Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча дэнансуе пагадненьне зь Беларусьсю аб спрашчэньні прававой дапамогі


Як раней чакалася, Генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю з 2002 году аб спрашчэньні зносін пракурораў па аказаньні прававой дапамогі, паведамілі сёньня польскія СМІ.

Паводле гэтага пагадненьня, абласныя пракуратуры Беларусі мелі права зьвяртацца па прававую інфармацыю напрасткі да акруговых пракуратураў у Польшчы, абмінаючы Міністэрства юстыцыі і Генэральную пракуратуру ў Варшаве.

Цяпер выдача інфармацыі беларускім пракурорам зноў стане цэнтралізаванай, як гэта прадпісвае дамова аб прававой дапамозе з 1994 году. Цэнтралізацыя выдачы такой інфармацыі, паведамляюць польскія СМІ, мае прадухіліць такія сытуацыі, у якой на аснове матэрыялаў з польскай пракуратуры беларускія ўлады арыштавалі праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Прэсавы прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Польшчы Матэвуш Мартынюк сказаў, што Генэральны пракурор Сэрэмэт выступае супраць разарваньня дамовы аб прававой дапамозе зь Беларусьсю з 1994 году.

«Цяжка сабе ўявіць, каб наша краіна ня мела такой дамовы з суседам. Гэта нанесла б шкоду Польшчы» – дадаў Мартынюк.
XS
SM
MD
LG