Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: Лукашэнка зрабіў палавіністы крок


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч назваў апошнія валютныя рашэньні Лукашэнкі "паўтарэньнем досьведу 90-х".

"Гэта палавіністыя рашэньні, але ўжо бліжэйшыя да рынкавых. Я чакаў такіх рашэньняў, ня думаючы, што цяперашні склад кіраўніцтва Нацбанку і краіны пойдзе на кардынальныя крокі, на ўвядзеньне адзінага рынкавага курсу на базе адзінай сэсіі валютнай біржы. Яны ідуць выпрабаваным шляхам, якім яны ішлі ў канцы 90-х гадоў, — правядзеньне дзьвюх сэсій валютнай біржы: адна зь іх — для вызначэньня рэальнага курсу, а другая, я б сказаў, — для падтрымкі дзяржсэктару".

Для такіх мэханізмаў засталіся нават ранейшыя нарматыўныя дакумэнты, прызнаў спадар Багданкевіч.

Станіслаў Багданкевіч зазначае, што ў краіне застанецца як мінімум два курсы нацыянальнай валюты. Ільготны курс для дзяржаўнага сэктару, на аплату нафты і газу, будзе грунтавацца на абавязковым продажы 30 працэнтаў валюты ў экспартэраў, рэшта валюты будзе рэалізоўвацца на дадатковай сэсіі.

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што курс нацыянальнай валюты зь сярэдзіны верасьня будзе вышэйшы, чым 8000 рублёў за даляр.

Эканоміку аздаравіў бы адзіны рынкавы курс, перакананы спадар Багданкевіч. А так застануцца элемэнты спэкуляцыі і карупцыі, бо ў некаторых будзе магчымасьць купіць валюту таньней на першай сэсіі і прадаць даражэй — на дадатковай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG