Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскуп Ганчарэнка начальніку калёніі: вярніце Дашкевічу Біблію


Біскуп хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі, пастар царквы "Новае жыцьцё" Вячаслаў Ганчарэнка зьвярнуўся да начальніка горацкай калёніі № 9, дзе адбывае пакараньне лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч, з просьбай вярнуць палітвязьню Біблію.

"На прэс-канфэрэнцыі 30 жніўня, якая праводзілася праваабаронцамі пры ўдзеле нявесты Зьмітра Насты Палажанкі, была інфармацыя, атрыманая напярэдадні адвакатам зьняволенага пасьля асабістай сустрэчы зь ім. У прыватнасьці, там гаварылася, што Зьміцер утрымліваецца ў неналежных умовах, пры нізкай тэмпэратуры паветра ў памяшканьні, з-за чаго ён вымушаны ўвесь час рабіць фізычныя практыкаваньні, каб сагрэцца. Таксама высьветлілася, што Зьміцер рэгулярна мае спагнаньні і ўтрымліваецца ў памяшканьні камэрнага тыпу як небясьпечны злачынца, а таксама трывае зьдзекі з боку некаторых супрацоўнікаў турмы. Але больш за ўсё хачу адзначыць, што ён пазбаўлены права карыстацца Бібліяй", — піша Ганчарэнка.

"Я ведаю Зьмітра як верніка. Ён неаднаразова наведваў нашу царкву, зьяўляецца пастаянным членам адной з пратэстанцкіх цэркваў Менску. Для яго, як і для ўсіх вернікаў, Біблія вельмі важная. Вялікая просьба — вярнуць яму права карыстацца Бібліяй, а таксама выказваць яму спагаду і літасьць", — зьвяртаецца Ганчарэнка да начальніка калёніі.

"Чалавек ёсьць вобраз і падабенства Божае, а гэта значыць, што Бог чакае ад нас трапяткога і паважлівага стаўленьня адзін да аднаго", — адзначыў Ганчарэнка.

Зьміцер Дашкевіч разам з актывістам "Маладога фронту" Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Маладыя людзі былі прызнаныя вінаватымі ў зьбіцьці двух менчукоў. 24 сакавіка суд асудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Іх затрыманьне прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвэнтыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў.

За час знаходжаньня Дашкевіча ў калёніі яго восем разоў зьмяшчалі ў карцэр, адвакатка змагла сустрэцца зь ім зь пятай спробы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG