Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітвязьню Паўлу Вінаградаву пісаць прашэньне аб памілаваньні не прапаноўвалі


Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Родныя Паўла Вінаградава — яго бацька Юры і жонка Сьвятлана — былі запрошаны ў Івацэвіцкую калёнію «Ваўчыныя норы» на так званы «дзень адкрытых дзьвярэй».

Усяго ў калёнію запрасілі больш за 50 сваякоў зьняволеных, распавёў бацька Паўла Юры Вінаградаў. Іх вельмі доўга прапускалі, даглядалі — больш за 4 гадзіны. Гасьцям паказалі клюб, сталовую, казармы, дзе жывуць арыштанты. У казарме Паўла плошчай каля 15 квадратных мэтраў — 12 чалавек, у памяшканьні толькі ложкі і тумбачкі.

Кіраўніцтва калёніі дало магчымасьць родным правесьці зь вязьнямі амаль дзьве гадзіны, прычым, не праз шкло, а кантактаваць наўпрост. Павал распавёў, што іншым палітвязьням — Эдуарду Лобаву і Фёдару Мірзаянаву — прапаноўвалі напісаць прашэньні аб памілаваньні. А да Паўла ніхто ніколі не зьвяртаўся з такой прапановай. «Ніколі не пайду на гэта, буду сядзець „ад званка да званка“», — цьвёрда сказаў Павал. Паводле словаў кіраўніцтва калёніі, Павал Вінаградаў «ня стаў на шлях выпраўленьня».

Юры Вінаградаў распавёў, што трымаецца Павал вельмі добра, настрой у яго бадзёры. Адзінае, што напружвае — за ім пастаянна вельмі пільна сочаць.

Пры канцы верасьня родныя зьбіраюцца на доўгатэрміновае трохдзённае спатканьне з Паўлам.
XS
SM
MD
LG