Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётра Андрыевіч: "Падпальшчык сьцяга з Маларыты не належыць да апазыцыі"


Актывіст Партыі БНФ з Маларыты Пётар Андрыевіч заявіў "Свабодзе", што прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў не датычныя да спаленьня сьцяга.

"Я ня ведаю імёнаў хлопцаў, якія палілі сьцяг. Але дакладна ўпэўнены, што прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці да гэтага ня маюць дачыненьня. Хутчэй за ўсё, гэта была нейкая хуліганская выхадка юнакоў бяз пэўнай палітычнай матывацыі", – заявіў Андрыевіч.

Раней начальнік 8-га падразьдзяленьня галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Леанід Белановіч паведаміў БелаПАН: 10 ліпеня малады чалавек разам са знаёмым зьняў сьцяг з будынку Маларыцкай дзіцячай музычнай школы. Вечарам 20-га ў лесе блізу Маларыты яны спалілі сьцяг на вогнішчы. Свае дзеяньні хлопцы здымалі на мабільны тэлефон. Тры фатаздымкі хлопец выклаў у інтэрнэт.

Белановіч паведаміў, што крымінальная справа распачатая 25 жніўня паводле артыкула "Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў".

Падазраваны, які працуе на адным з прадпрыемстваў Маларыты, зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Дэмакратычны актывіст зь Берасьцейшчыны Станіслаў Халадовіч кажа, што падобныя выпадкі здараюцца час ад часу, яны могуць прывесьці да сумных наступстваў.

"Адно зь першых такіх здарэньняў адбылося яшчэ ў 1996 годзе ў Івацэвічах. Нейкія маладзёны зьдзерлі сьцяг зь дзяржаўнага будынку. Аднак калі яны ўцякалі, то сьцяг ублытаўся ў колы ровара, хлопцы паваліліся, і іх затрымалі. Той выпадак быў сьмешны тым, як затрыманыя патлумачылі свае матывы. Яны сказалі, што хацелі са сьцяга пашыць шорты, бо ў той час чырвона-зялёныя шорты былі модныя ў Івацэвічах. Але вядома, што іх не судзілі, пашкадавалі. Прымусілі толькі сьцяг адкупіць, які парваўся ў колах ровара", – паведаміў Халадовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG