Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета ў турме. 1941 і 2011


Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут, журналіст "Gazety Wyborczej", засуджаны гэтым летам за паклёп на Лукашэнку.

У 1940 годзе нечакана вызвалены з турмы будучы маршал Польшчы і вядомы савецкі военачальнік Канстанцін Ракасоўскі быў прыняты Сталіным. Існуе байка, што паміж імі меў месца наступны дыялёг.
— Дзе ж вы прападалі таварыш Ракасоўскі? — запытаўся Іосіф Вісарыёнавіч.
— У турме сядзеў, — адказаў той.
— Ну і знайшлі ж вы час. Летам сядзець у турме! — усьміхнуўся галоўны фізкультурнік СССР.

* * *

Так сталася, што частку мінулага лета я правеў турме. Для зьняволеньня няма добрага часу. У турме заўжды дрэнна. Але лета ў турме — гэта найгоршы час. Сьпёка, сьпёртае, распаленае бязьлітасным сонцам паветра, пот, бруд і… немагчымасьць нармальна памыцца. Справа ў тым, што дзеля эканоміі сродкаў у гарадзенскай турме на лета традыцыйна выключаюць гарачую ваду. Сотні людзей, у тым ліку непаўналетнія і кабеты, ня маюць магчымасьці нават раз на тыдзень нармальна памыцца, але гэта не непакоіць сумленьня турэмных начальнікаў.

* * *

22 чэрвеня 2011 году. Краіна адзначае 70-я ўгодкі нападу Нямеччыны на СССР, які на нашых геаграфічных шыротах па старой савецкай звычцы называюць пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Па тэлебачаньні адпаведныя фільмы, БРСМ заганяе моладзь патрыятычна "сустракаць сьвітанак", у Брэсьце мітынг-рэквіем…

Краіна накачваецца патрыятычным угарам, які праз радыё і тэлебачаньне прарываецца і ў турму.

Гісторыю, якую я вам хачу распавесьці, я неаднойчы распавядаў розным людзям і ў розных месцах. Вось толькі найбольш эмоцыяў яна ўзбуджала менавіта сярод сядзельцаў гарадзенскай турмы. Дзіўнага нічога няма, бо тычыцца яна гісторыі гэтай сумнай установы.

Вось жа, 22 чэрвеня 1941 году.

Немцы імкліва наступаюць, "чубарыкі", як мясцовыя жыхары называлі Саветы, неарганізавана ўцякаюць. Некаторыя нават апрануцца не пасьпелі і бягуць у падштаніках. Паніка. Жах. Нямецкія дывэрсанты. Бамбардзіроўкі.

Але ёсьць справа, якую Саветы нават у такіх умовах імкнуцца дакончыць. Гэта палітычныя рэпрэсіі. У 14.00 першы сакратар Гарадзенскага гаркаму партыі Іван Пазьнякоў, які разумее, што хутка прыйдзецца ўцякаць з Гродна, аддае загад начальніку гараддзелу НКВД Галоўкіну расстраляць "контрарэвалюцыйны элемэнт", які ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме.

Хутка загад пачалі выконваць. Турэмная ахова была ўзмоцнена супрацоўнікамі НКВД, і яны, узброеныя аўтаматамі, рушылі ў бок камэраў, дзе ўтрымліваліся вязьні.

Экзэкуцыя выглядала наступным чынам. Адчыняюцца дзьверы камэры, і НКВД-шнікі з аўтаматаў расстрэльваюць вязьняў. Уявіце, які жах апаноўваў суседнія камэры... Грукат дзьвярэй, стрэлы, крыкі і стогны. І гэтае пекла паступова набліжаецца да тваёй камэры. І, здаецца, нішто ня можа цябе ўратаваць.

Толькі здарыўся цуд.

Нямецкая авіяцыя наносіць моцны бомбавы ўдар па Гродне, бомбы ляцяць і на турму. Зьяўляюцца праломы ў сьценах, частка зьняволеных выходзіць на волю. І НКВД-шнікі ўцякаюць, ня выканаўшы да канца загад.

Лічыцца, што яны пасьпелі расстраляць каля 100 зьняволеных.

Натуральна, што ў чырвона-патрыятычным угары 22 чэрвеня 2011 году няма месца для ўзгадваньня гэтых ахвяраў, як і тысяч іншых зьняволеных, якія былі расстраляныя Саветамі на пачатку вайны. Гэтыя ахвяры выключаныя з гістарычнага дыскурсу і не ўкладаюцца ў вылізаны камуністычнымі псэўдагісторыкамі чорна-белы вобраз падзеяў.

* * *

Перакананы, што цывілізаванасьць грамадзтва найпрасьцей акрэсьліць, зірнуўшы на ўмовы ўтрыманьня вязьняў. Людаедзкі сталінскі рэжым летам 1941-га забіваў вязьняў гарадзенскай турмы, калгасны рэжым Александра Лукашэнкі летам 2011-га не дае ім мыцца. Прагрэс, як бачым, відавочны. Ці ж гэта не падстава для аптымізму?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG