Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Алеся Бяляцкага перадаў ва Ўпраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па Менску і Менскай вобласьці 816 хадайніцтваў аб зьмене меры стрыманьня свайму падабароннаму. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Уладзімер Лабковіч.

Паводле яго слоў, гэта першая падача хадайніцтваў, сабраных цэнтралізавана. "Акрамя гэтага, як нам вядома, каля ста хадайніцтваў за вызваленьне Бяляцкага былі пададзеныя грамадзянамі індывідуальна", – сказаў Лабковіч.

Ён адзначыў, што сярод пададзеных сёньня хадайніцтваў вельмі шмат ад вядомых і аўтарытэтных людзей. "Гэта хадайніцтвы, падпісаныя чэскімі дысыдэнтамі, рэдактарамі недзяржаўных газэт Беларусі, лідэрамі вядомых грамадзкіх аб'яднаньняў – такіх, як Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі Хэльсынскі камітэт, рух "За свабоду", лідэрамі палітычных партый, грамадзкімі актывістамі. Можна сказаць, што хадайніцтва за вызваленьне Бяляцкага падпісалі амаль усе вядомыя ў Беларусі людзі", – заявіў Лабковіч.

Паводле яго слоў, калегі Бяляцкага рэгулярна атрымліваюць ад яго лісты са сьледчага ізалятару №1 у Менску. "Бяляцкі трымаецца бадзёра, ён моцны і фізычна, і маральна", – адзначыў Лабковіч.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску ўвечары 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненьні да затрыманага абралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. 12 жніўня праваабаронцу выставілі абвінавачаньне па частцы 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры) і працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на два месяцы.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Вызваленьня праваабаронцы запатрабавалі кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і іншых дзяржаў, праваабарончыя структуры, вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG