Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Станіслаў Шушкевіч падтрымаў палітвязьня Дашкевіча


Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч напісаў ліст кіраўніцтву калёніі, дзе сядзіць лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч.

"Вельмі занепакоены станам Зьмітра Дашкевіча, — піша Шушкевіч кіраўніку калёніі № 9, што ў Горках (Магілёўская вобласьць), Кавалёву. — Вельмі прашу Вас не паддацца ўражаньню, што Зьміцер хоча парушаць вызначаныя законам парадкі, якія павінны быць ва ўстановах тыпу ПК-9. Ён — чалавек таленавіты, ганарлівы, але законапаслухмяны, у яго пэрспэктыўная будучыня. Спадзяюся на тое, што Вы й Вашы супрацоўнікі ня будзеце ставіцца да яго жорстка, бо вельмі хутка настане час, калі і Вы, і яны будуць ганарыцца тым, што добра ставіліся да Зьмітра Дашкевіча, калі ён без належных падставаў трапіў у ПК-9".

Пра ліст паведамляе прэсавая служба Маладога фронту.

30 жніўня намесьніца кіраўніка Маладога фронту Наста Палажанка, кіраўнік ініцыятывы "Плятформа", былы палітвязень Андрэй Бандарэнка і праваабаронца Алена Танкачова заявілі: Дашкевіча катуюць тым, што пазбаўляюць сну, а таксама ўтрымліваюць у камэры, дзе нізкая тэмпэратура.

Палажанка, Бандарэнка і Танкачова зьвярнуліся да замежных дыпляматаў, каб тыя наведалі калёніі, дзе сядзяць палітвязьні. І, у прыватнасьці, калёнію, дзе ўтрымліваецца Зьміцер Дашкевіч.

Яны таксама просяць Міжнародны Чырвоны крыж праверыць калёнію, дзе адбывае пакараньне кіраўнік МФ Зьміцер Дашкевіч.

24 жніўня адвакату Дашкевіча ўдалося пабачыць свайго падабароннага.

Дашкевіч паведаміў, што яго каралі 8 разоў. Вязень сьцьвярджае, што супраць яго чыняцца правакацыі, каб пасьля завесьці новую крымінальную справу за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі. Гэта прадугледжвае павелічэньне тэрміну зьняволеньня ад году да двух.

Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч адбывае 2 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве.

"Міжнародная амністыя" лічыць Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG