Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра замову забойства Кучмам заявіў былы супрацоўнік МУС Украіны Аляксей Пукач, які прызнаўся ў забойстве журналіста. Пра гэта паведамляе выданьне «Ўкраінская праўда», рэдактарам якой да свайго забойства ў 2000 годзе быў Геoргі Гангадзэ. Паводле Пукача, у курсе замовы былі таксама тагачасны кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Літвін і экс-кіраўнік МУС Юры Краўчанка, які быў знойдзены мёртвым у сваім доме ў 2005 годзе.

Пасяджэньні суду над Аляксеем Пукачам, які пачаўся ў красавіку, праходзяць у закрытым рэжыме, і журналістам, якія сабраліся ў аўторак перад будынкам Пячэрскага раённага суду Кіева, пра паказаньні былога афіцэра МУС распавёў грамадзкі дзеяч Аляксей Падольскі, які праходзіць па справе пацярпелым.

Паводле яго, падчас пасяджэньня Пукач прызнаў, што ўласнаручна забіў Гангадзэ. «Ён дакладна сказаў, што гэта Кучма, ён назваў Літвіна, Джыгу і Краўчанку», — заявіў журналістам Падольскі. Такім чынам аб злачынстве ведалі таксама тагачасны кіраўнік адміністрацыі Кучмы Уладзімір Літвін і найвышэйшае кіраўніцтва МУС — міністар Юрый Краўчанка, яго намесьнік Мікалай Джыга. У паказаньнях фігуруе таксама кіраўнік апарату МУС Эдуард Ферэ.

У сваіх паказаньнях Пукач распавёў, што пасьля таго, як ён і яго памагатыя, былыя супрацоўнікі дэпартамэнту зьнешняга назіраньня і крымінальнай выведкі МУС Валерый Кастэнка, Мікалай Пратасаў і Аляксандр Паповіч, забілі ў лесе пад Кіевам выкрадзенага раней у той самы дзень Гангадзэ, ужо на наступны дзень ён накіраваўся да Краўчанкі са справаздачай. У кабінэце міністра ўжо знаходзіліся кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Уладзімір Літвін, Джыга і Ферэ. Па словах Пукача, Краўчанка сказаў Літвіну: «Гэта той самы хлопец, начальнік нашай выведкі, які вывез і забіў Гангадзэ», на што Літвін адказаў: «Я гэта вельмі добра ведаю».

«Мы адданыя прэзыдэнту і выканаем любой яго загад», — зноў зьвярнуўся да Літвіна міністар. «І Літвін усё пры гэтым ківаў галавой», — перадае паказаньні былога міліцэйскага начальніка Падольскі.

Тады ўсе фігуранты справы катэгарычна адмовілі сваю датычнасьць да забойства Гангадзэ.

Супраць Кучмы яшчэ ў сакавіку была заведзена крымінальная справа па абвінавачваньні ў датычнасьці да забойства Гангадзэ. Пасьля некалькіх выклікаў экс-кіраўніка дзяржавы на допыт у пракуратуру яна заціхла.

На Кучму, якога апазыцыя ўсе апошнія дзесяць гадоў лічыла замоўшчыкам злачынства дзякуючы памятным стужкам маёра дзяржслужбы аховы Мікалая Мельнічэнкі, сьледзтва выйшла ў апошнюю чаргу. Краўчанка быў знойдзены мёртвым на сваёй дачы пад Кіевам 4 сакавіка 2005 году. У яго былі выяўленыя два агнястрэльных раненьні ў галаву, зробленыя са зброі рознага калібру. Сьледзтва прызнала яго сьмерць самагубствам. Існуе перадсьмяротная запіска Краўчанкі, у якой ёсьць прызнаньне, што ён «стаў ахвярай палітычных інтрыг прэзыдэнта Кучмы і яго атачэньня», але яе сапраўднасьць выклікае сумневы.

Першымі вінаватымі ў забойстве Гангадзэ былі прызнаныя ў сакавіку 2008 года Кастэнка, Паповіч і Пратасаў. Пукач, які правёў чатыры гады ва ўцёках, быў арыштаваны ў ліпені 2009 году. Яму былі выстаўленыя абвінавачаньні ў забойстве, перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў і зьнішчэньні канфідэнцыйных дакумэнтаў — сьведчаньняў вонкавага назіраньня, якое супрацоўнікі МУС вялі за Гангадзэ.

Пасьля арышту Пукач амаль адразу даў прызнальныя паказаньні, але тыя, хто чуў яго выступ у судзе, кажуць, што вялікай віны ён за сабой ня бачыць, лічачы, што Гангадзэ быў амэрыканскім шпіёнам і з 1997 году рыхтаваў дзяржаўны пераварот. Пукач абвясьціў, што разам з Гангадзэ ў змове былі грамадзкі дзеяч Падольскі і цяперашні рэдактар «Украінскай праўды» Алена Прытула.

Прызнаньні Аляксея Пукача мы папрасілі пракамэнтаваць украінскага палітоляга, навуковага дырэктара школы палітычнай аналітыкі НаУКМА Сяргея Гараня.

Дракахруст: Наколькі праўдападобнымі вам падаюцца абвінавачаньні сп-ра Пукача на адрас былых кіраўнікоў краіны ў датычнасьці да забойства Георгія Гангадзэ?

Гарань: Ва ўкраінскім грамадзтве вядома, што Пукач дзейнічаў на загад тагачаснага кіраўніцтва МУС, тут фігуруюць прозьвішчы Краўчанкі і Ферэ. Наконт таго, ці быў наўпроставы загад ад Кучмы і Літвіна – тут ёсьць пытаньне. Некаторыя лічаць, што Кучма наўрад ці мог даць прамы загад, ён хутчэй за ўсё мог сказаць "Заткніце пашчу гэтаму грузіну" ці нешта ў такім ключы. А ўжо кіраўніцтва МУС магло дзейнічаць у адпаведнасьці з прымаўкай – пашлі дурня Богу маліцца...

Але відавочна, што Кучма і Літвін нясуць адказнасьць у любым выпадку, бо яны стварылі тую аўтарытарную сыстэму.

Пукач нічога асабліва новага не адкрыў і таму трэба разумець кантэкст, у якім ён гэта сказаў. Ён заявіў, што журналісты Гангадзэ, Прытула былі агентамі ЦРУ і рыхтавалі пераварот. І Пукач ледзь не герой, што ён прадухіліў гэты пераварот. Яго словы могуць быць і праўдай, але сам Пукач выглядае як чалавек, якім маніпулююць, у тым ліку і мэтай палітычных тэхналёгій.

Дракахруст: А вось як раз наконт маніпуляцыяў – якімі будуць палітычныя наступствы прызнаньняў Аляксея Пукача, незалежна ад ступені іх праўдзівасьці, у прыватнасьці, ці магчымае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці Леаніда Кучмы і Ўладзімера Літвіна?

Гарань: Я мяркую, што насамрэч ніякіх юрыдычных наступстваў ня будзе. Пра гэта гаварылі тады, калі цяперашняе кіраўніцтва Ўкраіны фактычна санкцыянавала справу супраць Кучмы. Мне здаецца, што тут ёсьць некалькі зусім іншых мэтаў.

Адна – паказаць Эўропе, што ва Ўкраіне ўсе роўныя перад законам, гэта значыць, адцягнуць увагу ад справаў Цімашэнкі, Луцэнкі і іншых лідэраў апазыцыі. Другая мэта – своеасаблівая помста Кучму за 2004 год, калі ён усё ж пайшоў на саступкі "аранжавым". Нарэшце, трэцяя мэта – гэта запалохаць бізнэс-эліты. Зяць Кучмы Віктар Пінчук – алігарх, уладальнік шэрагу тэлеканалаў. Гэта ёсьць спроба паказаць і Пінчуку, і іншым бізнэсоўцам хто ў доме гаспадар. Мой прагноз – зробяць адказнымі тых людзей, якіх ужо няма на сьвеце, Краўчанку і Ферэ. А што да іншых, то будзе сказана, што доказаў недастаткова. Што да Літвіна, то гэта таксама спроба трымаць яго пад кантролем. Ён сьпікер парлямэнту, мяркуе пераабірацца ў наступным годзе. І гэта спосаб яго кантраляваць і загнаць у "Партыю рэгіёнаў".
XS
SM
MD
LG