Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні новай дэвальвацыі


Дэкляраваныя намеры вышэйшага кіраўніцтва Беларусі выйсьці ад сярэдзіны верасьня на раўнаважны курс беларускага рубля экспэрты лічаць паўмерамі, якія не прывядуць да чаканага эфэкту. Яны прагназуюць, што па сутнасьці ўлады легалізуюць множнасьць курсаў, якая і надалей будзе прыносіць прыбыткі спэкулянтам на чорным рынку.

Паводле агучанага Аляксандрам Лукашэнкам сцэнару выхаду зь фінансавага крызісу, за паглыбленьнем якога ўлады назіралі цягам амаль паўгода, рынкавы курс нацыянальнай валюты будзе вызначаны на таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы.

Такога кроку дзелавая супольнасьць чакала яшчэ ў красавіку, аднак тады Нацбанк спалохаўся абвалу рубля з тагачасных 3000 за даляр і палічыў гэта немэтазгодным. Але літаральна празь месяц давялося ісьці на яшчэ больш непапулярныя захады, абвясьціўшы амаль 60-працэнтную дэвальвацыю. Цяперашняе рашэньне шмат хто лічыць запозьненым і недастатковым для стабілізацыі на валютным рынку. Як кажа экспэрт дасьледчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова, надта доўга разгойдваліся, каб рапартаваць пра хуткія посьпехі:
Цяпер насамрэч надзвычай складана прыняць нейкія правільныя рашэньні, таму што яны ў любым выпадку будуць цяжкімі.

«Калі б нейкія рэзкія, але вельмі патрэбныя, рашэньні ўлады прынялі ў сакавіку, то шмат якіх непрыемных наступстваў можна было б, вядома, пазьбегнуць. На жаль, так ня здарылася. Па-першае, цяпер насамрэч надзвычай складана прыняць нейкія правільныя рашэньні, таму што яны ў любым выпадку будуць цяжкімі. Але загнаў сябе ў такую сытуацыю сам урад. Па-другое, усе рашэньні, якія будуць прынятыя, будуць зусім непапулярнымі, таму што могуць уключаць у сябе дзьве крайнасьці. То бок альбо продаж значнай колькасьці дзяржаўнай уласнасьці, каб потым пусьціць выручаныя грошы на падтрымку курсу, ці другі выхад — яшчэ адна дэвальвацыя і прыняцьце плаваючага курсу, што, зноў жа, будзе вельмі непапулярным рашэньнем. Таму палітычныя матывы на ўрад ціснуць вельмі моцна».

Калі раўнаважны курс плянуецца вызначыць на дадатковых таргах, то асноўная сэсія будзе праходзіць у ранейшым фармаце. То бок шэраг суб’ектаў гаспадараньня, як і дагэтуль, будзе набываць валюту на «стратэгічныя мэты» па спэцкоштах. Як лічаць аналітыкі, пры такім раскладзе зноў зьяўляецца спрыяльная глеба для шэрых схемаў — заўсёды знойдуцца ахвочыя набыць валюту таньней і прадаць яе па рынкавым курсе.

Такімі палавіністымі захадамі ўлады ставяць пад сумнеў магчымасьць зьнешніх пазыкаў. Адна з галоўных умоваў атрыманьня ня толькі крэдытаў ад МВФ, але і наступных траншаў з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС — якраз выхад на адзіны курс беларускага рубля на ўсіх сэгмэнтах рынку.

На думку аналітыка Рамана Касьціцына, пакуль кошт рубля ня будзе вызначацца на адзінай сэсіі, ні пра які раўнаважны курс гаворка не ідзе:
Курс наяўнай валюты ў валютчыкаў за тры тыдні жніўня падвышаецца на 25%. Проста на інфармацыі!

«Разумееце, то мы не гаворым своечасова пра тое, што сказаць насамрэч трэба было даўно. То замест таго, каб гаварыць аб прадмеце, гаворым пра нейкіх зьнешніх ворагаў, пра некія „прагібы“ і „нахілы“. То пра яшчэ нейкія беспрадметныя рэчы. У выніку ўсе гэтыя інфармацыйныя асечкі і промахі прыводзяць да таго, што курс наяўнай валюты ў валютчыкаў, якія, дарэчы, зараз вельмі нядрэнна зарабляюць, за тры тыдні жніўня падвышаецца на 25%. Проста на інфармацыі! Ніякіх няма аб’ектыўных падставаў: ні глябальны крызіс не ўплывае, ні нейкія зьявы з амэрыканскім далярам, які некуды скокнуў, а потым вярнуўся назад, ні крызіс эўра — нічога ўжо не ўплывае на Беларусь. Яна проста варыцца ў сваім катле няўмелага абыходжаньня з інфармацыйным патокам».

Не да канца зразумелая і пэрспэктыва рынку наяўнай валюты. Лукашэнка паабяцаў, што ўсе, хто аж «пішчыць», жадаючы набыць валюту, ад верасьня атрымаюць такую магчымасьць. Паколькі мэханізм зьяўленьня ў абменьніках даляраў, эўра ці расейскіх рублёў не агучаны, многія задаюцца пытаньнем: калі сытуацыя вырашаецца так проста, чаму валюта не зьявілася нашмат раней? Лёгіку такіх заяваў некаторыя экспэрты тлумачаць спадзяваньнем на зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці.

Выхад на рынкавы курс, па якім і плянуецца прадаваць валюту, па сутнасьці, азначае чарговую дэвальвацыю. Пры гэтым заробкі ў даляравым эквіваленце працягнуць зьмяншацца. А значыць, людзям трэба думаць не пра канвэртацыю рубля, а пра тое, як дацягнуць да чарговага заробку. Гэта ўскосна пацьвердзіў і сам Лукашэнка, заявіўшы літаральна наступнае: «Я людзей папярэдзіў: валюта будзе, але ці зможаце вы яе купіць?». Пры гэтым нават банкіры ў ананімных размовах не прагназуюць, якімі могуць быць суадносіны рубля і асноўных валют — у тым выпадку, натуральна, калі замежныя грошы зьявяцца ўвогуле:

«Ведаеце што, ня буду нават спрабаваць прагназаваць нешта, не хачу проста. Калі шчыра, то, як кажуць, няма слоў. Гаварылі пра гэта ўжо колькі? Гаварылі, гаварылі, зноў гаварылі. І атрымалі тое, што атрымалі — фактычна ніякай акрэсьленасьці. Мы свае прапановы давалі, але хто прыслухаўся? Усё, што зьявілася за гэты час у камэнтарах, па сутнасьці правільна. Іншае пытаньне — ці будзе гэта ўсё выканана? Таму давайце паглядзім, пачакаць засталося ўсяго нічога, некалькі дзён. Можа, Нацбанк нейкія сродкі для інтэрвэнцыі атрымаў, калі яны так упэўнена пра ўсё гэта кажуць. Таму што інакш грош цана такім абяцаньням».

Чорны рынак на чарговыя абяцаньні «нармалізаваць» і «ўпарадкаваць» адрэагаваў стрымана. Як правіла, усе ранейшыя спробы супакоіць грамадзтва мелі адваротны эфэкт — страціўшы давер да словаў чыноўнікаў, рынак адказваў абвалам. Як вынік — 100-працэнтная розьніца з афіцыйным курсам на безнаяўным рынку і ўсё бліжэйшыя да гэтага паказьнікі ў наяўным сэктары. Але гэтым разам, падобна, ценевыя ўдзельнікі рынку ўзялі паўзу да сярэдзіны верасьня. На сайце prokopovi.ch, які пасьля некалькіх дзён атакаў пэрманэнтна ажывае, продаж валюты зафіксаваўся ў сярэднім на адзнацы 9000 рублёў за даляр, купля — у прамежку 8500–8800 рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG