Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бойкі з расейцамі ў чэргах пакуль рэдкія, а вось сваркі — штодня


Нядаўна ў Мсьціславе на Магілёўшчыне спрэчка ў краме між жанчынамі з Расеі і Беларусі ў чарзе па малако перарасла у бойку. Падобныя сытуацыі здараюцца і ў іншых памежных з Расеяй рэгіёнах Беларусі, куды па танныя прадукты прыязджаюць тысячы расейцаў. Гэта стварае чэргі, дыфіцыт і напружанасьць у стасунках паміж мясцовымі жыхарамі і прыезджымі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Суседзі скупляюць усё. Вазкамі»

У багатым на гістарычныя помнікі Мсьціславе расейцаў цікавяць ня столькі мясцовыя архітэктурныя славутасьці, колькі прадукцыя мясцовых крамаў. Паводле жыхароў памежнага райцэнтру, суседзі скупляюць усё — ад харчоў да бытавой тэхнікі.

Жыхары Мсьціслава паведамляюць, што ў чэргах здараюцца і канфлікты. Даходзіць чассам да боек. Адна зь іх здарылася між жанчынамі — беларускай і расейкай. Гаворыць відавочца такога канфлікту:

«Гэтыя ж расейцы цяпер наяжджаюць і скупляюць усё. Вазкамі. Стаяла жанчына зь дзіцем. І ў яе былі толькі хлеб ды пакет малака. І яна папрасіла ў расейкі, каб тая прапусьціла яе без чаргі. У адказ прагучала, што «я жабракоў не прапускаю». Наша раззлавалася ды тую пакетам малака па галаве. Выклікалі міліцыю», — апавядае адна зь відавочцаў канфлікту.

У райвыканкаме таксама ўзгадалі: «Гэта ўжо, можа, месяц прайшоў. Калі яны, разумееце, бралі партыямі. Зайшла нейкая жанчына. „Вось там набіраюць, а нам стаяць у чарзе“. І менавіта тады гэты інцыдэнт здарыўся. Цяпер сытуацыя нармальная. Людзі прыяжджаюць і набываюць той мізэр, які ім трэба. Таму няма ў нас такога ажыятажу», — зазначыў супрацоўнік раённай «вэртыкалі».

У краме, дзе пабіліся жанчыны, кажуць наступнае: «Мы ж ня дзелім пакупнікоў на беларусаў і расейцаў. Яны ўсе прыходзяць зь беларускімі грашыма. Продаж зь лета высокі, і такі ён застаецца па сёньня».

Крамнікі і чыноўнікі сьцьвярджаюць, што перабояў з харчамі ў Мсьціславе няма. А вось што кажуць простыя жыхары райцэнтру:
Скупляюцца расейцамі каўбасы дарагія. Мы ж ня можам сябе іх дазволіць.

Спадар: «Перабоі ёсьць, але пакуль невялікія. Калі ўвечары зайшоў у краму, то прылаўкі пустыя. Раніцай папаўняецца. У нас каля крамаў натоўпы вялікія стаяць. Скупляюцца прадукты і тэлевізары, якія стаялі па два гады нікому не патрэбныя».

Спадарыня сталага веку: «Скупляюцца расейцамі каўбасы дарагія. Мы ж ня можам сябе іх дазволіць. Цяпер жа і заробкаў ужо не хапае, а што казаць пра пэнсію! Гэтыя пяцьсот тысяч нічога ня значаць».

Між тым, як сьцьвярджаюць мсьціслаўцы, на мяжы расейцам «валютчыкі» даюць за адзін іхны рубель трыста беларускіх. Афіцыйны ж курс у два разы меншы.

ВІЦЕБШЧЫНА


Да боек не даходзіла, але сваркі — штодня

«Наездам» пакупнікоў з суседніх расійскіх рэгіёнаў жыхары Віцебску даюць толькі адно тлумачэньне: рост курсу расейскага рубля на чорным рынку. У мянялаў адзін расейскі рубель каштуе 290 беларускіх, і на такім абмене дужа выйграюць тыя, хто прыяжджае з памежных Смаленшчыны ды Пскоўшчыны.

Грузавічок з расейскімі нумарамі ля віцебскай крамы.

Вялікай папулярнасьцю ў расейскіх пакупнікоў карыстаецца гандлёвы цэнтар пад ужо сымбалічнай назвай «Беларусь»: тут можна набыць харчовыя тавары самых розных беларускіх прадпрыемстваў.

Мясцовыя пакупнікі абураныя заўсёднымі чэргамі, высокімі коштамі і зьбяднелым асартымэнтам. Да боек на нацыянальнай глебе не даходзіла, але сваркі здараюцца практычна штодня.

Бабуля: «Я сама віцебская, 60 год маю, тут жыву з 20-ці…А тут жа ж адны расейцы!».

Спадарыня з чаргі: «А пры чым тут расейцы?».

Бабуля: «А хто нагнаў такія цэны? Як гэта пры чым?».

Спадарыня з чаргі: «Расейцы курс не ўсталёўваюць! Хто вінаваты, што ў вас курс такі?».

Другая спадарыня: «Расейцы прыяжджаюць, бо ім тут выгадна!».
Расейцы бяруць па 5 боханаў ды 50 пакетаў малака.

Бабуля: «Канешне, выгадна! Расейцы бяруць па 5 боханаў хлеба, па 50 пакетаў малака. Малака ды кефіру таму не заўжды сам возьмеш! Бо бяруць па 50 пакетаў у машыну! Я ж ведаю, я ж бачу!».

Пакупнікі з Расеі гатовыя набываць у «Беларусі» і сьвініну па 50 тысяч, на зайздрасьць бабулям-пэнсіянэркам, і цукар, і кілбасу, і малочныя прадукты, і кандытарскія вырабы мясцовай фабрыкі «Віцьба».

Спадарыня Ірына, прадпрымальніца з гандлёвага цэнтру «Эвіком», распавяла, што прыежджыя з Расеі раскупілі тут нават школьныя гарнітуры напярэдадні 1 верасьня:

«І ў «Амэзе» куплялі гарнітуры на хлопчыкаў, такія строгія — для школы, і на «Эвікоме». Пад’яжджае аўтобус з расейскімі нумарамі, і ўсе купляюць. Так што тым бацькам нашым, якія не пасьпелі набыць форму, гандлярка казала: «А дзе вы былі раней? Трэба было раней прыходзіць». Пра гэта тут, на «Эвікоме», адна жанчына скардзілася.

Прадпрымальніца штодня назірае за ажыятажам, якія супольна ствараюць расейскія і беларускія пакупнікі. Яна не выключае, што агульнае незадавальненьне можа перарасьці і ў больш сур’ёзныя канфлікты:

«Наша талерантнасьць ды цярплівасьць у такіх умовах доўга не пратрывае. Бо ёсьць сем’і, адсоткаў 30, дзе заробкаў хапае толькі на тое, каб паесьці. Таму могуць быць нейкія канфлікты ў крамах, на кірмашах, бо ў людзей ужо гістэрыя…».

Крыўдна толькі, кажа спадарыня Ірына, што абурэньне беларусаў скіраванае на такіх самых простых людзей. У Расеі тыя адчуваюць сябе таксама амаль жабракамі, і толькі ў Беларусі могуць набыць усяго шмат і танна.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Мяса расейцам па пашпарце й вышэйшым кошце!»

І ў будні, і ў выходныя дні ля гомельскіх крамаў і рынкаў бачна шмат аўтамашынаў з расейскімі нумарамі. Усходнія суседзі прыяжджаюць у Гомель, каб купіць тут найперш мясныя й малочныя прадукты, алей, цукар, гарэлку.

Прадукты з Гомелю на вясельле сына ў Расеі

Расеец пакуе мяса ў Гомелі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:14 0:00
Наўпроставы лінк


Ля гіпэрмаркету «Лінія» спадар Міхаіл з расейскага Навазыбкава выгружаў з крамнага вазка шмат розных прадуктаў да сябе ў аўтамабіль:

«У мяне сын жэніцца, дык прыехаў з Навазыбкава. Тут нашмат таньней і выгадней. І разнастайныя харчы ёсьць. Курэй узялі, каўбасы, фаршу. Нядорага».

Расеец кажа, што пакуль на яго ніхто ня лаяўся, не папракаў, што купляе прадукты ў вялікай колькасьці. Затое спадарыня Вольга, якая са сваякамі сёньня таксама прыехала з Бранскай вобласьці ў гіпэрмаркет, апавяла:

«Бывае, нармальна ставяцца, а бывае — не. Кажуць, мы да вас па мяса ня езьдзім, і вы ня едзьце. Так і кажуць!».

Гомельская кабета Валянціна недалюблівае расейцаў, якія затаварваюцца ў гомельскіх крамах:

«Вядома, кепска, што яны наяжджаюць — усё вывозяць. Цэны ж, пэўна, падымаюць з-за таго, што вываз вялікі. Малочныя, мясныя прадукты, піва, сокі — усё хапаюць. Яны мяняюць тут грошы — ім выгадна».

У адрозьненьне ад беларусаў, расейцы купляюць шмат, заўважае спадарыня Раіса:
Яны пастаянна тут у любую гадзіну дня. Набіраюць і вывозяць шмат. Усяго!

«Яны пастаянна тут у любую гадзіну дня. Набіраюць і вывозяць шмат. Усяго! Расейцаў відаць па тым, колькі й чаго бяруць. Гэтулькі бяруць нашы, калі таксама вывозяць, а для сябе па столькі не набіраюць. А расейцы шмат бяруць, шмат».

Пэнсіянэрка Тамара часьцяком бачыць расейцаў на Цэнтральным рынку:

«О, як яны любяць наша мяса! Як толькі субота й нядзеля, дык палавіна мяснога павільёну — расейцы».

Кабета лічыць, што «харчовым набегам» на беларускія крамы ўлады мусяць нейкай рады даваць:

«Ім трэба даражэй прадаваць, бо ў іх даходы большыя. Па пашпарце калі будуць даваць ім, то будзе ўсё нармальна. Альбо нам тое ж мяса па талёнах, як і было раней. Бо калі такое зьверства будзе, то бязь мяса застанемся. Парсюка трэба год расьціць, а вывезьці можна ўсё за адзін дзень».

Беларусам нават крыўдна, што ня могуць дазволіць сабе купіць тое, што хочуць, кажа спадарыня Галіна:

«Расея вывозіць усё. Можа, для нашай эканомікі гэта добра, а для нас — кепска. Крыўдна, вельмі крыўдна, бо мы ня можам за свой заробак купіць тое, што хочам».

Уладальнік сеткі прыватных крамаў на беларуска-расейскім памежжы, сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў у сваім камэнтары для «Свабоды» заявіў:

«Набліжэньне беларускіх цэнаў да расейскіх — гэта глябальны варыянт. Няхай нават нашы цэны былі б на 20% таньнейшыя — гэта нармальна, гэта сыстэмны падыход. А калі цэны ў Беларусі крануць у бок большага зьмяншэньня, то нэгатыўныя працэсы толькі ўзмоцняцца. Нікому ня хочацца, каб вярталася картачная сыстэма, якая б, напэўна, вырашыла цяперашнія праблемы. Калі ж сытуацыю не мяняць, то ў Беларусі будзе ўзмацняцца дэфіцыт тавараў».

Даведка «Свабоды»

25 жніўня на нарадзе пра актуальныя пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны Аляксандар Лукашэнка згадаў пра гэту праблему, але заявіў, што «вываз спажывецкіх тавараў пакрысе скарачаецца. Таму гаварыць пра тое, што прыйшлі і ўсё забралі, не даводзіцца. Мы знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы з Расейскай Фэдэрацыяй, дый украінская мяжа ў нас не на замку. У нас адкрытая эканоміка, закрыем мы — закрыюць заўтра яны. Таму гаварыць пра тое, што заўтра паўстане ланцугом міліцыя ці памежнікі з мытнікамі на мяжы і нікога ня пусьцяць — гэта поўная дурнота».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG