Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: салодкае слова “джамахірыя”


У душы беларуса дагэтуль змагаюцца Сталін зь несталінамі, зразумела, найпершыя порцыі жоўці для Гарбачова, Ельцына, Шушкевіча, для другога эшалёну “здраднікаў” таксама хопіць. Беларус не ўсьведамляе, што ў галаве ягонай тэлевізар працягвае выпрацоўваць нянавісьць, трымаць у акопе, змушае марыць пра будзёнаўскую шаблю. У душы па-ранейшаму камень, якім прыгнятаюць сала ў кубле або гуркі ў бочцы. Высмыкні з разеткі, выкінь “скрынку”, вазьмі аберуч камень! Не-не, не магу, супраць сябе самога ня пойдзеш…

Залатая галава статуі

Вочы ў гэтых людзей не затуманеныя, не запалоханыя, наадварот, ясныя і адкрытыя. Я ня мог ніяк зразумець гэтага, магу й цяпер памыляцца, але мая вэрсія: яны перамаглі страх, прыдумалі сабе “алібі”, яны “за”, толькі “за”, рукамі і нагамі. Для іх усё божая раса, нават што цэны ў статак мустангаў ператварыліся, што заробкі больш не дацягваюць да ста даляраў. А соль бадай у тым, што, як нехта сказаў, “няма лепшых рабоў, чым тыя, хто лічыць сябе свабоднымі”.

Ці маю я штось агульнае з гэтымі людзьмі навокал?! У галовах некаторых якаясьці дрыгва, абсмоктваюць на астачу, шкадуюць далёкую прыўкрасную джамахірыю. Дыктатар? Не, ён быў ніякі не дыктатар! Так, сорак год таму быў захоп улады, пагаджаюцца, але ж потым выбары былі! Ага, знаем мы гэтыя выбары: галасуй ні галасуй…

Але не здаецца ніяк зацяты зямляк: джамахірыя — гэта не дыктатура, гэта ня ўлада аднаго чалавека, “отнюдь”! Чую другі падобны голас: ён нават афіцыйна пасадаў ніякіх ня меў, друг наш Кадафі, які ж ён дыктатар? Новы голас: ён усім на рахункі адлічваў ад сваіх прыбыткаў з нафты, народ на ўсім бясплатным, як сыр у масьле тлусьцеў! Пачытайце на сайце: там усе лічбы самі за сябе шчыра сьведчаць!

Як ня ўспомніць спрэчку двух гісторыкаў. Адзін паперы НКВД суе пад нос, у якіх афіцыйныя “нормы харчаваньня” вязьняў ГУЛАГу. Усё — зь пячаткай, як мае быць: лепей кармілі антысаветчыкаў, кажа, чым у Сочах ці Ялце! Дакумэнтам трэба верыць, маўляў! Другі ўспаміны ацалелых цытуе, як пра пацукоў марылі, як дохлі нібы мухі на гулагаўскіх харчах.

Рукі апускаліся апошнім часам ад запальных вачэй гараджан: амаль гатовыя ў апалчэньне, як быццам у 1936-м у Гішпанію за Рэспубліку, толькі цяпер -- абараняць бункер сардэчнага сябры нашага рэжыму, яго статую залатую, якой галаву адарвалі, у футбол гулялі… Комплекс беларускай нікчэмнасьці: дома ты ніхто, заробак твой — паперкі сёньня, дык хоць абараніць слоўна далёкую салодкую Аркадыю-джамахірыю.

Але ня ўсё хіба страчана, чуліся таксама іншыя галасы. “Ахранець можна, колькі знаўцаў-аматараў джамахірыі адшукалася раптам!” “Улада не аднаго чалавека! Ха-ха-ха! Канечне, яшчэ — сыноў Муамаркі ды ўсёй сямейнай камарыльлі!” “Трэба ўцяміць: народу прыкра сорак год бачыць адны і тыя ж, выбачайце, пысы…” “Так, калі надоўга захапіць краіну і нікуды не зьбірацца, то ў вачах тваіх будуць змагацца пагарда “да быдла” са страхам да народу. Як не начапіць чорныя акуляры!”

Чужы бронецягнік

У душах беларускіх землятрусам прайшлі далёкія рэвалюцыі ў мусульманскім сьвеце. Пакуль бункер у Трыпалі сяк-так яшчэ трымаўся, заставалася таксама надзея на пхэньянскі бронецягнік, які рухаўся ў наш бок па бясконцых прасторах усходняй часткі “саюзнай дзяржавы”. Але не даехаў. Шкада. Чытаю пра “гістарычныя ўгодкі”, адзначаныя карэйскім народам, “апошняй сустрэчы палкаводца Кім Ір Сэна і генсека Брэжнева на пахаваньні маршала Ціта”. Калі ласка, нават відэа ў інтэрнэце, голас камэнтатара: “У кадрах Брэжнеў, Чаўшэску, Хонэкер, Мугабэ і іншыя лідэры, якія бязьмежна радыя былі настолькі важнай падзеі ў сваім жыцьці і магчымасьці атрымаць нямала бясцэнных парадаў”.

Мы засталіся з пустымі рукамі, пераемнік-правадыр не даехаў, пра “бясцэнныя парады”, як утрымацца 46 гадоў на трыбуне, можа яшчэ толькі хіба Мугабэ паведаміць.

Помню, рэзнула сьвядомасьць: Кім Ір Сэн памёр, а рэспубліка нашая зрабілася прэзыдэнцкай. Яго пахавалі б якраз 10 ліпеня 1994-га, каб быў савецкага паходжаньня, неабавязкова хрысьціянскага, бо такая завядзёнка —на трэці дзень. Але зь ім хімічылі, бальзамавалі, як належыць зь вялікімі правадырамі. Супадзеньне дзьвюх падзеяў, прызнаюся, уразіла непрыемна.

Абвешчаны пажыцьцёвым прэзыдэнтам пасажыр пхэньянскага бронецягніка, пра што я прачытаў зь цікавасьцю, на першым прыпынку пакланіўся статуі Леніна і наведаўся ў супэрмаркет. У навакольных дамах заклеілі вокны паперай, а жыхарам забаранілі выходзіць на вуліцу… Потым карэйскага правадыра расейскі калега карміў камчацкім крабам з авакада і лаймам, ракамі з труфэльным соўсам, блінамі з кетовай ікрой, омулем зь вяленымі таматамі, цяляцінай з соўсам тартар і гэтак далей. Так, прыгожа жыць не забароніш правадырам.

А беларус наш, жаночая частка насельніцтва, мусіць сёньня займаць чэргі за тлустымі кавалкамі сьвініны: гадзіну чакаць, пакуль прывязуць, яшчэ гадзіну — калі наблізіцца твая чарга… І салодкае слова “джамахірыя” у галаве! Штось таямнічае гучыць: усходніх слодычаў густы цягучы смак? Ці гаркавы лімон, чырвоны грэйпфрут? Забаронены плод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG