Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд апошняй “справы Плошчы” перанесены на 28 верасьня


Абвінавачаны Сьвятаслаў Барановіч выпушчаны пад падпіску пра невяезд.

Па справе праходзяць 30 пацярпелых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На паседжаньне 29 жніўня прыйшлі толькі 12. У выніку судзьдзя перанесьла працэс на 28 верасьня.

Справу разглядае судзьдзя Алена Рудніцкая. Бок абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Серакоў.

"На мітынг я прыйшоў, каб падтрымаць свайго кандыдата, Андрэя Саньнікава. Мітынг спачатку быў мірным і я нікога не зьбіраўся біць ці нешта такое. Але потым атрымаў дручком па галаве ад амапаўцаў і не стрымаўся, пачаў адказваць, біў па шчытах. Гэта зафіксавана на відэа, таму адмаўляць гэта мне не выпадае. Сядзеў на "Валадарцы", ставіліся там да мяне нармальна. І вязьні, і ахоўнікі" – распавёў Сьвятаслаў Барановіч.

Сьвятаслаў Барановіч з 15 чэрвеня ўтрымліваўся пад вартай у турме на вуліцы Валадарскага. Яму выстаўленае абвінавачаньне па водле крымінальнага артыкулу “удзел у масавых беспарадках”. Барановічу пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе праваабарончы цэнтар “Вясна”.

Сьвятаславу 25 гадоў, ён працуе ў Менску будаўніком, сам з Вялейскага раёну Менскай вобласьці.

17 лютага распачалася сэрыя судоў па крымінальных справах за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Усяго абвінавачаньні па справе аб падзеях 19 сьнежня былі выстаўленыя 46 асобам.

Найбольшыя тэрміны атрымалі былыя кандыдаты на прэзыдэнта:

  • Мікола Статкевіч — 6 гадоў калёніі;
  • Дзьмітры Вус — 5 з паловай гадоў калёніі;
  • Андрэй Саньнікаў — 5 гадоў калёніі.

13 жніўня Аляксандар Лукашэнка памілаваў:

  • Арцёма Грыбкова;
  • Дзьмітрыя Дразда;
  • Сяргея Казакова;
  • Алеся Квяткевіча;
  • Уладзімера Мацукевіча;
  • Васіля Парфянкова;
  • Яўгена Сакрэта;
  • Уладзімера Хамічэнку;
  • Уладзімера Яроменка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG