамольныя думкі? Забраць і сканфіскаваць усё і – душа спакойная. Увогуле, у бібліятэках павінна быць чыста. Вядома ж, цытатнікі Лукашэнкі там маглі б стаяць. Але і яны ляжаць у сэйфах пракуратуры.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG