Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

КАРОТКІЯ ДАЖДЖЫ, МЕСЦАМІ З НАВАЛЬНІЦАМІ...


Уначы 6 – 11 °С, удзень ад 16 °С на поўначы да 22°С на поўдні.


НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэзэнтацыя апошніх выданьняў польскага паэта, эсэіста, перакладніка, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Чэслава Мілаша (Менск, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа Акадэміі навук Беларусі, вул. Сурганава, 15, 15.00).

У Менску працягваецца фэстываль польскіх спэктакляў і анімацыйнага кіно для дарослых “Лялька таксама чалавек” – у рамках культурнай праграмы, прысьвечанай старшынёўству Польшчы ў Эўразьвязе (Менск, Беларускі дзяржаўны тэатар лялек, вул. Энгельса, 20).

Канцэрт удзельніка культавага брытанскага гурту Depeche Mode Эндзі Флэтчэра (Менск, выстаўны цэнтар “Белэкспа”, вул. Купалы, 27, 20.00).

Кваліфікацыйны матч футбольнага чэмпіянату Эўропы 2012 году паміж зборнымі Беларусі і Босьніі і Герцагавіны (Менск, стадыён “Дынама”,
20.30).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Душанбэ адбудзецца чатырохбаковая сустрэча прэзыдэнтаў Таджыкістану, Расеі, Аўганістану і Пакістану.

У польскім Сопаце пачнецца нефармальная сустрэча міністраў замежных справаў Эўразьвязу.

У Страсбуры пройдзе адкрыцьцё штогадовага Эўрапейскага кірмашу (будзе доўжыцца да 12 верасьня).

У Кіеве адбудзецца адкрыцьцё музэю гісторыі Кіева-Пячэрскай ляўры.

У Бэрліне распачнецца фэстываль клясычнай музыкі Musikfest Berlin (працягнецца да 21 верасьня).

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1814 памёр Жан Эмануэль Жылібэр – францускі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Гарадзенскай мэдычнай акадэміі, гарадзенскіх акушэрскай і вэтэрынарнай школаў, клінічнага шпіталю і батанічнага саду.

У 1945-м быў падпісаны акт аб поўнай капітуляцыі Японіі, які закончыў II сусьветную вайну.

У 1945-м кіраўнік віетнамскіх камуністаў Хо Шы Мін абвясьціў незалежнасьць Віетнаму.

У 1955-м нарадзіўся Яўген Мірановіч, беларускі гісторык зь Беласточчыны.

У 1973-м памёр брытанскі пісьменьнік Джон Роналд Руэл Толкін (нар. 1892), аўтар сусьветна вядомага трохтомнага раману “Валадар пярсьцёнкаў” (1954 – 1955).

У 1998-м памёр Ян Матусевіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар (нар. 1948).

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?”

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Несвабодны той, хто ня можа расстацца з скарбам у разе патрэбы” – Джон Роналд Руэл Толкін.
XS
SM
MD
LG