Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвязу трэба весьці значна больш актыўную палітыку адносна Ўкраіны, каб не дазволіць краіне сасьлізнуць у аўтарытарызм, перасьцерагае былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл і некалькі іншых відных фігураў міжнароднага жыцьця ў артыкуле, апублікаваным на сайце Project Syndicate.

Сярод падпісантаў артыкулу: былы прэзыдэнт Нямеччыны Рыхард фон Вайцзэкер, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Дэсманд Туту, Далай Лама і Грыгорый Яўлінскі.

Яны пішуць, што ва Ўкраіне прэзыдэнт Віктар Януковіч кансалідуе ўладу ў бок аўтарытарызму, спэцслужбы ўзмацняюць перасьлед апазыцыйных актывістаў, а грамадзянская супольнасьць траціць уплыў і значэньне.

«Украіна апынулася на ростанях. Адзін дарожны ўказальнік скіраваны ў бок дэмакратыі, другі – у бок аўтарытарызму. Першы шлях вядзе да сяброўства ў Эўразьвязе; другі кіруе Ўкраіну ў больш цёмны і небясьпечны бок. Мільёны грамадзянаў Украіны за ўступленьне ў ЭЗ, але іх энтузіязм стрымліваецца адсутнасьцю выразнай палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Украіны. Між тым, адміністрацыя прэзыдэнта Януковіча заяўляе аб сваёй гатоўнасьці далучыцца да ЭЗ, але так і не змагла ўвесьці рэформы, каб задаволіць кваліфікацыйныя крытэры» – пішуць згаданыя аўтары.

«Мы заклікаем, каб Эўразьвяз і яго сябры настойвалі на выкананьні Ўкраінай нормаў прававой дзяржавы. Прынамсі, Эўразьвяз павінен запатрабаваць вызваленьня Юліі Цімашэнка і іншых лідэраў апазыцыі пад заклад, каб яны маглі больш актыўна абараняць сябе ў судзе», – заканчваецца артыкул.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG