Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загаварыў пра рэформу — пасадзілі за краты


29 жніўня ў Савецкім судзе Гомеля разглядалася адміністрацыйная справа грамадзкага актывіста, студэнта юрфаку Тартускага ўнівэрсытэту Ігара Случака. Міліцыя вінаваціць яго ў хуліганстве — 26 жніўня за пару дзясяткаў крокаў да свайго дома студэнт нібыта штурхнуў нейкага грамадзяніна і пры гэтым лаяўся. Спэцназаўцы й затрымалі яго, даставілі ў Савецкі райаддзел міліцыі, а адтуль — у ізалятар. Працяг разгляду справы – 31 жніўня.

У судзе Ігар Случак заявіў, што ня бачыў у вочы грамадзяніна, якога нібыта штурхнуў і аблаяў. А яшчэ папрасіў часу, каб прывесьці сябе ў парадак, бо пасьля амаль трох сутак у пастарунку ён няголены, нямыт і нявыспаны.

Судзьдзя Сяргей Шаўструк, які разглядаў адміністрацыйную справу, вырашыў дапытаць у судзе пацярпелага грамадзяніна, а таксама міліцыянта, што склаў пратакол на студэнта. Случака адпусьцілі на волю да 31 жніўня – на гэты дзень прызначана чарговае паседжаньне па справе.

"Мая вэрсія затрыманьня самая простая — я ўвесь гэты месяц займаўся пачаткам абмеркаваньня рэформы Міністэрства ўнутраных спраў. Фінальным акордам мелася быць сустрэча супрацоўнікаў МУС, сродкаў масавай інфармацыі — залежных і незалежных, кіраўніцтва гораду. Такая сустрэча плянавалася на суботу, 27 жніўня, на прагулачным цеплаходзе на рацэ Сож, каб у апошні выходны лета было карысна й прыемна. Усім былі разасланыя запрашэньні. Міліцыі дасылаліся яшчэ й прапановы, апытальныя лісты. Але ўлады, супрацоўнікі міліцыі ці тыя, каму гэта не падабалася — яны вырашылі, мабыць, каб я на гэтую сыстэму паглядзеў знутры, і мяне затрымалі", – патлумачыў Ігар Случак.

Случак лічыць, што ўлады баяцца адкрытага грамадзкага дыялёгу. Ім лягчэй пасадзіць чалавека ў турму, чым абмяркоўваць якіясьці праблемы.

Маці актывіста Тацяна Ўладзімераўна камэнтуе затрыманьне сына: "Ён нічога крамольнага не рабіў, нічога такога супраць дзяржавы, супраць улады. Ён хацеў мірна паразмаўляць наконт таго, ці можна неяк жыць па-лепшаму. Але каб нешта зьмяніць, паразмаўляць — такой магчымасьці, відаць, няма ў нашым грамадзтве. Бо калі ты адкрыеш рот і пачынаеш пытаць пра нешта, то да цябе могуць падысьці малойчыкі, і ты будзеш сядзець, як бомж — безь піцьця, без зубной шчоткі й таму падобнае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG