Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі купіць кіляграм мяса, то потым застанесься галодны…»


З 31 жніўня адпускныя цэны на ялавічыну і сьвініну дадаткова павышаюцца яшчэ на 10% — гэта ўжо трэцяе падаражэньне за месяц.

Адпускныя цэны на сьвініну і ялавічыну былі павялічаныя з 10 жніўня на 5%, з 24 жніўня — яшчэ на 10%. А цэны на мясныя паўфабрыкаты з 27 жніўня наагул адпусьцілі на свабоду. Але мяса ў разрубе па прымальных коштах па-ранейшаму ў крамах няма, калі зьяўляецца — па яго велізарныя чэргі. На рынках мяса шмат, але ахвотных купіць малочную цяляціну па 90 тысяч ці сьвіную шыю па 62 тысячы — мала.

Унівэрсам «Цэнтральны». Я іду ўздоўж вітрыны зь мясам: паўфабрыкат «Рагу супавое» — 6600, адны косьці; галовы сьвіныя — 3200; капыты — 3450; ялавічына — 17830, да мяса ня вельмі падобная. Пытаюся ў пакупнікоў — ці падабаецца ім мяса ва ўнівэрсаме «Цэнтральны»?

Жанчына: «Зусім не падабаецца».

Спадарыня: «Дорага, і пасечана вялікімі кавалкамі. Пэнсіянэр узяў бы кавалак меншы. Тут няма выбару».

Спадар: «Сабакі ня будуць есьці тое, што прадаюць людзям. Гэта ня мяса, а мыла, як можна прадаваць такое мыла?».

Карэспандэнтка: «Але напісана — ялавічына, першы гатунак, і цана — 17 830 рублёў. Гэтае мяса выглядае на першы гатунак?».

Спадар: «Я ж кажу: нават калі на вуліцы выкінуць каля прыбіральні, ніхто не падбярэ».

Мужчына: «Гэта ялавічына? Такую браць нельга, нават за гэтую цану».

Жанчына: «Ня цягне гэтае мяса на першы гатунак, яно вельмі тлустае, непрыгожае, ніхто яго ня купіць».
Камароўскі рынак, фірмовая крама комплексу «Белавескі». «Белавескі» прадае сьвініну па 37 720 рублёў, карэйку — па 46 660 рублёў, катлетнае мяса, ялавічыну — па 37 900. Тут чарга — чалавек 30. Чаму?

Спадарыня: «Я думаю, тут больш-менш прымальныя кошты ў параўнаньні з коштамі на рынку».

Бабуля: «Тут таньней, тут цэны больш даступныя».

Спадар: «Таньней, і выбар добры. Значна лепшы выбар, я прайшоў ужо ўсе шэрагі».

Карэспандэнтка: «А наагул, кошты на мяса пад’ёмныя?».

Спадар: «Не зусім задавальняюць, дарагавата. А што зробіш? „Бацька“ Лукашэнка нарабіў… Даводзіцца мірыцца».

Спадарыня: «Цэны ўжо кусаюцца. Калі купіць кіляграм мяса, то потым застанесься зусім галодны ».

Бабуля: «Дорага, канечне. Сала ў пальчык — 25 тысяч. А што там смажыць? Шкурку абрэжаш, застаецца адна плеўка».

Карэспандэнтка: «Ну, а выразку ня можаце сабе дазволіць на пэнсію?».

Бабуля: «Канечне, не».

Спадар: «Пра кошты ўжо невыносна нават і гаварыць. Мяса мінімум па 40 — 45 тысяч. Шыйны зарэз быў па 9 тысяч, а зараз ужо па 23–25 тысяч. На пэнсію мяса купіць — не разгонісься».

Бабуля: «Вельмі ўсё дорага, хутка наагул забудзем смак мяса і рыбы».
Карэспандэнтка: «А чаму толькі пра костачкі пытаецеся?».

Спадарыня: «Проста на добрае мяса не хапае грошай. Кошты вельмі вялікія, вельмі-вельмі».

Карэспандэнтка: «А вось прылавак зь мясам. Самае дарагое — малочная цяляціна, па 90 тысяч. Прадавачка кажа, што сёньня не прадала ні кумпяка, ні лапаткі. Пытаюся, чаму.

Прадавачка: «Нават і не пытаюцца. Не пытаюцца, не цікавяцца. Цікавяцца толькі салам — пасаліць, падсмажыць. А мяса — дарагое для людзей. З такімі коштамі народ ня вельмі разгуляецца. Сала, паджарку, костачкі, галёнкі яшчэ купляюць. А мяса больш далікатнае — кумпячок, лапатку, шыю, філей — нават не пытаюцца. Мы гатовыя нават саступіць у цане, але пра такое мяса нават не запытваюць».

Карэспандэнтка: «Ну, а прыгожае сала і бел-чырвона-белая грудзінка, якія беларусы так любяць у якасьці гасьцінца прывозіць сябрам за мяжу, каштуе мінімум 52 тысячы — гэта больш за 10 даляраў па афіцыйным курсе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG