Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Савету пры прэзыдэнту Расеі абвешчаны ў Беларусі пэрсонай нон-грата


Юры Джыбладзэ
Юры Джыбладзэ
Пра гэта сёньня паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». А размова ідзе пра Юрыя Джыбладзэ. Ён сябра Савету пры прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правох чалавека, прэзыдэнт Цэнтру разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека.

Беларускія памежнікі паведамілі, што яму «забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь». Пры гэтым яны не паказалі ніякіх пісьмовых пастановаў, не зрабілі адзнак у пашпарце.

Гэты інцыдэнт здарыўся на пункце памежнага пропуску «Гудагай» на беларуска-літоўскай мяжы. Праваабаронца ехаў цягніком у Вільню на каардынацыйную сустрэчу прадстаўнікоў Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Памежнікі абвясьцілі, што Джыбладзэ ўключаны ў «чорны сьпіс», але адмовіліся паведаміць яму, калі было прынятае рашэньне забараніць яму ўезд і на які тэрмін.

Раней, 4 траўня 2011 году, Юрыя Джыбладзэ затрымлівалі ў Менску супрацоўнікі праваахоўных органаў. Ён меўся выступаць на прэсавай канфэрэнцыі ў праваабарончым цэнтры «Вясна» з прэзэнтацыяй дакладу Камітэту міжнароднага кантролю з прававым аналізам падзеяў 19 сьнежня. Тады, пратрымаўшы нейкі час у аддзяленьні міліцыі, расейскага праваабаронцу адпусьцілі, хоць некалькі затрыманых разам зь ім калегаў з Расеі і Ўкраіны атрымалі апавяшчэньне пра неабходнасьць пакінуць краіну на працягу 24 гадзін і забарону на ўезд у Беларусь на два гады.

З пачатку 2011 году Савет пры прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека неаднаразова выказваў сваю занепакоенасьць з нагоды сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На пачатку жніўня старшыня Савету Міхаіл Фядотаў заявіў, што праблема існаваньня ў Беларусі «чорных сьпісаў», у якія трапляюць расейскія праваабаронцы, будзе адной з прыярытэтных тэмаў працы сумеснай кантактнай групы па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Расеі і Беларусі. У склад гэтай групы ўваходзіць і Юрый Джыбладзэ.

Пачынаючы з сакавіка 2011 году, яшчэ 10 чалавек — грамадзян Расеі і Ўкраіны, якія ўдзельнічаюць у працы Камітэту, у тым ліку кіраўніка яго Міжнароднай назіральнай місіі, дырэктара па разьвіцьці Маскоўскай Хэльсынскай групы Андрэя Юрава, дэпартавалі зь Беларусі альбо не дапусьцілі ў яе. Амаль усе запыты з гэтай нагоды ў МЗС Беларусі засталіся без адказу.

Вярнуўшыся ў Маскву, Юрый Джыбладзэ заявіў, што будзе рабіць афіцыйны запыт уладам Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем даць інфармацыю аб прычынах забароны на ўезд і абскарджаньнем гэтага рашэньня. Ён разьлічвае на адпаведную рэакцыю расейскага МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG