Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Батя бережно торгуется”


Аглядальнік інтэрнэт-рэсурсу "Грані.ру" Ільля Мільштэйн піша пра апошнюю прапанову Лукашэнкі адносна "круглага стала".

Дзіўная рэч. Лукашэнка, сардэчны гаспадар, запрасіў усіх беларусаў, незалежна ад палітычных перакананьняў, сесьці разам зь ім за "круглы стол" і пагаварыць пра будучыню, а яму адмовілі. І каб жа гаворка ішла толькі пра дысыдэнтаў: гэта вядома, што за народ, кожны другі калі ня польскі шпіён, то нямецкі. Але вось бяда: на Захадзе таксама не ацанілі гэтай велікадушнай прапановы, – піша Ільля Мільштэйн.

Там наагул зрабілі выгляд, што ў Беларусі нічога не адбываецца. Не пачулі перабудоўчых прамоваў бацькі-рэфарматара, які ўчора паўстаў перад сьветам перакананым рыначнікам, наўпрост заявіўшы, што курс беларускага рубля будуць вызначаць попыт і прапанова. Беспасярэдне на сэсіі валютна-фондавай біржы, як у Амэрыцы якой-небудзь, даруй, Госпадзе. І які хаця абменьнік любога банку абавязаны будзе прадаваць валюту грамадзянам – па ўсталяваным курсе.
Нейкія дзіўныя навіны прыходзяць зь Менску ...

Гэта значыць, вядома, ён ня быў бы сабою, калі б тут жа не абвясьціў, што менскі Дзяржкантроль абавязаны паставіць цьвёрдую заслону тым бунтаўнікам, якія паспрабуюць штучна нагнятаць сытуацыю (асабліва гэта тычыцца журналістаў). І паабяцаў суровыя кары міністрам і банкірам у тым выпадку, калі тыя "не стабілізуюць сытуацыі". Але ўсё ж нейкія дзіўныя навіны прыходзяць зь Менску: "зайчык" адпраўляецца ў вольнае плаваньне, а любы беларус, хоць бы ён кагадзе выйшаў з турмы, можа хоць заўтра прыладкавацца да круглага стала, каля бацькі.

Не, не ацанілі.

Прадстаўнік Эўракамісіі Джон Клэнсі сказаў, што ў Беларусі павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя вязьні. Міністры замежных спраў краінаў Скандынавіі і Балтыі заклікалі да неадкладнага вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі. Прэс-сакратар польскага МЗС адзначыў, што асноўнай умовай аднаўленьня дыялёгу зь Беларусьсю зьяўляецца вызваленьне і поўная рэабілітацыя ўсіх зьняволеных і рэпрэсаваных.

Як згаварыліся.

Горш за тое. Па старой добрай традыцыі Лукашэнка ня толькі выпусьціў на волю некаторых палітвязьняў, але пагражае і амаль усіх іншых адпусьціць. Ня рэабілітуючы, вядома, але патрабаваць такога ад бацькі – верх непрыстойнасьці. У рамках той самай традыцыі ён імітуе збліжэньне з Расеяй – і чаго добрага прадасьць ёй самыя дарагія пэрліны са сваёй калекцыі эканамічных цудаў, ня кажучы пра БелАЗ, гэты знакаміты музэй трактарабудаваньня... Не, не кранула. Выпускай, кажуць, усіх, каго загналі ў лягеры твае чэкісты і судзьдзі, інакш гаворкі ня будзе.

Відаць, на Захадзе зразумелі нарэшце адну простую рэч.
Бацька з Захадам хоча гандлявацца па схеме, напрацаванай яшчэ ў ГДР

Бацька не баіцца Эўропы. Бацька з Захадам хоча гандлявацца па схеме, напрацаванай яшчэ ў ГДР, хоць у Дрэздэне не служыў: вы нам грошы – мы вам дысыдэнтаў. Але спачатку грошы. А то, маўляў, усіх перасаджаю і пайду сябраваць з Пуціным. Раней гэта быў сур'ёзны аргумэнт нават у дыскусіях з Амэрыкай. Аднак зь нядаўняга часу гэтая ўнівэрсальная адмычка да сэрцаў і сэйфаў заходніх партнэраў перастала дзеяць.

Бацька баіцца Расеі, і тут той рэдкі выпадак, калі яго ўслаўленая параноя цалкам суадносіцца з рэальнасьцю. Там, у Маскве, калі Лукашэнка занадта шмат сабе надазваляе, могуць нават зьняць фільм пра яго таталітарны рэжым. Але па сутнасьці разборкі Лукашэнкі з апазыцыяй мала каго хвалююць у Крамлі. Урэшце расейская практыка адрозьніваецца ад беларускай хіба што статыстычна. А вось прыбраць да рук былую савецкую рэспубліку, кампэнсуючы галоўную геапалітычную катастрофу ХХ стагодзьдзя, расейскія сябры і саюзьнікі зусім ня супраць. І яны ня ставяць умоваў. Яны цярпліва чакаюць, калі порсткі сусед канчаткова загубіць сваю эканоміку, і натоўпы былых прыхільнікаў бацькі запоўняць гарадзкія плошчы, і ён сам рынецца ў Маскву прасіць дапамогі і літасьці.

Больш за ўсё палохае Лукашэнку менавіта гэты сцэнар. Пра што зь некаторым спазьненьнем, але ўсё-ткі здагадаліся ў Вашынгтоне, Брусэлі, Хэльсінках, Варшаве і некаторых іншых гарадох. Таму такі кароткі цяпер дыялёг з бацькам і такі грэблівы тон, у якім заходнія палітыкі адгукаюцца на адчайныя прамовы беларускага прэзыдэнта. А разумее ён толькі гэтую мову, мову пагарды і недвухсэнсоўных жэстаў, і толькі ў такія гадзіны, дні і тыдні ў няшчасных яго апазыцыянэраў узьнікае рэальны шанец выйсьці на свабоду. Без усякіх умоваў і зьневажальных «памілаваньняў». Рука міратворца павісае ў паветры, і відно, як нявесела яму сядзець у адзіноце за сваім круглым сталом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG