Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавыя перамовы: у чаканьні інтэграцыйнага каэфіцыенту


Беларусь і Расея аднавілі перамовы аб пастаўках газу ў 2012 годзе і аб прыватызацыі "Белтрансгаза" "Газпромам". У Маскву дзеля гэтага да канца тыдня камандзіраваныя першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка і міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц.

1 верасьня ў Маскве адбылася першая працоўная сустрэча старшыні праўленьня "Газпрома" Аляксея Мілера і намесьніка кіраўніка ўраду Беларусі Ўладзімера Сямашкі. Паводле кіраўніка "Газпрома", бакі плянуюць да канца году падпісаць новы кантракт на пастаўкі газу ў Беларусь на наступныя два гады, а таксама зьдзелку па продажы Расеі 50 працэнтаў акцый "Белтрансгаза". 23 жніўня расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін даручыў "Газпрому" вызначыць паніжальны "інтэграцыйны" каэфіцыент на кошт газу для Беларусі. Які можа быць гэты каэфіцыент, пакуль невядома.

Але беларускаму боку гэтага мала. Менск настойвае на "роўнадаходных цэнах на газ" у рамках Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, якая мае паўстаць у 2012 годзе. Такім чынам, Беларусь па-ранейшаму спадзяецца на ўнутрырасейскія цэны на газ. З гэтым Менск увязвае і продаж 50 працэнтаў акцыяў "Белтрангаза" "Газпрому" на дадатак да тых 50 працэнтаў, якія ўжо належаць расейскаму газаваму манапалісту.

Менскі аналітык у галіне энэргетыкі Тацьцяна Манёнак лічыць малаімавернай згоду Масквы на ўнутрырасейскія цэны на газ для Беларусі:

"Гэта неверагодна, і Менску ўжо тлумачылі, што гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь увойдзе ў склад Расеі, што нельга нават уявіць. Тым ня меней ва ўраду Беларусі ёсьць такая задача — дамагчыся максымальна нізкіх коштаў".

Ранейшая формула вызначэньня цаны газу для Беларусі грунтавалася на сярэднеэўрапейскай цане мінус мыта і транспартныя выдаткі. Расея настойвае, каб такія ўмовы захаваліся і на новы тэрмін. У гэтым выпадку цана газу для Беларусі ў 2012 годзе складзе каля 300 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цана газу для Беларусі на трэці квартал 2011 году складае 286 даляраў. Аднак трэба ўлічваць і розныя кулюарныя дамоўленасьці расейскага і беларускага бакоў, бо ў жніўні адбываліся беларуска-расейскія перамовы на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і дзяржаў.

Расейскі і ўкраінскі бакі ня знойдуць нейкіх кампрамісных рашэньняў, то магчымая новая газавая вайна
Тацьцяна Манёнак: "Нельга выключыць таго, што газавая зьдзелка будзе прывязаная ня толькі да прыватызацыі "Белтрансгаза", але і да прыватызацыі іншых беларускіх актываў, таксама важных для расейскіх кампаніяў".

Спадарыня Манёнак мяркуе, што хутка газавыя перамовы ня скончацца. Паскорыць іх можа пільная патрэба грошай для афіцыйнага Менску — Беларусь спадзяецца атрымаць 2,5 мільярда даляраў ад продажу рэшты акцый "Белтрансгаза". Першы, вясновы раўнд газавых перамоваў нічым ня скончыўся. Цяпер жа, з набліжэньнем ацяпляльнага сэзону і абвастрэньнем фінансавага крызісу, перамоўныя пазыцыі Менску істотна слабеюць.

Нечакана аблягчыць Менску дасягненьне нізкіх цэнаў на газ можа Кіеў, які ўступіў у жорсткую спрэчку з Масквою па газавым пытаньні, дамагаючыся перагляду дамовы 2009 году, кажа Тацьцяна Манёнак:

"Ня выключана, што калі расейскі і ўкраінскі бакі ня знойдуць нейкіх кампрамісных рашэньняў, то магчымая новая газавая вайна. І, канечне, расейскаму боку ваяваць на два франты нязручна. Да таго ж у Расеі на пачатку сьнежня пройдуць думскія выбары. Гэта таксама важны фактар, які будзе штурхаць да пошуку кампрамісных падыходаў".

Расея намагаецца прапанаваць Украіне "беларускі" варыянт газавых пагадненьняў і ўжо таксама паабяцала Кіеву "інтэграцыйны паніжальны каэфіцыент" у выпадку, калі Ўкраіна далучыцца да Мытнага саюзу.
XS
SM
MD
LG