Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Кіркевіч: перш на бульбу да маці


Алесь Кіркевіч вярнуўся ў Горадню
Алесь Кіркевіч вярнуўся ў Горадню
Сёньня на аўтавакзале ў Горадні палітвязьня Алеся Кіркевіча сустракалі сябры, прыхільнікі, журналісты. Ён прыехаў маршруткай зь Менску разам з жонкай Надзеяй. Учора яго выпусьцілі з Наваполацкай калёніі як памілаванага. Алесь быў пакараны зьняволеньнем на чатыры гады за знаходжаньне на Плошчы ў Менску 19 сьнежня 2010 году.

Алесь Кіркевіч прызнаўся, што не чакаў вызваленьня ўчора, пісаў у гэты дзень лісты, якія прывёз з сабой у Горадню, каб аддаць адрасатам уласнаручна. Сукамэрнікі былі рады ягонаму вызваленьню і далі яму, "скажам так, "разьвітальнага высьпятка", каб не вяртаўся, прызнаўся Алесь Кіркевіч. Ён патлумачыў, чаму напісаў прашэньне аб памілаваньні.

"Адчуваю сябе нармальна, шкада, што не засьпеў апошняга дня лета, але, тым ня менш, у мяне працягваецца мой мядовы месяц, які я збольшага правёў у СІЗА КДБ у студзені. Таму я чакаю шмат прыемных уражаньняў, хачу бачыць сяброў, блізкіх мне людзей па духу, па той справе, якую мы рабілі. Гэта заўжды радасьць, яна можа быць творчай, бо зона — гэта вялікі застой для чалавека, які нешта робіць. Бо рабіць паддоны з заробкам пяць тысяч рублёў за месяц — гэта ня вельмі добрая пэрспэктыва", сказаў Алесь. Ён сабраўся сёньня перш на бульбу да маці, астатні час правядзе з жонкай.

"Экс-кандыдатаў і Дашкевіча вызваляць апошнімі"


Актывіст "Маладога фронту" Алесь Кіркевіч адказаў на пытаньні "Свабоды" адносна будучага вызваленьня яшчэ адной партыі палітвязьняў.

"У мяне таксама няма дакладнай інфармацыі адносна таго, каго яшчэ вызваляць неўзабаве. Мяркую, аднак, што гэта ня будуць такія асобы, як экс-кандыдаты ці той жа Дашкевіч — гэтых вызваляць апошнімі".

Алесю Кіркевічу давялося сядзець у Наваполацкай калёніі, дзе таксама трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і актывіста руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда. З Саньнікавым Кіркевіч кантактаваў некалькі разоў, а апошні раз бачыўся ўсяго некалькі дзён таму. Ведае Алесь і пра Мікіту Ліхавіда.

"Абодва мужнасьці і прысутнасьці духу ня трацяць, стаяць на сваім, і гэта вельмі добра. Прычым яны знаходзяць магчымасьць падтрымаць адзін аднаго, трымаюцца салідарна, разам. Гэта выклікае вялікую павагу".

Вядома, што Андрэй Саньнікаў мае праблемы са здароўем, гэтаксама як і Мікіта Ліхавід, якому толькі 21 год. Кажуць, што гэта з-за дрэннай экалёгіі ў калёніі. А як Алесь Кіркевіч ацэньвае экалягічную сытуацыю ў Наваполацкай калёніі?

"Канечне, месцазнаходжаньне калёніі кажа само за сабе. Яна паміж "Нафтанам" і "Палімірам", да таго ж фактычна на балоце. Будавалася яна ў 1960 годзе як часовая, барак пабудавалі, але няма нічога больш сталага, чым часовае. Экалёгія там сапраўды дрэнна ўплывае на людзей. Што да стаўленьня адміністрацыі? Не магу параўноўваць зь іншымі калёніямі, бо не сядзеў у іншых, але, па водгуках, Наваполацкая — адна з найбольш "чырвоных", дзе ўлада адміністрацыі вельмі жорсткая, без паблажак. Але пры гэтым адзначу, што да мяне стаўленьне было падкрэсьлена карэктным. Адмысловага ціску не было, ставіліся як і да астатніх вязьняў".

Паводле Алеся Кіркевіча, сярод вязьняў дзейная ўлада не карыстаецца папулярнасьцю, прычым ня толькі таму, што асуджаны чалавек звычайна вінаваціць у сваіх бедах уладу. Кіркевіч кажа, што ў калёніі шмат людзей чытаюць апазыцыйную прэсу і нават знаходзяць магчымасьць слухаць незалежнае радыё, у тым ліку Радыё Свабода.

Актывіст "Маладога фронту" Алесь Кіркевіч сказаў, што будзе і далей займацца палітычнай барацьбой: "Некаторыя тактычныя моманты я перагледзеў, але стратэгія будзе ранейшай — змаганьне за дэмакратычную Беларусь".




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG