Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Колішняга канцлера Паўля фон Гіндэнбурга ня вельмі шануюць у Нямеччыне – ён у 1933 годзе перадаў вярхоўную ўладу ў краіне Гітлеру. Той факт, што апошні стаў канцлерам абсалютна законным шляхам, перамогшы на ўсенародных выбарах, чамусьці не бярэцца пад увагу.

Мае ці ня мае Гіндэнбург заслугі перад фатэрляндам, і якую памяць ён там заслужыў, – хай вырашаюць нямецкія гісторыкі. Мне ж хочацца сказаць пра заслугі канцлера перад Беларусьсю. Дакладней – перад беларускай школай.

Для гэтага трэба зазірнуць у 1915 год, калі Беларусь чарговым разам апынулася ў эпіцэнтры новай вайны – Першай сусьветнай. Немцы прагналі з нашай зямлі расейцаў і амаль тры гады спрабавалі навесьці тут свой парадак. Сёньня гэта падаецца дастаткова дзіўным, але галоўны камандзер Усходняга фронту генэрал-фэльдмаршал Гіндэнбург зрабіў тады беларусам нечаканы калядны падарунак. 22 сьнежня 1915 году ён выдаў адмысловы загад аб адраджэньні на акупаванай тэрыторыі школьнай справы. Афіцыйнай мовай у адноўленых школах мусіла быць мова беларуская. Яна ёю і стала – спачатку ў школах Вільні, потым у генэральнай акрузе “Беласток-Горадня”, потым у зоне Обэр Ост (віленска-гарадзенскі рэгіён). Пры нямецкай фінансавай падтрымцы цягам 1916-1918 гадоў колькасьць беларускіх казённых школаў дасягнула 168-мі.

А школьнікі ўсё роўна ведаюць пра нацыянальныя сымбалі-сьвятыні.
Адкуль? З інтэрнэту? Ад бацькоў? Ад настаўнікаў?

Упершыню пасьля зьнікненьня з эўрапейскай мапы Вялікага Княства Літоўскага беларуская мова зноў вярнула сабе статус афіцыйнай. Беларускі лемантар на законных падставах лёг на школьную парту.
Дык ці варты генэрал-фэльдмаршал Гіндэнбург нашай удзячнай памяці? Безумоўна, варты. Праўда, бюсьцік яго ў фае Міністэрства адукацыі беларуская ўлада наўрад ці паставіць. А вось скандальна пахваліць таго, каго ён у 1933 годзе прызначыў рэйхс-канцлерам, яна можа…
Беларуская казённая школа пры Гіндэнбургу была адчыненая і ў вёсцы Грабёнка Ігуменскага павету (цяпер Чэрвеньскі раён). У 1918-м, калі ўжо дзейнічала Рада БНР. І таму, калі ў жніўні прыйшло запрашэньне з той самай Грабёнкі выступіць 1 верасьня (у Дзень ведаў) у мясцовай школе, я лішне не раздумваў.

Невялічкую пісьменьніцкую брыгаду зь Менску сустрэў дырэктар школы Мікалай Барбук і хуценька, наколькі дазваляў час, расказаў пра школьную гаспадарку. Школа мае сваю ўласную сыстэму цеплазабесьпячэньня, свой аўтобус, свой дагледжаны сад.

Паэт Васіль Жуковіч, дырэктар школы Мікалай Барбук і салістка Белдзяржфілярмоніі Тацяна Матафонава.

Дапамагаюць і спонсары – у адной з клясаў нам паказалі цэлую сьцірту пакоўных скрынак – падарункі школьнікам да 1 верасьня. У дырэктарскім кабінэце стаяў новы музычны цэнтар – дар другіх спонсараў, якіх умее знаходзіць энэргічны Мікалай Андрэевіч.
Слухаючы яго натуральную беларускую гамонку, я раптам зачапіўся вокам за драўляную шыльду на дзьвярах кабінэту беларускай мовы і літаратуры. На ёй невядомым школьным умельцам-каліграфам былі выпаленыя словы Ларысы Геніюш:

Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць.
Як жыць – дык жыць для Беларусі,
А без яе – зусім ня жыць!




Прыгадаўшы, які вэрхал учынілі ўлады на 100-годзьдзі паэткі летась у Зэльве, я міжволі пакасіўся на прысутнага тут жа супрацоўніка Чэрвеньскага райана. Той і вухам не павёў. Як быццам творы Ларысы Геніюш не выкідаліся са школьнай праграмы яшчэ ў 1998 годзе.
Стоячы перад тою шыльдай у раптоўна параднелай для мяне Грабёнкаўскай школе, я ўспомніў, як летась мы з Касяй Камоцкай выступалі ў дзіцячым лягеры “Зубраня” на Нарачы. “Аўдыторыя будзе няпростай – школьныя лідары з усёй Беларусі”, – папярэдзіла нас выхавацелька. Як жа мы зьдзівіліся, калі, слухаючы Касіну песьню “Мая краіна пад белам сьцягам, пад белым сьцягам з чырвонай стужкай…”, тыя школьныя лідары ўсталі, як пад гімн. Усе 500 чалавек! А потым – зладзілі авацыю.

Чаму ў 300-тысячнай Горадні не засталося ня тое што ніводнай беларускамоўнай школы, – ніводнае клясы?

Тройчы Мінадукацыі скарачала і ператрасала школьныя праграмы па беларускай літаратуры, выкідаючы адтуль пісьменьнікаў-“нацыяналістаў” і жывасілам упіхваючы туды графаманаў з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў. А школьнікі ўсё роўна ведаюць сапраўдных клясыкаў і вучаць іх бліскавічныя радкі на памяць.
Шаснаццаць гадоў ужо мінула з тае пары, калі бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” былі зьнятыя з дзяржаўных флягштокаў і фасадаў. А школьнікі ўсё роўна ведаюць пра нацыянальныя сымбалі-сьвятыні.
Адкуль? З інтэрнэту? Ад бацькоў? Ад настаўнікаў?

Чаму ж тады сярод дзьвюх тысячаў настаўнікаў, якіх нядаўна ў Палацы рэспублікі паабяцаў “встряхнуть” кіраўнік краіны, не знайшлося ніводнага, хто б выступіў супраць гвалтоўнай русіфікацыі ў нашых школах?

Чаму ніхто так і не адважыўся растлумачыць высокім чыноўнікам, што 1 гадзіна на беларускую літаратуру ў старэйшых клясах – гэта злачынна мала? (На замежную мову знайшлося 3 гадзіны.)

Чаму ў 300-тысячнай Горадні не засталося ня тое што ніводнай беларускамоўнай школы, – ніводнае клясы?

Чамукаць можна доўга, а дашуквацца адказаў яшчэ даўжэй.

Аднойчы ў студыі Радыё Свабода я спытаўся ў народнага пісьменьніка і мудрага чалавека Янкі Брыля: “Сёньня быць беларусам не забаронена. Ці дастаткова гэтага для разьвіцьця і ўмацаваньня нацыі?”. І Брыль адказаў: “На вялікі жаль, не. А вось калі б беларусу загадалі быць беларусам – атрымаўся б выдатны беларус!”.

Дык, атрымліваецца, загад нам патрэбен? Каб прыйшоў новы Гіндэнбург і загадаў?..

З Грабёнкі 1 верасьня мы вярталіся з поўным багажнікам. Бульба, капуста, морква – гэткі “ганарар” выдала школа пісьменьнікам. Хлеб надзённы – за хлеб духоўны. Такі вось натуральны абмен у эпоху зацяжнога эканамічнага крызісу.

Усе 112 вучняў Грабёнкаўскай школы прысутнічалі на літаратурнай сустрэчы

Гуманітарная дапамога да 1 верасьня.

Грабёнкаўская школа мае чым пагрэцца ўзімку.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG