Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу


Празь дзень у школьнікаў пачынаецца новы навучальны год. Перад 1 верасьня бацькі зь дзецьмі праводзяць у крамах у пошуках новага школьнага адзеньня і неабходных прыладаў.

Карэспандэнты «Свабоды» ў рэгіёнах хадзілі па школьных кірмашах і разам з бацькамі лічылі, колькі сёньня каштуе сабраць дзіця ў школу.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Кошты на школьным кірмашы сёлета павысіліся ўдвая»

Спадарыня Тацяна прыйшла на школьны кірмаш набыць хлапечы гарнітур для сына-адзінаццаціклясьніка. Хлопец хутка расьце, і новае адзеньне для школы даводзіцца набываць штогод. А кошты ў параўнаньні зь леташнімі вырасьлі ўдвая, кажа маці школьніка:

«Сабраць сёлета дзіця ў школу каштуе сур’ёзных укладаньняў, бо кошты павысіліся практычна ў два разы. Адзеньне каштуе да мільёна і вышэй. Яшчэ ўразілі цэны на сшыткі: звычайны сшытак на 12 старонак раней каштаваў 150–200 рублёў, максымум 300. А цяпер — і 1000, і 1100 рублёў. Таму для бацькоў гэта ўсё — сур’ёзны ўдар па кішэні».

Звычайны просты аловак у віцебскім унівэрмагу каштуе ад 650 да 3380 рублёў, лінейка — ад 520 да 3500… І бацькі імкнуцца набыць самае таннае, дзеліцца назіраньнямі спадарыня Тацяна:
Ня кожную просьбу дзіцяці могуць задаволіць бацькі…

«Калі раней бацькі імкнуліся задаволіць нейкую просьбу дзіцяці — калі малое просіць набыць нейкія адмысловыя фарбы ці то паперу прыгожую каляровую — то цяпер маці сочыць, каб хапіла сямейнага бюджэту. І ніякія капрызы ўжо не задавальняюцца. Заробкі, зразумела, у нас не падрасьлі, шмат хто атрымлівае столькі ж, колькі й да крызісу, і таму падрыхтаваць дзіця да школы «ўлятае ў капеечку».

На падрыхтоўку дзіцяці да школы сёньня можна ўзяць крэдыт — пад 10%. Спадарыня Ірына вагалася, ці варта пазычаць грошы ў банкаў, і ўрэшце адмовілася ад гэтай ідэі:

«Прыносіш пасьведчаньне пра нараджэньне дзіцяці, і табе даюць крэдыт пад 10%, але калі нават пад 10%, як жыць сям’і зь невялікімі заробкамі? Лепей далі б аднаразовую дапамогу, няхай сабе няшмат — якіх 50 тысяч, на сшыткі тыя. 10% для камэрцыйнага крэдыту — гэта няшмат. Але для нашага чалавека, які і так ледзьве выжывае, гэта распрананьне! Ды яшчэ нібыта нам кажуць «Мы табе дапамаглі!».

Большасьць бацькоў усё ж спадзяецца выключна на ўласныя фінансавыя магчымасьці. Спадарыня Людміла дзеліцца сакрэтамі, як эканоміць пры падрыхтоўцы да школы:
Згадайце, як рабілі нашы маці: вось мне мамка школьную сукенку надвязвала, калі рабілася караценькая.

«Рыхтавацца да навучальнага году можна пачынаць яшчэ ў траўні. Набудзьце сёе-тое, яно ж за лета падаражэе — во вы і зэканомілі! І перагледзьце, што ў вас ёсьць: можа, нейкія чыстыя сшыткі ў вас і засталіся. Згадайце, як рабілі нашы маці: вось мне мамка школьную сукенку надвязвала, калі рабілася караценькая. 10 сантымэтраў аблямоўкі — і ня трэба новая сукенка ці спадніца. Ня ўмееце так — вучыцеся!».

Калісьці падручнікі абгортвалі газэтамі — калі не было вокладак. Мажліва, беларусаў сёньня штурхаюць і да гэтага, дэкляруючы, што крызісу ў краіне няма і ў кожнага — надзейныя сацыяльныя гарантыі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Крызіс цяпер моцна адчуваецца»

Згодна з распараджэньнем Берасьцейскага аблвыканкаму буйныя дзяржаўныя крамы прапануюць адмысловыя сацыяльныя зьніжкі. Напрыклад, «Дзіцячы сьвет», ЦУМ і некаторыя іншыя крамы на 3% зьнізілі кошт тавараў для школьнікаў з шматдзетных сямей. Практыкуюцца і крэдыты на школьныя закупы.

Але, як кажуць берасьцейцы, палёгка гэта — сымбалічная. Крызіс сёлета моцна адчуваецца падчас збору дзіцяці ў школу.

Спадар: «Туфлі трыста тысяч 37-га памеру стаяць у „Дзіцячым сьвеце“. Няўжо гэта магчыма такое? Едзем далей глядзець…».

Раней напрыканцы лета берасьцейцы выпраўляліся па школьныя закупы ў суседнюю Ўкраіну — на кірмашы Ковеля або Хмяльніцкага. Аднак падзеньне курсу беларускага рубля зрабіла такія шоп-туры нявыгаднымі.
Нашы грошы — гэта сьмецьце. Каб паехаць ва Ўкраіну ці Польшчу, трэба мець даляры.

Спадарыня: «Цяпер гэта праблема, бо нашы грошы — гэта сьмецьце. Каб паехаць ва Ўкраіну ці Польшчу, трэба мець даляры. Калі я атрымліваю 800 тысяч, уявіце, як можна купіць даляры і паехаць ва Ўкраіну…».

Другая спадарыня: «Я вось учора прыехала з Расеі, то каб у Екацярынбургу купіць адзін даляр, трэба 35 тысяч беларускіх».

Абцяжарваюць бюджэт берасьцейцаў і школьныя паборы напярэдадні навучальнага году:

Спадарыня: «Патрабуюць здаваць грошы на ўтрыманьне школы. У нас жа ўсё бясплатна, кажуць. А як прыйдзецца, то на рамонт здаюць бацькі, за ўтрыманьне гімназіі здаюць бацькі, на атрамант здаюць бацькі… Нават мячы тыя таксама бацькі мусяць купляць».

Жанчына кажа, што заявы прэзыдэнта пра даступнасьць беларускіх тавараў — гэта крывадушша. На яе думку, пры заробку ў 800 тысяч сабраць нават адно дзіця ў школу вельмі праблематычна.

Спадарыня: «Калі ўзяць алоўкі, то тых пару колераў каштуюць 15 тысяч. Кашулька — 55 тысяч, то палічыце, колькі іх трэба ў школу набыць… Калі Лукашэнка лічыць, што ў нас вельмі шмат грошай, то ён памыляецца. Можа, у каго і ёсьць грошы, але не ўва ўсіх».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На школьным кірмашы ў Горадні няма зьніжак

У цэнтры Горадні на Савецкай плошчы школьны кірмаш працуе зь ліпеня. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў наведнікаў — што ім удалося набыць і колькі гэта каштавала для сямейнага бюджэту?

Спадар: «Ня ведаю, пакуль не лічыў, цэны вельмі не падабаюцца, дорага надта. У раёне мільёна трэба, напэўна, каб у першы кляс сабраць сына».

Спадарыня: «Найперш сшыткі падаражэлі. Нават на пачатку лета я купляла малы сшытак за трыста рублёў, а цяпер яны за чатырыста — чатырыста пяцьдзясят. У мільён мы не ўкладземся, калі купляць школьную форму, абутак, спартыўныя гарнітур і абутак. Калі адразу ўсё купляць, то ўвесь заробак пойдзе».
Цяжка сям’і зь дзецьмі цяпер жыць. У нас адно дзіця, і другога мы не плянуем.

Другая спадарыня: «Мы зьбіралі некалькі месяцаў. Я бачу: на школьным кірмашы тут няма зьніжак, у крамах часам можна нават знайсьці штосьці таньнейшае. Калі заробак ня будзе падвышацца, цяжкавата будзе. Мы прыйшлі і пяцьсот тысяч аддалі адразу на школу, гэта толькі пайшло на адзеньне і абутак. А плюс трэба дзіцяці канцылярскія тавары купіць: сшыткі, альбомы, фарбы — дарагавата выходзіць. А калі на дзяржаўнай рабоце працуеш як бюджэтнік, а я мэдыцынскі работнік, то мільёна я не атрымліваю. Калі мы працуем на стаўку, мільёна ў нас не атрымліваецца. Добра было б, каб падвысілі нам заробак, але мэдыкам не абяцаюць. Вельмі шмат грошай ідзе на ежу, на аплату крэдытаў. А калі на рэчы, каб апрануцца, то спрабуем зьбіраць цягам некалькіх месяцаў, каб нешта купіць. Цяжка сям’і зь дзецьмі цяпер жыць. У нас адно дзіця, і другога мы не плянуем. Ну, таму што гэта немагчыма».

Маладая спадарыня: «Цяпер у дэкрэтным адпачынку, муж толькі працуе. Дзіця ў садок цяпер адпраўляем, а сынок — у другі кляс ідзе. Купілі канцтавары, фарбы, плястылін, а зараз вось нагавіцы хочам, адны набылі і яшчэ другія трэба. Нагавіцы па пяцьдзясят — пяцьдзясят пяць тысяч, а гарнітуры — па дзьвесьце пяцьдзясят. Складана набыць гарнітур, таму вырашылі штаны і камізэлечку, пакуль безь пінжака, цяжкавата ».

Камэнтар сьвятара грэка-каталіцкай царквы Яўгена Маліноўскага, бацькі сямі дзяцей: «Я мяркую, што годна сабраць дзіця ў школу магчыма, калі бабулі й дзядулі й бацькі зьбяруцца разам і будуць ахвяраваць свае пэнсіі й заробкі на адзінае дзіця. Інакш — нерэальна. Выйсьце можа быць праз псыхалёгію міжасабовых зносін, калі людзі пачнуць дапамагаць адзін аднаму. Я ўпэўнены, што такая ініцыятыва будзе праяўляцца. Гэтыя жорсткія рэаліі ў цяперашні нешчасьлівы час для Беларусі спрыяюць адкрыцьцю ў сэрцы чалавека спачуваньня й любові да бліжняга. Упэўнены, што ў гэтых умовах многія людзі здольныя будуць адкрыць у сябе патэнцыял чалавечнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG