Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Анкваб стаў пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах ў Абхазіі, грузінскай аўтаноміі, незалежнасьць якой прызнае Расея. Паводле абхаскага ЦВК, ён атрымаў 54,86% галасоў.

Датэрміновыя выбары былі абвешчаныя пасьля таго, як у траўні гэтага году памёр кіраўнік рэспублікі Сяргей Багапш. Да выбараў Аляксандар Анкваб займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта Абхазіі, а з траўня 2011 году выконваў абавязкі прэзыдэнта – спачатку з-за цяжкай хваробы Багапша, а потым і ў сувязі зь яго сьмерцю.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу Анкваб удзельнічаў у грузінска-абхаскай вайне, дзе, у прыватнасьці, займаўся пытаньнямі абмену палонных.
Займаў пасаду прэм'ер-міністра з 2005 году, а з 2009-га стаў віцэ-прэзыдэнтам Абхазіі. У пэрыяд з 2005-га да 2010 году на яго было ўчынена пяць замахаў, палітык быў двойчы паранены. Ніводзін з нападаў ня быў раскрыты. Анкваб характарызуецца як прыхільнік збліжэньня з Масквой.

Зьмена ўлады ў Абхазіі актуалізуе пытаньне што да палітыкі афіцыйнага Менску адносна бунтоўных грузінскіх аўтаноміяў.

Інтэрнэт-партал Wikileaks нядаўна апублікаваў новую порцыю тэлеграмаў з амэрыканскага пасольства ў Менску. Адзін з дакумэнтаў тычыцца названай тэмы.

“Мы просім пасольства ў Маскве вызначыць, наколькі важнае для Крамля прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Відавочна, што, атрымаўшы папярэджаньні ад ураду ЗША і ад ЭЗ, урад Беларусі ня схільны рабіць такі крок (хоць належная колькасьць расейскіх грошай аслабіла б гэтае нежаданьне)”, – цытуе БелаПАН тэлеграму, падпісаную тагачасным часовым павераным у справах ЗША Джонатанам Мурам.

Таксама ў дакумэнце ідзе размова пра гутарку дыплямата з Уладзімерам Макеем, кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

“Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімір Макей сказаў 22 траўня часоваму паверанаму ў справах ЗША, што прычына яго візыту ў Абхазію 12-13 траўня была “чыста эканамічнай”. Макей, пасада якога зьяўляецца прыкладным эквівалентам віцэ-прэзыдэнта і дарадцы Лукашэнкі, адзначыў, што Абхазіі спатрэбяцца “грузавыя аўтамабілі і трактары” – “нават калі яна зноў стане часткай Грузіі” – і заявіў, што Абхазія прапанавала самы лепшы жвір для беларускіх будаўнічых праектаў, зьвязаных з Алімпіядай у Сочы (Расея)”, – гаворыцца ў дакумэнце.

Сп-ру Муру “здаецца імаверным, што Менск паспрабуе распачаць некаторыя напаўафіцыйныя крокі, такія, як адкрыцьцё гандлёвага прадстаўніцтва (прадстаўніцтваў)” у сэпаратысцкіх рэгіёнах Грузіі.

Згодна з дакумэнтам, “Макей разгледзеў з часовым павераным жэст, які ён плянаваў зрабіць грузінам: хоць з таго часу, як ён узначаліў прэзыдэнцкую адміністрацыю ў 2008 годзе, ён ніколі не наведваў дыпляматычных прыёмаў, ён зьявіўся на прыёме з нагоды Дня незалежнасьці Грузіі ў Менску 26 траўня, каб перадаць асабістае пасланьне з віншаваньнямі ад Лукашэнкі грузінскаму паслу. Зьяўленьне Макея зьдзівіла прысутных эўрапейскіх дыпляматаў і суправаджалася ўдзелам намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Еўдачэнкі, а таксама парлямэнтароў, у тым ліку старшыні камісіі па міжнародных справах Сяргея Маскевіча”.

“Насуперак гэтаму Макей прапусьціў прыём у італьянцаў 2 чэрвеня – нягледзячы на нядаўні візыт Лукашэнкі ў Рым – і яго зьяўленьне не чакаецца на расейскім мерапрыемстве 12 чэрвеня”, – адзначаў амэрыканскі дыплямат.

У тэлеграме гаворыцца, што па пытаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі беларускі рэжым “перайшоў да шырокага палітычнага тэатру кабукі” з мэтаю ўбачыць, як ён можа выйграць і прайграць у гэтай сытуацыі. Лукашэнка, піша аўтар дэпэшы, папрасіў разгледзець пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці тэрыторыяў “беларускі парлямэнт, які ня мае ўласнай думкі”. Дыпляматам у Менску “не ўдалося знайсьці сьведчаньне таго, што калі-небудзь раней Лукашэнка пакладаўся на кіраўніцтва парлямэнту па якім-небудзь ключавым пытаньні”, – падкрэсьлівае ён.
XS
SM
MD
LG