Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп, засуджаная за Плошчу незалежная журналістка, жонка палітвязьня экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

Калі мяне вызвалілі з-пад варты ў судовай залі пасьля пяці месяцаў ізаляцыі і я нарэшце дабралася да інтэрнэту, першым чынам пачала чытаць не навіны пасьля 19 сьнежня, каб скласьці поўную карціну таго, што адбывалася, а камэнтары і прагнозы напярэдадні выбараў. Было цікава: сотні беларускіх і замежных аналітыкаў спрабавалі адказаць на пытаньне, што будзе ў краіне пасьля 19 сьнежня, як будуць разьвівацца падзеі, што будзе з эканомікай, палітыкай, кандыдатамі ў прэзыдэнты. І ніхто — ніхто! — нават не наблізіўся да слушнага адказу. Не таму, што ўсе аналітыкі і палітолягі — бязглуздыя і нічога не разумеюць у тым, пра што кажуць. А таму, што такога ня мог нават уявіць сабе ў жахлівых снах ніводзін чалавек з нармальнай псыхікай, які імкнецца ў палітычных падзеях шукаць лёгіку.

Дык ці ёсьць сэнс думаць пра тое, якой будзе восень? Яна ўсё роўна будзе не такая, як мы б хацелі. Яна будзе не такая, як бачыцца сёньня. Вось, здавалася, лета будзе нудотным і ціхім. Усіх пасадзілі-асудзілі, спэцслужбы атрымалі ўзнагароды і бонусы і пайшлі ў адпачынак, а грамадзяне — на шэсьць сотак да верасьня. Ці ня так павінна быць? Так! Але вось не было спакою — Алеся Бяляцкага арыштавалі ў жніўні: "Думалі, усё скончылася? Сюрпры-ы-ыз!". Дарэчы, і ад грамадзянаў быў цудоўны сюрпрыз для спэцслужбаў — маўклівыя акцыі ў той час, калі ўся краіна на лецішчах і цішыня непарушная. Хто мог усё гэта прадказаць? Ніхто.

Дык што мы можам ведаць пра восень? Вядома ж, на календары яна будзе. І хтосьці будзе адрываць лісточкі, хтосьці закрэсьліваць дні, хтосьці выдзёўбваць рысачкі на турэмнай сьцяне. Гэта і будзе восень. А потым нават будзе зіма, і 19 сьнежня ў многіх пачнецца цяжкая мярзотная дэпрэсія. Таму што яны зразумеюць, што пражылі яшчэ год, калі, здавалася б, жыць немагчыма. А можа, калі нас закаваць у гішпанскі бот, а потым яшчэ падвесіць на прэнг, мы яшчэ годзік павісім, ботам пабоўтаем дый адзначым чарговую гадавіну?.. Але гэта ўжо зімовая гісторыя, ня восеньская.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG