Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Перамовы мусяць весьціся менавіта пра адхіленьне Лукашэнкі ад улады"


Якой павінна быць стратэгія апазыцыі на фоне эканамічнага крызісу? Чаму цяпер, на фоне сур'ёзных сацыяльных праблемаў у грамадзтве, амаль не чуваць актыўнасьці апазыцыйных партыяў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць палітолягі Юры Чавусаў і Ўладзімер Мацкевіч. (Перадача была запісаная 29 жніўня, да заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт грамадзкага дыялёгу.)

Юры Чавусаў
Уладзімер Мацкевіч
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Прайшло ўжо 8 месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а апазыцыя, здаецца, усё яшчэ ня можна ачуняць ад таго ўдару, які быў нанесены падзеямі 19 сьнежня. Тым часам у краіне пашыраецца эканамічны крызіс — здаецца, найлепшы час для апазыцыі праявіць сябе. Што трэба рабіць апазыцыі, каб вярнуцца ў актыўную палітыку? Ці можна сказаць, што беларускай апазыцыі зараз варта актывізавацца, больш рашуча выступаць у сацыяльных і палітычных праблемах, а ня толькі займацца пытаньнем палітвязьняў?


"Спадзяваньні на сацыяльны выбух — гэта марныя спадзяваньні"


Мацкевіч: Адразу хацеў бы адзначаць, што палітычная апазыцыя ня мае тых рэсурсаў, якія мае дзяржава, і таму ня можа займацца, напрыклад, сацыяльнай працай, якой займаюцца няўрадавыя арганізацыі. Таму тое, што трэба рабіць палітычнай апазыцыі, — гэта рыхтавацца да перамоваў, калі ўлады загоняць краіну ў поўны тупік, зь якога самі ўлады выйсьця знайсьці ўжо ня могуць. Тады апазыцыя можа прапанаваць новы ўрад, новых людзей.

Але для таго каб уступіць у перамовы, трэба сабраць сілы, то бок аб'яднацца. Апазыцыя можа быць вартым бокам у перамовах толькі тады, калі яна будзе адзіная і будзе ведаць, што рабіць для выхаду з крызісу.

Цыганкоў: Чаму б ня выкарыстаць сацыяльны крызіс для таго, каб узначаліць магчымыя сацыяльныя пратэсты дзеля свайго рэйтынгу, уздыму сваёй папулярнасьці?

Мацкевіч. Што значыць "выкарыстаць крызіс"? На халяву выйсьці наперад і на хвалі ўздыму, выбуху дайсьці да ўлады? Такое бывае ў рэдкіх выпадках, але калі такія людзі прыходзяць да ўлады, то вельмі хутка зь яе сыходзяць. Гарлапаны наўрад ці здолеюць кіраваць краінай у крызісных умовах. Спадзяваньні на сацыяльны выбух — гэта марныя спадзяваньні.

Цыганкоў: Дык ці павінна апазыцыя імкнуцца толькі да дыялёгу, ці таксама рабіць нешта для таго, каб скінуць уладу, падарваць яе аўтарытэт сваімі дзеяньнямі, весьці актыўную наступальную палітыку — што і робіць апазыцыя ў большасьці краінаў?

Чавусаў: Трэба разабрацца, які сэнс мы ўкладаем у паняцьце "апазыцыя". Для ўлады і сацыяльныя, экалягічныя, праваабарончыя арганізацыі — гэта ўсё таксама "апазыцыя". У шырокім сэнсе кожная зь іх павінна займацца тым, што наканавана іхняй місіяй.

Калі ж мы кажам пра апазыцыю ў вузкім сэнсе — невялікая група палітычных партыяў і актывістаў — то яны павінны займацца прыкладна тым, пра што казаў Уладзімер Мацкевіч: распрацоўка новай парадыгмы і падрыхтоўка новых элітаў, якія будуць здольныя ў спрыяльнай эканамічнай сытуацыі перахапіць уладу.

Я перакананы, што калі і здарыцца сацыяльны выбух, які можа зьмяніць рэжым, то ён будзе не падрыхтаваны, можа адбыцца дастаткова выпадкова, спантанна. То бок не ў кантэксьце выбарчага календара, нейкай прызначанай даты, а ў выпадку спантанных пратэстаў. Зь іншага боку, натуральна, што ў выпадку крызісу ўзрастае ўвага грамадзтва да тых альтэрнатыўных меркаваньняў, якія апазыцыйныя палітыкі даносяць грамадзтву. На жаль, зараз у гэтых мэсыджах цьвярозага адказу на тое, як трэба зьмяняць сытуацыю ў краіне, няма.

"Перамовы — гэта як на вайне, калі пасьля яе заканчэньня падпісваюцца розныя дакумэнты"


Цыганкоў: КХП БНФ на сваім зьезьдзе 27 жніўня прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала адстаўкі Лукашэнкі. Лёзунг "За новыя выбары без Лукашэнкі" быў пэўным пунктам згоды ў апазыцыі адразу пасьля 19 сьнежня. Чаму апошнія месяцы мы гэтага лёзунгу амаль ня чуем, а на парадак дня выносіцца пытаньне дыялёгу з уладай? Няўжо, як кажуць крытыкі гэтай пазыцыі, ранейшы досьвед не навучыў, што ніякі дыялёг гэтай уладзе не патрэбны?

Мацкевіч. Няўжо гэтыя крытыкі думаюць, што я такі дурны, што не разумею сутнасьці гэтай улады? Пытаньне ня ў якасьцях і здольнасьцях гэтай улады, а ў тым, што сёньня яна кантралюе краіну. І трэба пераймаць уладу не ў хаосе, калі краіна будзе разбураная, а з інстытуцыямі, якія існуюць сёньня і якія трэба будзе напоўніць іншым палітычным сэнсам і павесьці краіну па шляху рэформаў.

Я цудоўна разумею ўсе чалавечыя недарэчныя якасьці Лукашэнкі і тых людзей, якія яго атачаюць. Але размова ідзе не пра тое, што трэба прасіць ад уладаў нейкай міласьці і нейкай ласкі. Перамовы павінны весьціся менавіта пра пераемнасьць адхіленьня Лукашэнкі ад улады і перадачу ўлады таму часоваму ўраду, які будзе здольны пераадолець крызіс і вывесьці краіну на шлях разьвіцьця. Перамовы — гэта не балбатня са шкляначкай гарэлкі з прыемным чалавекам пра тое, як нам далей жыць. Перамовы — гэта як на вайне, калі пасьля яе заканчэньня падпісваюцца розныя дакумэнты. Ці калі справа ідзе пра адхіленьне існага рэжыму і перадачу ўладу тым, хто мае сілу і праграму.

Таму ўсялякія разважаньні пра тое, што ўлада ня хоча перамоваў…Відавочна, ня хоча, ня хоча аддаваць уладу. І, вядома, толькі можа прыціснуць такіх людзей. Бо гэта і для іх адзіны выхад.

Цыганкоў: Застаецца толькі данесьці гэтую думку да прадстаўнікоў улады і пераканаць іх, што гэта — адзінае для іх выйсьце.

Мацкевіч: Не! Спачатку — да апазыцыі! Бо зь сёньняшняй апазыцыяй ніхто перамаўляцца ня будзе. Калі яны ня могуць арганізаваць дыялёг унутры сябе, то хто зь імі будзе дамаўляцца? Няхай сабе самы лагодны дыктатар, ён ня пойдзе на перамовы з такой апазыцыяй. Апазыцыя сёньня сядзіць кожны ў сваім кабінэціку, кожны ў сваім офісе — замест таго каб ісьці насустрач адзін аднаму, складаць свае рэсурсы ў адзіную сілу і прымусіць улады да перамоваў.

"Улады імітавалі рэвалюцыйны сцэнар на Плошчы 19 сьнежня, і зараз рыхтуюцца да імітацыі дыялёгу"


Цыганкоў: Так, у апазыцыі намаляваліся дзьве лініі паводзінаў — адны выступаюць за перамовы, іншыя кажуць пра тое, што ніякі дыялёг з уладай немагчымы, і выступаюць за больш радыкальныя дзеяньні. Ці можна аб'яднаць гэтыя два падыходы? Хіба нельга спалучаць ідэю перамоваў зь нейкімі больш актыўнымі вулічнымі дзеяньнямі?

Чавусаў: Гэтае супрацьпастаўленьне перамоваў і рэвалюцыйнага шляху — у значнай ступені штучнае. Увесну, калі мы ладзілі дэбаты паміж прыхільнікамі гэтых двух падыходаў, паміж Івашкевічам і Мацкевічам, то прыйшлі да высновы, што ёсьць пункты сутыкненьня па непрынцыповых пытаньнях. А ў прынцыповых якраз ёсьць згода.

Зараз у апазыцыі сапраўды няма еднасьці, а нагоды, каб прадэманстраваць немагчымасьць унутранай кансалідацыі, могуць быць розныя.

Насамрэч улады таксама вядуць сваю гульню. І як яны імітавалі рэвалюцыйны сцэнар на Плошчы 19 сьнежня, гэтак яны і зараз рыхтуюцца да імітацыі дыялёгу. І пакуль ня будзе згоды наконт агульнай стратэгічнай лініі, то посьпеху ня будзе.

Цяпер мы знаходзімся ў сытуацыі, калі няма адзінага бачаньня таго, што апазыцыя будзе рабіць. У гісторыі апазыцыі падчас кіраваньня Лукашэнкі былі дзьве вялізныя парадыгмы. Пасьля 1996-га і да 2004 году асноўнай лініяй была дэлегітымізацыя існых інстытутаў улады, і на гэта працавалі ўсе апазыцыйныя структуры. Пасьля паразы на рэфэрэндуме 2004 году прыкладам стала аранжавая рэвалюцыя, Плошча. А пасьля 19 сьнежня ўжо няма Плошчы як бачаньня таго, што варта рабіць.

У гэтай сытуацыі ня трэба падкрэсьліваць адрозьненьні, а шукаць пункты згоды. І чым болей такіх пунктаў будзе, тым болей будзе зразумела, дзеля чаго мы вядзем палітычную барацьбу.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG