Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за прапановай аб круглым стале?


У панядзелак Аляксандар Лукашэнка прапанаваў палітычным апанэнтам і Эўразьвязу правесьці круглы стол. Якія мэты ставяць улады? Ці варта апазыцыі выстаўляць папярэднія ўмовы? Хто стане суб’ектам перамоваў з боку апазыцыі?

Удзельнікі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і вядомы грамадзкі дзеяч Анатоль Сідарэвіч.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Сідарэвіч
Валер Карбалевіч

Якія мэты ставяць улады?


Валер Карбалевіч: «Усьлед за спыненьнем шэрагу крымінальных спраў у адносінах да ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня Лукашэнка выступіў з сэнсацыйнай прапановай правесьці круглы стол з прадстаўнікамі ўсіх палітычных лягераў, да таго ж у прысутнасьці назіральнікаў з Эўразьвязу, Расеі, міжнародных арганізацый. Чаму раптам? У чым прычыны такой дзіўнай талерантнасьці? Якія мэты ставіць перад сабою ўлада, вылучаючы такую прапанову?».

Анатоль Лябедзька: «Сапраўды, мы адвыклі ад міралюбных жэстаў Лукашэнкі. Пакуль што мы маем толькі заяву. Незразумелы фармат круглага стала, суб’екты дыялёгу. Гэта рэакцыя на эканамічны крызіс. Гэта мяккая падсьцілка перад перамовамі з МВФ, іншымі фінансавымі інстытуцыямі».
Пакуль што мы маем толькі заяву. Незразумелы фармат круглага стала, суб’екты дыялёгу.

Анатоль Сідарэвіч: «Гэта ня толькі эканамічны, а сыстэмны крызіс. Большасьць грамадзян не давярае ўладным інстытутам. Для выратаваньня асабістай улады Лукашэнку патрэбныя грошы, у тым ліку для выплаты даўгоў. Асноўная мэта гэтай заявы палягае ў тым, каб пачаць дыялёг з Захадам».

Які фармат можа прыняць круглы стол?


Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы прыйшлі да высновы, што сэнс гэтага круглага стала не ў дыялёгу з унутранай апазыцыяй, а ў дыялёгу з Захадам. У што можа выліцца гэтая ідэя? У які фармат?».

Лябедзька: «Мажлівыя тры сцэнары, якія могуць рэалізаваць улады. Першы сцэнар: шырокі дыялёг, які ўлады ажыцьцявілі ў канцы 1990-х гадоў зь вялікім колам удзельнікаў, размытым парадкам дня.

Другі сцэнар: рэанімацыя Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта. Каб прадаць яе Захаду як пляцоўку для дыялёгу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю.

Трэці сцэнар: перамовы з вызначаным парадкам дня, дакладнай суб’ектнасьцю, прывязкай да канкрэтнага часу. Такі сцэнар спрабавалі рэалізаваць у 1999 годзе пры падтрымцы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі на чале зь Вікам. Мы выступаем за трэці сцэнар».

Сідарэвіч: «Раніцай я распаўсюдзіў свой артыкул на гэты конт. Лукашэнка ня вызначыў дакладна, дзеля чаго трэба круглы стол. Нічога не казалася пра неабходнасьць эканамічных і палітычных рэформаў. А пра рэформы трэба весьці размову з суб’ектамі палітычнага жыцьця Беларусі, палітычнымі партыямі. Але партыі не атрымалі пісьмовых прапаноў».

Праблема вызваленьня палітвязьняў


Карбалевіч: «Большасьць апазыцыйных палітыкаў выказалася за тое, што папярэдняй умовай пачатку перамоваў павінна стаць вызваленьне палітвязьняў. Іншыя — напрыклад, лідэр партыі „Справядлівы сьвет“ Калякін — кажуць, што папярэднія ўмовы выстаўляць ня варта, а пытаньне пра вызваленьне вязьняў павінна стаяць першым пунктам перамоваў. А якая ваша думка на гэты конт?».

Лябедзька: «Вызваленьне палітвязьняў выгаднае самой уладзе. Гэта ўзмоцніць яе пазыцыі на перамовах. Наяўнасьць вязьняў — дрэнны фон для перамоўнага працэсу з Захадам. Таму я выступаю за гэтую папярэднюю ўмову».
Як можна праводзіць перамовы, калі ў вязьніцах сядзяць кандыдаты ў прэзыдэнты, актывісты іх перадвыбарчых штабоў?

Сідарэвіч: «Як можна праводзіць перамовы, калі ў вязьніцах сядзяць кандыдаты ў прэзыдэнты, актывісты іх перадвыбарчых штабоў? Трэба выканаць тую ўмову, якая сумесна выпрацавана беларускай і міжнароднай супольнасьцю: вызваленьне палітвязьняў. У краіне, у якой ёсьць палітзьняволеныя, немагчымы плённы дыялёг паміж уладаю і апазыцыяй».

Пытаньне суб’ектнасьці апазыцыі


Карбалевіч: «Важнае пытаньне, якое ўзьнікае, — гэта пытаньне суб’ектнасьці апазыцыі на гэтых перамовах. Хто будзе ў іх удзельнічаць? І хто павінен вызначаць гэтае пытаньне? Вось калі няздольнасьць апазыцыі аб’яднацца, адсутнасьць адзінага органа, які мог бы прадстаўляць інтарэсы апазыцыі, разьвязвае ўладам рукі. Яны могуць самі выбраць зручных для сябе апанэнтаў».

Лябедзька: «Заўчасна размаўляць пра суб’ектнасьць, пакуль не сфармуляваныя прапановы пра круглы стол. Галоўнае ня тое, хто будзе сядзець за сталом перамоваў, гэта другасны чыньнік. Важны парадак дня, працэдура перамоваў, супольная пазыцыя дэмакратычных сілаў. У 1999 годзе перамовы ад імя апазыцыі вяла дэлегацыя на чале зь Міхаілам Пастуховым на падставе пазыцыі, супольна выпрацаванай дэмакратычнымі сіламі».

Карбалевіч: «Дык пытаньне якраз у тым, хто павінен вызначаць парадак дня перамоваў, супольную пазыцыю дэмакратычных сілаў?».

Лябедзька: «Перамовы — гэта палітычны працэс. Калі гэта палітычны працэс, то ў іх павінны ўдзельнічаць суб’екты палітычнага жыцьця. Гэта партыі і грамадзка-палітычныя рухі, якія бралі ўдзел у выбарчых кампаніях».

Сідарэвіч: «Згодзен, што гэта павінны быць партыі і рухі, якія бралі ўдзел у выбарчых кампаніях. Упэўнены, што дэмакратычныя партыі здольныя дамовіцца між сабой. У іх ёсьць што прапанаваць уладзе. Узгадаем, што на Кангрэсе дэмакратычных сілаў у 2007 годзе прынятая Малая Канстытуцыя, былі выпрацаваны прапановы аб эканамічных рэформах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG