Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мін’юст адабраў адвакацкую ліцэнзію ў Тамары Сідарэнкі


Тамара Сідарэнка

Тамара Сідарэнка

Калегія Міністэрства юстыцыі Беларусі зацьвердзіла рашэньне кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці спыніць ліцэнзію адвакату Тамары Сідарэнцы.

Афіцыйныя падставы спыненьня дзеяньня ліцэнзіі пакуль не вядомыя.

17 жніўня 2011 году адвакат Сідарэнка павінна была праходзіць пазачарговую атэстацыю. Аднак, не чакаючы вынікаў працы атэстацыйнай камісіі, кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі прыняла рашэньне спыніць дзеяньне яе ліцэнзіі.

На працэсе па справе 19 сьнежня Сідарэнка абараняла былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева. А пасьля таго як Мін’юст пазбавіў ліцэнзіі Алега Агеева, таксама абараняла іншага былога кандыдата на прэзыдэнта — Алеся Міхалевіча, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Карэспандэнту Радыё Свабода Тамара Сідарэнка сказала: «Што тут камэнтаваць? Шкада, вядома. Шкада сябе, шкада кваліфікацыйную камісію, якая першай прымала такое рашэньне, шкада калегію. У мяне былі надзеі на тое, што ўсё павернецца ў лепшы бок. Бо за мяне хадайнічаў прэзыдыюм нашай калегіі адвакатаў, у мяне 33 гады стажу, да таго я не была ні ў чым дрэнным заўважана, за апошні час маю чатыры заахвочваньня, у тым ліку дзьве граматы Мін’юсту... Я меркавала, што ў любым выпадку асобу мусяць улічыць, але... не атрымалася».

Тамара Сідарэнка ня стала наўпрост зьвязваць пазбаўленьне ліцэнзіі з тым, што апошнія некалькі гадоў яна часта абараняла апазыцыянэраў. Яна нагадала, што атрымала два папярэджаньні, якія сталі фармальнай прычынай прэтэнзій да яе.

«Першае папярэджаньне — калі я дала інтэрвію і выказала меркаваньне, што Някляева перасьледуюць мэтанакіравана. Прызнаю, што гэта было сказана не зусім правільна. Але заўважу, што другое папярэджаньне я атрымала, калі пасьля першага папярэджаньня былі правераныя мае справаздачныя дакумэнты. Пад гэтую праверку я трапіла разам зь іншымі адвакатамі вядомых вязьняў. Таму мяркуйце самі».

Тамара Сідарэнка сказала «Свабодзе», што паспрабуе абскардзіць рашэньне калегіі Мін’юсту ў судзе.

Адвакаты, якія пазбаўленыя магчымасьці займацца прафэсійнай дзейнасцю па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і былі тым ці іншым чынам зьвязаныя з крымінальнай справай аб падзеях 19 сьнежня:

  • Уладзімер Тоўсьцік — абаронца Ірыны Халіп;
  • Тацяна Гараева — абаронца Ірыны Халіп;
  • Тацяна Агеева — абаронца Ірыны Халіп;
  • Алег Агееў — абаронца Алеся Міхалевіча;
  • Павал Сапелка — абаронца Андрэя Саньнікава;
  • Тамара Сідарэнка — абаронца Ўладзімера Някляева і Алеся Міхалевіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG