Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія кашалькі Лукашэнкі


Брытанская The Independent надрукавала артыкул пра тое, як шатляндзкі банк дапамагаў афіцыйнаму Менску прыцягваць капіталы.

Навіна аб тым, што Каралеўскі банк Шатляндыі (RBS) сёлета дапамагаў апошняй дыктатуры Эўропы прыцягваць капіталы, на жаль, чарговы раз пацьвярджае меркаваньне аб тым, што фактычна банк, які належыць дзяржаве, кіруецца вельмі дзіўнай этыкай – ці, дакладней, ня мае наогул ніякай этыкі. Як паведаміла сёньня наша газэта, RBS у выніку пагадзіўся не рабіць больш ніякіх дзеяньняў, здольных палегчыць фінансавыя цяжкасьці аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Аднак гэта ня надта суцяшае, паколькі RBS толькі саступіў упартаму ціску праваабарончых арганізацый. Іншымі словамі, банк прымусілі адмовіцца ад палітыкі, якая ў астатнім яго цалкам задавальняла і якую ён быў гатовы працягваць.

Скандал з разьмяшчэньнем беларускіх аблігацый – аблігацый краіны з найгоршай у Эўропе сытуацыяй у галіне правоў чалавека – нельга лічыць вынікам адзінкавай памылкі кіраўніцтва банку. Раней стала вядома, што RBS уваходзіў у склад сындыкату, які ўкладаў сродкі ў кампаніі, што вырабляюць касэтныя бомбы, нягледзячы на глябальную забарону на вытворчасьць гэткіх боепрыпасаў і на гандаль імі. Між іншым, сумы, якія RBS дапамог прыцягнуць рэжыму Лукашэнкі, ніяк нельга назваць сымбалічнымі. Сума зьдзелкі, у якой таксама ўдзельнічалі Deutsche Bank, расейскі Ашчадбанк і BNP Paribas складала 800 мільёнаў даляраў.

Абаронцы банку, безумоўна, будуць апэляваць да таго, што ён, па-першае, дзейнічаў не адзін, і, па-другое, не рабіў нічога незаконнага, бо ўрад Беларусі не знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за выключэньнем невыразнай забароны на ўезд у Эўропу, накладзенай на беларускае кіраўніцтва. Фармальна ўсё гэта праўда, аднак апраўданьнем гэткія аргумэнты служыць ня могуць. Банку напэўна была добра вядомая звычка беларускіх уладаў нацкоўваць тайную паліцыю на любога, хто адважваецца крытыкаваць дэспатычнага прэзыдэнта краіны. Адзінае, што да гэтага часу дапамагала рэжыму ў Менску пазьбягаць больш сур'ёзных міжнародных пакараньняў – гэта дагаджаньне Крамлю з боку Лукашэнкі. У выніку Крэмль на працягу апошніх 17 гадоў фактычна гарантаваў бясьпеку свайго пратэжэ.

Удвая шакуе тое, што дамоўленасьці аб выпуску аблігацый былі дасягнутыя ў студзені – непасрэдна пасьля адкрыта сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў, пасьля якіх адбыліся жорсткія рэпрэсіі супраць тых, хто выступіў супраць фальсыфікацый. За ўдзел у мірных акцыях, якія праходзілі ў Менску і ўдзельнікі якіх пратэставалі супраць вынікаў фальшывых выбараў, міліцыя арыштавала сотні чалавек. Як паведамляецца, аднаму з апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты міліцыянты зламалі нагу. Нават крамлёўскія сябры Лукашэнкі ўжо пасьпелі стаміцца ад яго агіднага нэасталінісцкага рэжыму, што і прымушае ўрад у Менску шукаць у іншых месцах грошы, якія раней паступалі ад Расеі. У гэтым яму ўзяўся дапамагчы RBS, супольна зь іншымі банкамі. Цяжка зразумець, як такое рашэньне спалучаецца з урачыстай заявай банку па пытаньні правоў чалавека, у самым пачатку якой гаворыцца, што «Каралеўскі Банк Шатляндыі абавязваецца паважаць і адстойваць правы чалавека ва ўсіх абласьцях сваёй дзейнасьці і ў межах сваёй сфэры ўплыву».

Народ нашай краіны чакае, калі ж банкі нарэшце зразумеюць, што атрыманьне буйных грашовых сум ад дзяржавы цягне за сабой дадатковую адказнасьць. Мяркуючы як па выплаце банкаўскім кіраўнікам гіганцкіх бонусаў, так і па зьдзелках зь Беларусьсю, пакуль гэта разуменьне не прыйшло.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG