Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя абмяркоўвае тэму "круглага стала" бяз прэсы


Офіс АГП
Офіс АГП
Лідэры апазыцыйных партый і рухаў зьбіраюцца сёньня для абмеркаваньня магчымасьці дыялёгу з уладамі. Сустрэча плянуецца ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) бяз удзелу СМІ. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка прапанаваў "усім разумным і тым, хто любіць сваю краіну людзям, да якога б палітычнаму лягеру яны ні належалі, сесьці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфэктыўнага паляпшэньня сытуацыі ў краіне ". "Хочаце ваяваць і змагацца - калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце сваю рацыю, адстойвайце свой пункт гледжаньня", - дадаў Лукашэнка.

Як паведаміў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька, свой удзел у сёньняшняй нарадзе сустрэчы пацьвердзілі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет", рухаў "За Свабоду" і "Гавары праўду", Аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". "Мы павінны выпрацаваць сваю пазыцыю па заяве Лукашэнкі, а таксама падрыхтаваць плян дзеяньняў у выпадку разьвіцьця розных сцэнарыяў", - адзначыў лідэр АГП.

На думку Лябедзькі, магчымыя як мінімум тры сцэнары далейшых дзеяньняў улады. "Першы - тое, што мы ўжо праходзілі: спроба шырокага дыялёгу, калі незразумела, з кім наогул ён вядзецца і якія пытаньні абмяркоўваюцца. Другі - спроба рэанімаваць Грамадзка-кансультатыўную раду пры адміністрацыі прэзыдэнта. І трэці - рэальныя перамовы, як гэта ўжо было ў канцы 90-х пры пасярэдніцтве Ганса-Гэорга Віка", - лічыць палітык.

Пры гэтым ён заявіў: перамовы паміж уладай і апазыцыяй не могуць пачацца да таго часу, пакуль застаюцца ў турмах фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. "Ва ўлады ёсьць шанец прыйсьці на перамовы моцнай. Гэта справа трох хвілін і аднаго подпісу. Вырашэньне пытаньня палітвязьняў таксама ўзмоцніць пазыцыі Менску пры перамовах з міжнароднымі структурамі", - падкрэсьліў Лябедзька.

Учорашнюю заяву Лукашэнкі лідэр АГП пакуль расцэньвае як "зробленую адмыслова для МВФ". "Ці былі гэта проста слова ці рэальная гатовасьць да дыялёгу, мы ўбачым у самы бліжэйшы час", - дадаў Анатоль Лябедзька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG