Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Супраць Зьмітра Дашкевіча, магчыма, рыхтуецца новая крымінальная справа


Дзьмітры Бандарэнка, Наста Палажанка, Алена Танкачова

Дзьмітры Бандарэнка, Наста Палажанка, Алена Танкачова

Актывісты «Маладога фронту» і беларускія праваабаронцы патрабуюць ад Генэральнай пракуратуры завесьці крымінальную справу на адміністрацыю калёніі ў Горках, дзе ўтрымліваюць Зьмітра Дашкевіча.

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча ня менш як 8 разоў за 2 месяцы ўтрыманьня ў калёніі каралі адміністрацыйнымі спагнаньнямі, у тым ліку зьмяшчэньнем у карцэр і ў памяшканьне турэмнага тыпу. Пры гэтым 5 разоў да Дашкевіча не пускалі адваката. Пасьля таго, як на мінулым тыдні сустрэча з адвакатам усё ж адбылася, у сяброў вязьня і праваабаронцаў зьявіліся падставы казаць, што Дашкевіча катуюць і што супраць яго рыхтуецца новая крымінальная справа. Пра гэта 30 жніўня заявіла журналістам намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка:

Намесьнік начальніка па апэратыўнай працы Лапатка Аляксандар не даваў яму спаць уначы, выводзячы яго на калідор і прымушаючы стаяць усю ноч
«Зьміцер здолеў паведаміць і прасіў агучыць пра тое, што ён падвяргаецца катаваньням на тэрыторыі Горацкай калёніі. Прыкладам, ён распавёў пра тое, як намесьнік начальніка па апэратыўнай працы Лапатка Аляксандар не даваў яму спаць уначы, выводзячы яго на калідор і прымушаючы стаяць усю ноч. Паколькі Дашкевіч быў стомлены, ён раніцай адмовіўся ісьці на працу, а за гэта яго чарговым разам пакаралі карцэрам на 10 сутак».

Таксама, паводле Дашкевіча, у арсэнале турэмшчыкаў Горацкай калёніі — катаваньні холадам. Паводле Зьмітра Дашкевіча, ён шмат разоў зьведаў такое абыходжаньне:

«Зьміцер кажа, што ў камэрах настолькі холадна, што даводзіцца праз кожную гадзіну падымацца і паўгадзіны адціскацца, каб неяк сагрэцца. Дайшло да таго, што вось зараз, летам, Зьміцер папрасіў даслаць яму ў бандэролі пальчаткі».



Кіраўнік грамадзкай арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, які шмат разоў быў у карцэры падчас знаходжаньня ў Бабруйскай калёніі, мяркуе, што супроць Зьмітра Дашкевіча сапраўды рыхтуюць новую крымінальную справу паводле 411 артыкула — злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі месца пазбаўленьня волі:

Хутчэй за ўсё, неўзабаве Дашкевіча азнаёмяць з абвінавачаньнем паводле 411 артыкула
«Галоўны паказчык — гэта тое, што зараз Зьмітра зьмясьцілі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, куды зьмяшчаюць пасьля некалькіх карцэраў як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму. Гэта азначае, што, хутчэй за ўсё, неўзабаве Дашкевіча азнаёмяць з абвінавачаньнем паводле 411 артыкула».

Праваабаронца Алена Танкачова з Цэнтру прававой трансфармацыі кажа, што выпадак з Дашкевічам не адзіны і сьведчыць пра сыстэмныя парушэньні правоў вязьняў у Беларусі, найперш палітвязьняў. Алена Танкачова назвала імёны экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда да іншых. Праваабаронца заклікала беларускі «Чырвоны крыж» і грамадзкія назіральныя камісіі наведаць турмы, дзе ўтрымліваюць палітвязьняў, і даць грамадзтву справаздачу аб тым, што там адбываецца. Таксама Алена Танкачова зьвярнулася да замежных дыпляматаў:

«Як усе ведаюць, у сьнежні мінулага году ў Менску быў зачынены офіс АБСЭ, які адзіны меў мандат на наведваньне вязьніцаў. Нагадаю, што яны калісьці наведвалі Клімава, Казуліна ды іншых палітвязьняў. Але на сёньня ніводная замежная арганізацыя ці дыпмісія ня мае такога мандату. Таму мы зьвяртаемся да замежных місій з заклікам уступіць у пэўныя зносіны зь беларускімі афіцыйнымі органамі, каб атрымаць права ўваходу ў закрытыя пэнітэнцыярныя ўстановы і пракантраляваць сытуацыю з палітвязьнямі».

Наста Палажанка паведаміла, што днямі адвакаты Зьмітра Дашкевіча накіруюць зварот у Генпракуратуру з патрабаваньнем праверыць умовы ўтрыманьня Дашкевіча ў Горацкай калёніі. Палажанка настойвае на завядзеньні крымінальнай справы супроць міліцыянтаў з Горацкай калёніі.

У адміністрацыі Горацкай калёніі адмовіліся камэнтаваць заявы пра катаваньне вязьня гэтай калёніі Зьмітра Дашкевіча:

«Мы на такія пытаньні не адказваем, тым больш праз тэлефон», — сказала супрацоўніца калёніі, якая адмовілася сябе назваць.

Адвакаты Дашкевіча кажуць, што ня бачаць сэнсу зьвяртацца са скаргамі на абыходжаньне зь іх падабаронным у саму калёнію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG