Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто каго выкарыстае


Амаль неверагодная з вуснаў Лукашэнкі прапанова аб круглым стале сьведчыць пра тое, якая панічная атмасфэра пануе ва ўладных вярхах. Хоць вонкава, здаецца, усё спакойна, але насамрэч, відаць, моцна прыпякло, калі ўлады гатовыя сядаць пра нешта размаўляць з "адмарозкамі".

Экспэрты кажуць, што прапанова адрасаваная Захаду. На наш погляд, усё ж галоўны адрасат — беларускае грамадзтва.

Мала таго, што эканамічная сытуацыя складаная, дык яна мае тэндэнцыю да пагаршэньня. Прынятае ў аўторак рашэньне пра рынкавы абменны курс на дадатковай сэсіі валютнай біржы азначае фактычна яшчэ адну дэвальвацыю. Эканоміка і грамадзтва яшчэ не пераварыла да канца інфляцыйную хвалю ад першай травеньскай дэвальвацыі, як на галаву звальваецца другая.

Усё гэта абвальвае давер насельніцтва да дзейнага кіраўніцтва. А грубая сіла як чыньнік утрыманьня ўлады мае свае абмежаваньні. Кіроўным вярхам здаецца, што ў гэтай напаленай атмасфэры дастаткова адной запалкі, каб усчаўся пажар. І ролю такой запалкі можа выканаць Народны сход, заплянаваны апазыцыяй на 8 кастрычніка. Пра тое, што ўлады моцна напужаныя гэтай акцыяй, сьведчыць і плян правядзеньня ў процівагу сваёй тусоўкі ў выглядзе "зьезду патрыятычных сілаў", і прапанова аб дыялёгу. Гэта спроба перахапіць ініцыятыву, нэўтралізаваць пагрозу, каналізаваць пратэст у бяскрыўдную сустрэчу за сталом.

Цікавая рэакцыя і магчымыя крокі апазыцыі. Чамусьці на першы плян выступіла пытаньне: ці ставіць папярэдняю ўмовай удзелу апазыцыі ў гэтым круглым стале вызваленьне палітвязьняў? Пытаньне лягічнае. Калі спыняецца вайна і абвяшчаецца замірэньне, то найперш вызваляюць палонных.

Але падаецца, што галоўныя небясьпекі і пасткі для апазыцыі палягаюць у іншым. Сапраўдны круглы стол прадугледжвае, што палітычнае кіраўніцтва краіны гатовае падзяліцца ўладаю і адказнасьцю, дапусьціць палітычных апанэнтаў у палітычную сыстэму, органы кіраваньня. І функцыя перамоваў павінна палягаць у тым, каб распрацаваць мэханізмы гэтага працэсу.

Але, гледзячы па ўсім, улады бачаць у гэтым круглым стале сродак выпусканьня пару. Тое, што Лукашэнка запрасіў на круглы стол не палітычную апазыцыю, а ўсіх разумных людзей з розных палітычных лягераў, сьведчыць пра намер утапіць апанэнтаў у вялікай колькасьці суб’ектаў. Гэта ўжо было ў гісторыі лукашэнкаўскага рэжыму і называлася "шырокі грамадзка-палітычны дыялёг".

Так і цяпер улады могуць сказаць, што апазыцыя прадстаўляе вузкі спэктар грамадзтва, трэба, каб у дыскусіі прыняла ўдзел грамадзянская супольнасьць. А хто ў нас прадстаўляе грамадзянскую супольнасьць? Правільна, самыя масавыя арганізацыі ў краіне: ФПБ, БРСМ, "Белая Русь", саюз жанчын, саюз вэтэранаў і інш. Ну, і апазыцыі выдзеляць маленькую квоту. І абвесьцяць, што дыялёг адбыўся і прайшоў вельмі плённа.

Другая небясьпека — гэта праблема суб’ектнасьці апазыцыі на гэтых перамовах. Хто будзе ў іх удзельнічаць? І хто павінен вызначаць гэтае пытаньне? Адсутнасьць адзінага органа, які мог бы прадстаўляць інтарэсы дэмакратычных сілаў, можа чарговым разам дрэнна адбіцца на дзеяздольнасьці апанэнтаў рэжыму. Ужо цяпер бачныя рознагалосьсі. Віктар Івашкевіч кажа, што "ў перамовах павінны прымаць удзел тыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, каго выберуць сваімі прадстаўнікамі Народныя сходы грамадзян". Дэ-факта гэта азначае адхіленьне ад перамоваў усіх лідэраў партый. Саньнікаў увогуле лічыць неабходным тарпэдаваць круглы стол, і, значыць, любы ўдзел у ім апазыцыі будзе лічыць сама меней памылкай.

Адсутнасьць адзінства і легітымнага прадстаўнічага органа разьвязвае ўладам рукі ў выбары партнэраў для перамоваў. Яны могуць выбраць зручных апанэнтаў, напрыклад, Ляўковіча, Гайдукевіча.

Яшчэ адна небясьпека. Круглы стол адбываецца, але абмяркоўваецца толькі адно пытаньне: шляхі выхаду з эканамічнага крызісу. Улады з удзячнасьцю бяруць прапановы апазыцыі, напрыклад, антыкрызісную праграму АГП. І абвяшчаюць народу, што ўсе хваравітыя для грамадзтва захады па эканоміі сродкаў, скарачэньні бюджэтных выдаткаў, адмове ад субсыдыяваньня дзяржпрадпрыемстваў і калгасаў, фінансаваньня дзяржпраграм, замарожваньні заробкаў і пэнсій, увядзеньня свабодных цэнаў у крамах прапанавала апазыцыя. Ёй падзякуюць за тое, што падставіла плячо рэжыму ў цяжкі для яго момант. І на гэтым дыялёг скончыцца.

Калі гэта імітацыя, палітычная кампанія, то пытаньне ў тым, хто больш эфэктыўна выкарыстае яе на сваю карысьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG