Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы начальнік Натальлі Пяткевіч: Ніякая яна не "жалезная лэдзі"


Натальля Пяткевіч

Натальля Пяткевіч

Аляксандар Лукашэнка працягвае практыку перасоўваньня па гарызанталі сваіх падначаленых. Пасьля 8 месяцаў няпэўнасьці ў блізкае атачэньне Лукашэнкі вярнулася Натальля Пяткевіч. На пачатку году яе адхілілі ад пасады першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, яна заставалася на грамадзкай працы — старшынёй Беларускай фэдэрацыі горналыжнага спорту і сноўборду. Чаму пра адных чыноўнікаў Лукашэнка згадвае, а на іншых ставіць крыж?

Ад 1 верасьня колішні прэсавы сакратар Лукашэнкі, у нядаўнім мінулым адна з кіраўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч выконвае абавязкі памочніцы прэзыдэнта. Яна замяніла на гэтай пасадзе адпраўленага ў адстаўку 60-гадовага Ўладзімера Матвейчука, які дагэтуль чым толькі не кіраваў — і ідэалёгіяй на "Полацак-Шкловалакне", і Беларускім тэлебачаньнем, і нацыянальнай культурай. Цяпер парады Лукашэнку будзе даваць 39-гадовая Пяткевіч. Некаторыя аналітыкі адзін час спрабавалі называць яе "жалезнай лэдзі" беларускай палітыкі, але пацьвердзіць гэты тытул ва ўмовах адзінаўладзьдзя аказалася нерэальна.

У сярэдзіне 1990-х Натальля Пяткевіч працавала пад кіраўніцтвам Аляксандра Пласкавіцкага ў Дзяржаўна-прававым упраўленьні адміністрацыі прэзыдэнта. Чаму дарогі начальніка і падначаленай рэзка разышліся? І па якіх парамэтрах адны чыноўнікі раз за разам усплываюць, а іншыя ідуць на дно? Гаворыць Аляксандар Пласкавіцкі:

"Так, мы працавалі ў адным упраўленьні. Пасьля сыходу мне прапаноўвалі
Хто ламаецца — як Мальцаў, тая ж Пяткевіч — той вяртаецца ...

іншыя пасады, але я катэгарычна адмовіўся... А чаму адны зьнікаюць, а іншыя не — дык думаю, што проста людзі не аднолькавыя, таму так і адбываецца. Ламаць чалавека Лукашэнка ўмее вельмі добра. Хто ламаецца — як Мальцаў, тая ж Пяткевіч — той вяртаецца. Магчыма, будзе і падвышэньне, калі яна дакажа, што можа працаваць пакорліва і на больш высокай пасадзе. Ніякая яна не "жалезная лэдзі", у гэтым я магу запэўніць. Гэта традыцыйная беларуская пампэзнасьць — навешваць ярлыкі на тых, хто іх ня варты".

Карэспандэнт: "Той жа Сяргей Сідорскі, як вы лічыце, з гэтай кагорты? Будзе служыць, калі зноў паклічуць?".

я паважаю Сідорскага, ён ня з тых, хто будзе лізаць зад, таму, думаю, ён ня вернецца ...

"Ведаеце, я паважаю Сідорскага, гэта незвычайная зьява ва ўладзе наагул і ў беларускай уладзе — тым больш. Ды таго ж ён ня з тых, хто будзе лізаць зад, таму, думаю, ён ня вернецца. Але казаць, што ёсьць толькі дзьве катэгорыі чыноўнікаў, — гэта ня так. Прыкладам, Замяталін — зусім зь іншай катэгорыі, чым Мальцаў ці Пяткевіч. Гэта трэцяя наагул група таварышаў — плянктон дзяржаўны. Ці Зімоўскі — той самы Замяталін, розьніцы амаль ніякай. Магчыма, толькі больш таленавіты, бо як размаўляе Зімоўскі і як размаўляе Замяталін — вы ня горш за мяне ведаеце".

Нагадаем, што Аляксандра Зімоўскага, які паўтара дзясятка гадоў быў галоўным рупарам беларускай прапаганды, Лукашэнка на пачатку году звольніў з пасады кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Неўзабаве Зімоўскі зьехаў у Санкт-Пецярбург, адкуль празь сеціва дазваляе сабе нецэнзурныя выказваньні на адрас былога боса.

Колішні палкоўнік Замяталін перабег да Лукашэнкі са штабу ягонага канкурэнта на выбарах, тагачаснага прэм'ера Вячаслава Кебіча. Прайшоў усе ідэалягічныя прыступкі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, а ў першай палове 2000-х быў пераведзены ў кадравыя рэзэрвы. Пасьля некалькіх гадоў забыцьця быў прызначаны генэральным дырэктарам кінастудыі "Беларусьфільм". Сёлета звольнены за нездавальняючую працу айчыннай кінаіндустрыі.

Як кажа нараджэнка Беларусі, лідэр расейскай партыі "Дэмакратычны саюз" Валерыя Навадворская, цяперашняя кадравая палітыка ў Беларусі надзвычай падобная да таго, што адбываецца ў Расеі. Перадусім у той частцы, што на высокія пасады прызначаюцца не прафэсіяналы, а ляяльныя асобы, якія ніколі не адважацца адстойваць сваю пазыцыю:

Валерыя Навадворская

"Гэта натуральна: чалавек падбірае сабе банду, і ўсё робіцца паводле крымінальнага прынцыпу. Паколькі да абраньня на прэзыдэнцкую пасаду Лукашэнка, відавочна, быў у своеасаблівай "маліне" кіраўнікоў калгасаў, гэтак жа як Пуцін быў у чэкісцкай "маліне", то гэтую "маліну" ён і цягне за сабой, каб мець яе пад рукой. Бо "маліне" ён давярае, у іх ёсьць пэўныя правілы паводзінаў, і ён лічыць, што гэтыя — не падвядуць. Як Лукашэнка, так і Пуцін (бо Мядзьведзеў тут увогуле ні пры чым). З інтэлігентнымі, разумнымі людзьмі яны размаўляць развучыліся. І нават ня хочуць вучыцца. Яны ніколі ня будуць запрашаць людзей зь незалежнай мадэльлю паводзінаў і з узроўнем разьвіцьця вышэйшым, чым у іх саміх. Яны іх проста баяцца, яны іх топяць, як вось у Расеі патапілі Хадаркоўскага".

Аляксандар Лукашэнка ўвёў практыку прызначаць на ключавыя пасады ня новых асобаў, а чыноўнікаў, якія былі задзейнічаныя ў іншых галінах. Так, у сілавых ведамствах, судах, пракуратуры апошнія гады круцяцца адны і тыя ж асобы — Віктар Шэйман, Рыгор Васілевіч, Юрый Жадобін, Леанід Мальцаў ды іншыя, якія па чарзе зьмяняюць адзін аднаго ў крэслах генпракурора ці кіраўніка Рады бясьпекі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG