Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст вязьня: «Афіцэр матам загадаў мяне зьбіваць, і пачалося»


Зьняволены Івацэвіцкай калёніі № 5 39-гадовы Сяргей Т. даслаў у праграму «Свабода ў турмах» расповед пра тое, як яго жорстка зьбілі супрацоўнікі калёніі. Ліст са скаргай Сяргей перадаў Генэральную пракуратуру Беларусі.

«Сёлета 21 ліпеня я выйшаў са сталоўкі пасьля сьняданку і ўбачыў, што санінструктар майго атраду павёў людзей у санчастку па таблеткі. А я з прычыны колішняй цяжкай траўмы галавы стала атрымліваю таблеткі, у тым ліку заспакойлівыя, каб спаць. Я не дабег мэтраў 20 да санінструктара. Бо мяне спыніў афіцэр апэратыўнага аддзелу капітан Салівончык. Я яму растлумачыў, што бягу даганяць сваіх, аднак той нават ня стаў слухаць мае тлумачэньні і павёў мяне на КПП да дзяжурнага. Ля ганку КПП ён выклікаў па рацыі кантралёраў. Тыя выйшлі і спыталі, што са мной рабіць. Афіцэр адказаў: «У…бать!».

Тады яны адразу заламалі рукі так, што я стукнуўся ілбом аб асфальт. Потым кантралёры павалаклі мяне ў будынак КПП і сталі ўсёй ранішняй зьменай зьбіваць мяне нагамі — па галаве ды іншых частках цела.
Потым кантралёры павалаклі мяне ў будынак КПП і сталі ўсёй ранішняй зьменай зьбіваць мяне нагамі.
Усіх гэтых кантралёраў я ведаю ў твар, некаторых паводле прозьвішчаў, а некаторых паводле мянушак. Выпадковымі сьведкамі гэтага зьбіцьця сталі двое асуджаных (іх імёны таксама ведаю). Потым мяне нагамі пачалі запіхваць у 20-ю камэру (вельмі маленькая камэра на вахце, дзе пераважна можна стаяць, а ляжаць — у вельмі скручаным стане). Каля пяці гадзін я праляжаў там на падлозе. Настолькі мне было кепска: балела ўсё цела, і асабліва балела галава. Аднак ніякай мэдычнай дапамогі не атрымаў. Увечары мяне зьбітага вярнулі ў атрад. Увесь атрад убачыў мяне моцна зьбітага, зь відочнымі сьлядамі зьбіцьця ад удараў ног.

На наступную раніцу я запісаўcя да начальніка мэдчасткі Пракопчыка, ён жа псыхіятар, для агляду пабояў. Калі я расказаў яму, што са мной здарылася напярэдадні, доктар сказаў, што мне трэба класьціся ў санчастку. Я папрасіў выклікаць судмэдэкспэртаў для зьняцьця пабояў, аднак у адказ ад начальніка мэдчасткі пачуў, што падобнай экспэртызай займаецца апэратыўны аддзел. Пры мне ён пазваніў туды. У выніку мяне даставілі да апэратыўнікаў. Тыя пачалі мяне прыніжаць і запалохваць: маўляў, калі я буду настойваць на экспэртызе, то дачакаюся чагосьці вельмі непрыемнага. Потым зьявіўся начальнік аддзелу маёр Гейц, які пачаў з таго, што моцна стукнуў мяне кулаком пад дых і паабяцаў, што згноіць мяне ў ізалятары ў адзіночцы і створыць такое жыцьцё, што я сам буду ня рады. Апэратыўнікі папярэдзілі мяне, каб я нікому не званіў і нічога нікому не казаў. Маёр Гейц пры мне ў кабінэце загадаў афіцэрам, што тыя мусяць сачыць, каб я ня мог тэлефанаваць на волю, а таксама прыгразіў, што жорстка пакарае іх, калі такое здарыцца».

Сяргей Т.таксама распавёў у сваім лісьце пра вынікі сваёй размовы з турэмным лекарам, пра адсутнасьць належнай мэдычнай дапамогі і пра болі, якія не пакідаюць яго і дагэтуль.

Цалкам ліст прагучыць у наступнай праграме «Свабода ў турмах».

Тэмы чарговага выпуску:

  • Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць.
  • Андрэй Пачобут: «І я , і кожны іншы сядзелец камэры ўяўляў сабе, як гэта было ў 1941: крокі аховы, адчыняюцца дзьверы…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG