Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Цяперашні час падобны да пачатку 90-х. Але тады былі вера і надзея на хуткія зьмены..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 31 жніўня 2011 году

Назіраючы, як на працягу некалькіх апошніх месяцаў у Беларусі імкліва мяняюцца эканамічныя рэаліі, як зьніжаюцца рэальныя заробкі і набірае разгон інфляцыя, многія нашы слухачы задаюць пытаньні: чаму дэкляраваныя ўладамі стабільнасьць і росквіт так хутка скончыліся? І хто павінен несьці адказнасьць за палітыку, якая прывяла грамадзтва да выпрабаваньняў, параўнальных з пэрыядам распаду Савецкага Саюзу? На гэтую тэму апошнім часам — значная частка пошты "Свабоды".

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Аляксея Падсьвільскага з Глыбоцкага раёну. Спрабуючы асэнсаваць апошнія падзеі, тэндэнцыі і факты ў палітычным і грамадзкім жыцьці Беларусі, слухач піша:

"Яшчэ паўгода таму нашы людзі жылі ў так званай "моцнай і квітнеючай" краіне, атрымлівалі параўнальна высокую зарплату, ганарыліся "высокаэфэктыўнай мадэльлю эканомікі" на тле сусьветнага крызісу. І большасьць беларусаў, на жаль, мала цікавілася — на якія сродкі ўсе гэтыя цуды? За чый кошт банкет? А дзень сёньняшні многіх працьверазіў. Аказалася, нікога мы не апярэджваем — хутчэй, наадварот. Маўчыць "брат Уга"; Расея, замест таго каб працягваць даваць братэрскія субсыдыі, разявілася на ласыя кавалкі нашай уласнасьці. Незразумела, што адкажуць на сьлёзныя просьбы ў МВФ, які яшчэ нядаўна нашы ўлады называлі "грабежніцкім". Вельмі многія параўноўваюць сёньняшнюю сытуацыю з пачаткам 90-х гадоў. Так, нялёгкі, сумбурны быў час. Але тады я верыў і жыў спадзяваньнямі на будучыню. Цяпер, на жаль, такога аптымізму ў мяне няма. Прынамсі на той час, пакуль кіруе дзейны рэжым. Любы крэдыт рана ці позна давядзецца аддаваць, а ўсе ранейшыя пазыкі ў Беларусі з шыкам і бляскам праядаліся. А пакуль у краіне ёсьць палітвязьні, а суды кіруюцца асабістымі амбіцыямі адной пэрсоны, а не законам, — на дапамогу і разуменьне дэмакратычнага сьвету нам разьлічваць не выпадае. І чым даўжэй гэты рэжым пры ўладзе, тым складаней нам будзе выкараскацца з багны, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну.— Назіраю, як на працягу апошніх некалькіх месяцаў нават самыя закаранелыя прыхільнікі рэжыму абуджаюцца і кардынальна мяняюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Нават салодкія пілюлі БТ і "Советской Белоруссии" ўжо ня здольныя замбаваць людзей. Рост незадаволенасьці і абурэньня дзеяньнямі ўлады — відавочны. І ўсё часьцей я чую ад людзей: а дзе ж нашы апазыцыянэры? Хто павядзе нас на Плошчу? А і праўда — дзе? Хто здольны ўзяць у рукі штурвал і вывесьці краіну з крутога піке? Ахвотных няма. Відаць, сапраўды, адважных і моцных запхнулі ў засьценкі. А на свабодзе — толькі тыя, хто не ўяўляе для гэтай улады небясьпекі. Іх практычна не відаць і не чуваць. Я цудоўна разумею гэтых людзей. Адна справа — быць палітыкам у заможных дэмакратычных краінах, дзе паважаюць правы чалавека і выконваюць Канстытуцыю. І зусім іншая — займацца палітычнай дзейнасьцю ва ўмовах краіны-ізгоя, якая па вушы ў даўгах, раскрадзеная карумпаванымі чыноўнікамі, з разваленай эканомікай і пад кіраўніцтвам фанатычнай асобы, якая ня бачыць у прэзыдэнцкім крэсьле нікога іншага, апроч сябе. Ці ёсьць яшчэ ахвотныя атрымаць такую спадчыну?".

Тыя людзі, якія па-сапраўднаму цікавяцца палітычнымі працэсамі ў краіне і неабыякава ставяцца да грамадзкіх праблемаў, наўрад ці задаюць пытаньні "Куды падзеліся нашы апазыцыянэры?" і "Хто ж павядзе нас на Плошчу?". Дзе апынуліся лідэры сьнежаньскай Плошчы, якую цану заплацілі і працягваюць плаціць яны за сваю спробу ўдзельнічаць у мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбарах — добра вядома кожнаму, хто спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні. Калі ў грамадзтве сапраўды высьпеў пратэст, калі яно ня хоча больш мірыцца з рэаліямі і прагне зьменаў — то чаму не прыкладае дзеля гэтага ўласных намаганьняў? А калі такой гатовасьці няма і ўсе пратэсты абмяжоўваюцца размовамі на кухнях і папрокамі на адрас іншых — то дзеля чаго скардзіцца на жыцьцё і наракаць на лёс?

Наступны кароткі ліст — ад Івана Цімошкіна зь Лельчыцаў — пра тое, ці лёгка дамагчыся справядлівасьці, ня маючы сувязяў ва ўладных кабінэтах. Слухач піша:

"У рэгіёнах пры вырашэньні любых кадравых, маёмасных ды іншых праблемаў пераважае кланавасьць — у арганізацыях, установах, на прадпрыемствах. Іншымі словамі, усталяваўся своеасаблівы родава-абшчынны лад. Людзей дзеляць на сваіх і чужых. Калі ты ня свой, калі прыйшоў аднекуль збоку, з вуліцы, дык выжыць (атрымаць добрую працу з прыстойным заробкам, дамагчыся выкананьня сваіх правоў) вельмі складана. Даводзіцца праходзіць праз процьму прыніжэньняў, дыскрымінацыі, зьнявагаў, нагавораў і гэтак далей. Адчуваеш сябе нейкім прыхаднем, чужаком, хоць ты — карэнны беларус".

Звычайна беларуская ўлада хваліцца адсутнасьцю такой кланавасьці ды кругавой парукі, пра якую вы, спадар Іван, пішаце. І сапраўды, у Беларусі кланавыя, сямейныя сувязі ў службовых дачыненьнях традыцыйна выконвалі значна меншую ролю, чым у іншых (асабліва азіяцкіх) рэспубліках былога Савецкага Саюзу. Але тая сыстэма ўлады і ўзаемадачыненьняў паміж працадаўцамі і найманымі работнікамі, якая склалася ў сёньняшняй Беларусі, спрыяе якраз таму, што людзей усё часьцей дзеляць на сваіх і чужых.

Пра магчымыя варыянты і сцэнары разгортваньня палітычных падзеяў у Беларусі разважае ў сваім новым лісьце на "Свабоду" наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:

"Са студзеня па жнівень даходы беларусаў зьнізіліся ў сярэднім у два з паловай разы (маю на ўвазе сярэднюю пакупніцкую здольнасьць). Зьдзіўляе і ўражвае кантраст паміж глыбінёй падзеньня і вельмі вялай масавай рэакцыяй грамадзтва. Увосень час змые рэшткі абурэньня ад нядаўняга краху, і народ моўчкі паглыбіцца ў рутыну звыклага банальнага выжываньня. Адасобленасьці, індывідуалізму беларусаў могуць пазайздросьціць нават скандынавы ды амэрыканцы.

...Так, тэарэтычна я магу ўявіць, што Някляеў і кампанія зьбяруцца зь сіламі і на хвалі народнага гневу зрынуць Лукашэнку ўжо ў лістападзе... Аднак сытуацыя можа разгортвацца і па-іншаму. Лукашэнка прысягне на вернасьць Пуціну, які відавочна вяртаецца да ўлады ў Расеі, потым зь ягонай дапамогай ачомаецца ад крызісу і мінімальна забясьпечыць патрэбы непераборлівага народа. Такім чынам прасядзіць яшчэ чатыры гады, да восені 2015-га. А там ужо будзе новая сытуацыя і новыя магчымасьці, каб захаваць трон і да 2020-га...

Пасьля 19-га сьнежня мінулага году ў Беларусі ўзрасла роля сілавікоў (МУС, КДБ ды іншых). Ад чыноўніцкай выканкамаўскай вэртыкалі цэнтар цяжару ўлады перамяшчаецца да сьвежых сілаў, здольных падтрымаць Лукашэнку мускуламі. Гэтыя "сьвежыя" будуць патрабаваць падвышэньня ўласнай ролі і значнасьці. Сілаў, каб супрацьстаяць жменьцы дэмакратаў, у іх больш чым дастаткова. А заняты ўласным выжываньнем народ будзе інстынктыўна баяцца ўлазіць у гэту бойку. Менавіта такая інстынктыўна-самазахавальная сутнасьць у цяперашняга паспалітага беларуса"
.

Сапраўды, спадар Марціновіч, магчымых варыянтаў таго, як будуць разгортвацца палітычныя падзеі ў Беларусі, — мноства. Пакуль відавочна толькі тое, што Аляксандар Лукашэнка будзе трымацца за ўладу да апошняй магчымасьці: досьвед мінулых 17-ці год выразна пра гэта сьведчыць. Дарэчы, на працягу ўсяго гэтага немалога часу ён ужо столькі разоў прысягаў на вернасьць Расеі ды ейным лідэрам, што яшчэ адна магчымая прысяга, пра якую вы, спадар Алесь, пішаце, мала што можа зьмяніць. Танныя газ і нафту ў абмен на братэрскія пацалункі Масква перастала даваць яшчэ тры гады таму, і нішто не паказвае на тое, што такі бартэр у блізкай будучыні можа аднавіцца. За свае рэсурсы расейскія правіцелі патрабуюць цяпер значна менш эфэмэрныя рэчы: альбо ўласнасьць, альбо палітычны сувэрэнітэт.

Наступны (апошні ў сёньняшнім аглядзе) ліст даслала нам Раіса Катлярова з Магілёва. Цёплымі летнімі вечарамі яна, наша даўняя адданая слухачка, заўсёды ўключае прымач і настройваецца на хвалю "Свабоды". Але слухаць стараецца не ў кватэры, а ля пад'езду свайго дома. І вось чаму (цытую ліст):

"Улетку вечарамі я на вуліцы. У мяне каля пад'езду вялікі кветнік: прыкладна сотка зямлі. За шэсьць гадоў я давяла яго да прыстойнага стану. Я яго і даглядаю, і проста з кнігай ля кветак адпачываю. За горадам участку ня маю, таму ўнучкі прыходзяць да мяне на канікулах, як на дачу. Любуюцца кветкамі і прыстойныя людзі, мінакі. А непрыстойныя ўсе шэсьць год вынішчаюць — рвуць, топчуць, дратуюць катамі, сабакамі, нішчаць машынамі. Тым ня менш кветнік жыве, цьвіце, квітнее, як выспачка будучай квітнеючай Беларусі. Я лічу так: змагацца за Беларусь трэба ня толькі на працы, на мітынгу, у прэсе, але і — па месцы жыхарства. Што я і раблю, мяркую, пасьпяхова. А ўсё пералічанае вышэй я ў свой час прайшла. І скажу вам, што даволі спрэчнае пытаньне, дзе лягчэй: ці ў масе людзей, ці аднаму — практычна, у аблозе п'яніц, сталінскіх стаханавак і маладых цынікаў.

Дарэчы, ці не абвясьціць на Радыё Свабода конкурс на тэму: як вы, змагары за свабоду, дэмакратыю і справядлівасьць, паказваеце прыклад на працы, па месцы жыхарства? Упэўнена, што я ў гэтым конкурсе была б не сярод апошніх. Бо жывем мы ўсё-ткі не на Плошчы. Мы там толькі змагаемся. А расквітнее Беларусь сваімі пад'ездамі, падворкамі, сялібамі, узьлескамі — словам, прыстойнымі месцамі агульнага карыстаньня"
.

Так, спадарыня Раіса: дыктатары прыходзяць і сыходзяць, палітычныя рэжымы мяняюцца, бронзавыя манумэнты зямным уладарам паўстаюць і рушацца — а кветкі ля ганку дбайнага гаспадара як цьвілі тысячу гадоў таму, так будуць цьвісьці ў наступным тысячагодзьдзі. Калі толькі палітыкі не давядуць чалавецтва да якой-небудзь катастрофы, пасьля якой не застанецца ні кветак, ні будынкаў, ні самога чалавека.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG