Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка – настаўнікам: Усе палітычныя кампаніі абапіраюцца на вас


Сёньня кіраўнік дзяржавы выступіў на нарадзе з прадстаўнікамі настаўніцтва краіны.

"Немалаважнае пытаньне – гэта выхаваньне нашых дзяцей. Хто перамагае ў барацьбе за ўплыў на іх розумы і душы: бацькі, настаўнікі ці сумнеўныя "сябры" і палітычныя прайдзісьветы, якiя ўцягваюць моладзь у разнастайныя авантуры", – заявіў Лукашэнка. Яго словы падае агенцтва Інтэрфакс.

Зьвяртаючыся да прысутных, ён сказаў: "Вы – аснова палітыкі нашай дзяржавы, усе палітычныя кампаніі абапіраюцца на вас. Вы застаяцеся праваднікамі нашай палітыкі і стабільнасьці ў нашай дзяржаве".

Прэзыдэнт таксама выказаўся наконт эканамічнага крызісу, заявіўшы пра неабходнасьць узяць пад жорсткі кантроль выдаткі дзяржавы. "Лішніх грошай няма, асабліва цяпер. Каб стабілізаваць сытуацыю, нельга зь фінансамі сваволіць, – заявіў ён. –Усё павінна быць жорстка і пад кантролем".

Прэзыдэнт зьвярнуў увагу на тое, што міжнародныя фінансавыя структуры не рэкамэндуюць падвышаць заробкі, дапамогі і пэнсіі, каб не справакаваць чарговы віток крызісу.

Разам з тым А. Лукашэнка нагадаў аб сацыяльнай арыентаванасьці беларускай мадэлі эканомікі. "Мы ідзем на павышэньне пэнсій, стыпэндый, будзем гэта рабіць і нават у верасьні. І калі трэба, будзем выдаваць разавыя дапамогі па 400-600 тысячаў рублёў, колькі ў нас атрымаецца, зь бюджэту", – сказаў ён.

Лукашэнка таксама выказаў упэўненасьць у тым, што цяперашні крызіс будзе пераадолены. "Гэта пройдзе. Мы гэта перажывалі тройчы, можа быць, ня так адчувалася, таму што не такія багатыя былі раней. Многія дзяржавы праз гэта праходзяць", – сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG