Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра тое, што да канца месяца Аляксандар Лукашэнка вызваліць усіх палітвязьняў, выглядае даволі падобнай на праўду. Яна прынамсі добра ўкладаецца ў рэчышча папярэдніх шматлікіх намёкаў на тое, што няма чаго ім «паганіць нашы турмы», вызваленьня тых, хто напісаў просьбы аб памілаваньні, і спыненьня справаў супраць тых, каго яшчэ не асудзілі.

Адкінуўшы ў бок гуманітарныя, прававыя і іншыя меркаваньні (якімі айчынная ўлада сябе ніколі і не абцяжарвала), а ўзяўшы толькі палітычныя чыньнікі, можна спрачацца, якім быў балянс плюсаў і мінусаў для ўлады ад наяўнасьці палітвязьняў, скажам, у студзені ці нават ў траўні.

Але ўжо недзе летам гэты балянс стаў відавочна адмоўным. Прычым відавочна гэта стала для ўсіх. Крызіс не сьціхае, Расея, як Бэндэр ад Балаганава, за кожны скормлены вітамін патрабуе масу паслугаў, і не сказаць, каб дробных, усе задушэўныя сябры, нават тыя, каго ня ськінулі, неяк не сьпяшаюцца даваць столькі, колькі трэба. Застаецца Захад і кантраляваныя ім міжнародныя фінансавыя структуры. А ў іх умова – без палітвязьняў. Умова, дарэчы, стандартная, яна была такой і ў жніўні 2008 году, калі нават адмовы ад прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі (а тады гэта дарагога каштавала) было ўсё ж недастаткова для нармалізацыі адносінаў, спатрэбілася тое, што патрабуецца і зараз – вызваленьне палітвязьняў.

Да таго ж, як і ў сытуацыі з Казуліным, ніадкуль не вынікае, што лідэры, якія выйдуць з-за кратаў, стануць беларускімі Гаўламі, Мандэламі ці Валенсамі.

І насамрэч нічога такога звыш. І ізноў надышоў момант заплаціць гэтую цану. Тым больш, што за гэты час ня толькі павялічыліся мінусы, але ў пэўным сэнсе зьменшыліся і плюсы ад наяўнасьці палітзьняволеных. Калі хацелася паказаць, што за палітычную барацьбу ў Беларусі трэба дорага плаціць – дык ужо паказалі, 8 месяцаў за кратамі – гэта таксама выпрабаваньне, якога нікому не пажадаеш. Да таго ж, як і ў сытуацыі з Казуліным, ніадкуль не вынікае, што лідэры, якія выйдуць з-за кратаў, стануць беларускімі Гаўламі, Мандэламі ці Валенсамі. Някляеў вось выйшаў і... Па-рознаму можа скласьціся, але не вынікае як мінімум.

Трэба быць рэалістамі і ўсьведамляць, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў разам будзе саступкай Захаду і ўскосна – сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, але зусім не апазыцыі ці грамадзянскай супольнасьці. Не, палітыкі могуць казаць іншае, ў іх праца такая, ды і наагул прыемна сябе цешыць уяўленьнем, што Лукашэнку да чагосьці прымусілі беларусы.

Але, на жаль, апошнім рэальным вымярэньнем палітычнай моцы альтэрнатывы як былі, так і застаюцца 7.5 хвілінаў начы 19 сьнежня. І тыя, што 18 сьнежня ўпэўнена казалі, што наступны дзень стане днём вызваленьня, мякка кажучы, вельмі моцна памыліліся. І з чаго вынікае, што іх цяперашнія прагнозы будуць дакладнымі?

А пакуль гулец – Захад, і яму вырашаць і ўзважваць

Зразумела, сытуацыя зьмянілася, ўзьнік такі фактар, як крызіс. Ён працягваецца, наперадзе – як мінімум яшчэ адна дэвальвацыя і шмат іншых прыемнасьцяў народу ад улады. Як доўга народ будзе гэта цярпець, ці ня выплюхнецца незадаволенасьць на вуліцы – гэта невядома. Не, палітыкам дык пэўна вядома – вось вось. І ўжо 17 гадоў. Зараз, праўда, такія прагнозы-чаканьні-мэты зусім не беспадстаўныя, але гэта ўсё ж невядомасьць, пытальнік, а не дакладны прагноз.

А пакуль гулец – Захад, і яму вырашаць і ўзважваць. Ён можа палічыць, што вызваленьне палітвязьняў, якога ён жорстка дамагаўся – гэта ня проста дэманстрацыя слабасьці, а пачатак канца, што новая хваля крызісу нарэшце выведзе беларусаў на вуліцы, і на Лукашэнку трэба ціснуць далей і мацней. Гэта магчымая пазыцыя, балазе значная частка апазыцыі будзе сьхіляць Захад да такога выбару. І ў гэтым – пэўная рызыка Лукашэнкі: вязьняў вызваліў, твар, як ні кажы, ў пэўнай ступені згубіў, а ў выніку атрымаў не чаканыя грошы, а ўзмацненьне ціску.

Але можа быць і іншая лёгіка. Зараз Захад атрымлівае відавочную перамогу, пасьля 19 сьнежня было сказана, што палітвязьні – гэта непрымальна (дарэчы, ні пра што іншае такога не гаварылася) і не прайшло і 9 месяцаў, як яны на волі. А скажы зараз, што Лукашэнка – гэта непрымальна, а ён вазьмі да ўтрымайся, паўтары 7.5 хвілін 19 сьнежня. І палітвязьняў ізноў будзе вельмі шмат.

І ня выключана, што Лукашэнка ўжо атрымаў нейкія абяцаньні ў адказ – наконт менавіта вяртаньня ў 18 сьнежня

Ёсьць пэўная аналёгія з лібійскай кампаніяй, у часе якой была надзвычай перабольшаная моц паўстанцаў. Ну ў той жа Лібіі Захад у выніку ўклаў больш рэсурсаў і ў рэшце дамогся свайго. Але гэта яго рэсурсы і адпаведна яго рашэньні. І наагул гэта аналёгія, а ня тоеснасьць – ніхто Беларусь бамбаваць ня будзе, да таго ж нікуды не падзенецца такі фактар, як Расея, якая асабліва ў год выбараў наўрад ці будзе мэлянхалічна назіраць, як яе саюзьніка вядуць шляхам Кадафі.

Іншымі словамі, ў Захаду ёсьць альтэрнатыва, якая палягае, фігуральна кажучы, ў вяртаньні ў 18 сьнежня. Ня ў сэнсе новых выбараў, а ў сэнсе ранейшай палітыкі.

Панікоўскі парушыў канвэнцыю, быў строга пакараны, ўсьвядоміў сваю памылку – ну і сытуацыя вяртаецца да палітыкі ўцягваньня, размываньня, балянсаваньня, палавіністай лібэралізацыі, іншымі словамі, ўсяго таго, што мы назіралі ў той ці іншай меры са жніўня 2008 па сьнежань 2010.

Ня выключана, што аналізаваць верагоднасьці, якое рашэньне прыме Захад, ужо наагул запозна. З паведамленьня Ройтерз вынікае, што абяцаньню вызваліць палітвязьняў папярэднічалі нейкія перамовы. І ня выключана, што Лукашэнка ўжо атрымаў нейкія абяцаньні ў адказ – наконт менавіта вяртаньня ў 18 сьнежня.

. Не Захад спарадзіў маніфэстантаў плошчы Тахрыр і лібійскіх ці сірыйскіх паўстанцаў, ён адно праводзіў палітыку, зыходзячы зь іх наяўнасьці

І ў гэтым сэнсе яго прапанова наконт «круглага стала» выглядае, як частка гэтай стратэгіі вяртаньня. І яна нечаканым чынам можа стаць даволі важнай. Стол насамрэч – гэта таксама поле палітычнага бою, які можна выйграць ці прайграць гэтак жа, як і вулічную баталію. І ня сесьці за яго пасьля вызваленьня палітвязьняў будзе ўжо немагчыма.

Не, калі ёсьць іншыя падыходы і погляды, то ніякі Захад ня будзе і ня ў стане перашкаджаць іх рэалізацыі. Не Захад спарадзіў маніфэстантаў плошчы Тахрыр і лібійскіх ці сірыйскіх паўстанцаў, ён адно праводзіў палітыку, зыходзячы зь іх наяўнасьці. Калі б іх не было і калі іх не было, і палітыка была зусім іншай, нягледзячы на тое, што і Кадафі, і Мубарак, і іншыя прыгажуны такога ж кшталту былі менавіта такога кшталту і раней і гэта насамрэч ні для каго не было сакрэтам. Нямецкі часопіс Шпігель, дарэчы, нядаўна зрабіў выдатную фотападборку пра стасункі лідэраў дэмакратычнага сьвету з асобай, якую зараз судзяць у Каіры.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG