Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце. Вярхоўны суд адмяніў вырак даверанай асобе Статкевіча


Віктар Чайкоўскі

Віктар Чайкоўскі

Вярхоўны суд скасаваў пастановы Ленінскага і абласнога судоў Берасьця пра пакараньне намесьніка кіраўніка арганізацыі прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктара Чайкоўскага.

«Па дадзенай справе дапушчана аднабаковасьць і непаўната дасьледаваньня ўмоваў адміністратыўнага правапарушэньня», — напісаў ў лісьце Чайкоўскаму старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала.

Віктара Чайкоўскага, які зьяўляўся даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнты Міколы Статкевіча, у дзень выбараў 19 сьнежня 2010 года затрымалі нібыта за тое, што ён мацюкаўся. Тады Чайкоўскага пакаралі трыма суткамі арышту.

Пазьней абласны суд не задаволіў скаргу прадпрымальніка на рашэньне суду Ленінскага раёну Берасьця. Аднак днямі Вярхоўны суд скасаваў пастановы берасьцейскіх судоў і накіраваў справу на перагляд.

«Супрацоўнікі спэцслужбаў займаюцца адкрытымі правакацыямі, таму часта справы супраць грамадзска-палітычных актывістаў ствараюцца насьпех. З-за гэтага судовыя працэсы выглядаюць абсурднымі. Аднак судьдзі на гэта не зьвяртаюць увагу, для іх паказаньні лжэсьведкаў часта зьяўляюцца больш важнымі. Таму мяне зьдзівіла тое, што Вярхоўны суд адмяніў рашэньні берасьцейскіх судоў», — кажа Віктар Чайкоўскі, які ўжо зьбіраўся падаваць скаргу ў ААН.
XS
SM
MD
LG