Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія чыноўнікі пачынаюць карэктаваць тэрміны выхаду на раўнаважны курс беларускага рубля. Насуперак загаду Аляксандра Лукашэнкі завяршыць гэты працэс да сярэдзіны верасьня, ва ўрадзе і Нацбанку гавораць пра "месяц-два", на працягу якіх можа адбыцца стабілізацыя на валютным рынку.

Паводле падлікаў прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, для выхаду на збалянсаваны абменны курс запатрабуецца ня два тыдні, як таго патрабуе кіраўнік краіны, а значна больш. Як кажа спадар Мясьніковіч, па аптымістычных падліках на гэта пойдзе месяц, калі глядзець з доляй пэсымізму — два. Аналягічнай пазыцыі трымаецца і кіраўніцтва Нацыянальнага банку.

Першы намесьнік старшыні Мікалай Лузгін заявіў, што выхад на адзіны курс немагчыма ажыцьцявіць аднамомантна. Па яго словах, канкрэтныя часавыя рамкі пакуль ня вызначаныя, але асабіста ён спадзяецца, што цягам месяца-паўтара неабходныя працэдуры будуць выкананыя:

"Першапачаткова мы плянуем адкрыцьцё другой сэсіі валютнай біржы, і курс там будзе складацца на аснове попыту і прапановы. Прычым менавіта на другой сэсіі банкі будуць пры неабходнасьці набываць валюту, каб прадаваць яе ў абменных пунктах. Паколькі ёсьць пэўны незадаволены попыт на валюту, то напачатку можна прагназаваць, што курс другой сэсіі будзе значна вышэйшы, чым афіцыйны курс на першай сэсіі, па якім задавальняюцца патрэбы ў таварах крытычнага імпарту, перш за ўсё энэрганосьбітах. Адпаведна, блізкімі да гэтага будуць курсы і ў абменных пунктах. Таму я ня раіў бы адразу бегчы ў абменныя пункты і скупляць валюту па любым курсе, абы яе атрымаць, а раіў бы пачакаць некаторы час, прыгледзецца да сытуацыі і далей падлічыць — ці варта гэта рабіць?".

Што вымушае чыноўнікаў быць асьцярожнымі з прагнозамі адносна хуткага выхаду на раўнаважны курс нацыянальнай валюты? Экспэрты бачаць у спробе чарговага адцягваньня тэрмінаў толькі адну прычыну — адсутнасьць сродкаў, каб задаволіць вялізны адкладзены попыт на валюту. Нацбанк са сваімі рэзэрвамі самастойна вырашыць праблему ня ў стане, прыкрыць тылы коштам зьнешніх запазычаньняў таксама не ўдаецца — міжнародныя структуры адмаўляюцца крэдытаваць эканоміку Беларусі, пакуль тая не забясьпечыць раўнаважны курс на ўсіх сэгмэнтах. У выніку, як лічыць прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук, кола замкнулася:

"Тое, што мы зараз назіраем, — гэта проста марнаваньне часу, банальнае адцягваньне часу. Але гэта ў канчатковым выніку проста прывядзе да таго, што будзе яшчэ больш магутная хваля дэвальвацыі. Зрэшты, ускосна мы гэта назіраем ужо, паколькі курс на чорным рынку набліжаецца да 9000 рублёў за даляр, а ў адносінах да эўра даўно перакрочыў 11 000. Таму, вядома, калі ня будзе вырашацца прынцыпова пытаньне адмоўнага сальда, то нічога ня будзе. А яно, дарэчы, ня можа вырашыцца на працягу некалькіх месяцаў, гэтая справа зойме 2—3, а можа, і 5 гадоў. Дый вынік будзе толькі ў тым выпадку, калі ўлады прымуць вельмі няпростыя рашэньні па эканамічнай лібэралізацыі, па рэфармаваньні эканомікі. Па ўсім тым, што нашы суседзі прайшлі яшчэ ў 1990-я гады. З усімі абставінамі, якія адгэтуль вынікаюць".

У такой сытуацыі кіраўніцтва спадзяецца на прыцягненьне прыхаваных рэзэрваў. Падчас "валютнай" нарады 30 жніўня Аляксандар Лукашэнка, спаслаўшыся на дадзеныя Нацбанку, сказаў, што на руках у насельніцтва знаходзіцца больш за 7 мільярдаў даляраў. І ў сувязі з гэтым распарадзіўся стварыць такія эканамічныя ўмовы, пры якіх людзі самі аддалі б грошы ў банкаўскі абарот. Лукашэнка заявіў, што гатовы нават разгледзець пытаньне аб амністыі капіталаў. Дарэчы, раней старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька апэляваў да лічбы, удвая большай. Па яго зьвестках, у падушках і матрацах беларусы хаваюць… 14 мільярдаў даляраў.

Пра неабходнасьць прыцягненьня народных сродкаў казаў і Міхаіл Мясьніковіч: "Мы зблізім курс афіцыйны і курс, які дыктуецца на дадатковай сэсіі валютнай біржы. Неабходна будзе акуратна распарадзіцца і тымі валютнымі сродкамі, якія ёсьць у беларускіх прадпрыемстваў. Сёньня іх на дэпазытах знаходзіцца 2,8 мільярда даляраў. Апроч гэтага, 3,5 мільярда даляраў ляжаць ва ўкладах насельніцтва. Пры адпаведным абменным курсе мы проста перакананыя, што насельніцтва будзе вырашаць пытаньні рэканвэртацыі, то бок пераводу валюты ў беларускія рублі. Насельніцтва ў нас граматнае, яно будзе бачыць, калі ўзрастае даходнасьць абменных апэрацыяў. Думаю, што продаж насельніцтвам валюты будзе актывізаваны".

Экспэрты папярэджваюць: нават калі курс рубля і ўдасца ўраўнаважыць, трэба чакаць новага вітка інфляцыі. Замест таго, каб спыніць напампоўваньне эканомікі пустымі грашыма, улады заяўляюць, што адначасова з выхадам на адзіны курс будуць зробленыя аднаразовыя выплаты бюджэтнікам і непрацуючым пэнсіянэрам — па 500 тысяч рублёў. Матэрыяльная дапамога таксама будзе пералічаная работнікам рэальнага сэктару, працягнуцца індэксацыйныя выплаты, будзе падвышаная тарыфная стаўка І разраду, а з 1 лістапада адбудзецца пераразьлік працоўных пэнсій. На гэтыя мэты прадугледжана больш за 70 мільярдаў рублёў, што, на думку эканамістаў, не ўратуе агульную сытуацыю са зьбядненьнем насельніцтва, але выкліча новую хвалю абясцэньваньня рубля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG