Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік камітэту ПА АБСЭ заклікае вызваліць Бяляцкага


Італьянскі парлямэнтар Матэа Мэкачы, які ачольвае камітэт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньнях, заклікаў беларускія ўлады неадкладна спыніць перасьлед беларускіх праваабаронцаў, уключаючы Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведамляецца ў распаўсюджаным сёньня спэцыяльным прэсавым рэлізе ПА АБСЭ.

«Гэта недапушчальна, што ў цэнтры Эўропы грамадзянскіх актывістаў, такіх, як прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі „Вясна“, працягваюць крымінальна перасьледаваць. Арышт спадара Бяляцкага неабгрунтаваны, і яго трэба неадкладна вызваліць», — заявіў Матэа Мэкачы.

Заява Мэкачы — яшчэ адзін акт міжнароднай падтрымкі беларускіх палітвязьняў. Дзейны старшыня АБСЭ і іншыя прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці раней ужо заклікалі беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных вязьняў. Яны таксама заклікалі ўлады ў Менску дазволіць прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцам і журналістам незалежных мэдыяў працаваць, не баючыся пакараньня і перасьледу.

У прэсавым рэлізе таксама згадваецца, што Крымінальны кодэкс Беларусі забараняе дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. А гэта з боку Беларусі — яшчэ адно парушэньне абавязаньняў АБСЭ ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў.
XS
SM
MD
LG