Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская карпарацыя ISAR.Inc спыняе працу ў Беларусі


Ад 15 верасьня некамэрцыйная карпарацыя ISAR.Inc (ЗША) спыняе сваю працу на тэрыторыі Беларусі і закрывае тут сваё прадстаўніцтва.

Дырэктар прадстаўніцтва карпарацыі ISAR Алена Лаеўская паведаміла, што такія крокі не зьвязаныя "з сумнай сацыяльна-палітычнай сытуацыяй" у Беларусі. "Гэта ўнутранае рашэньне карпарацыі", – сказала яна.

Лаеўская таксама заявіла, што адной з прычынаў закрыцьця прадстаўніцтва карпарацыі зьяўляецца "ня вельмі празрысты" працэс рэгістрацыі малых грантаў.

"З аднаго боку ён досыць кароткі цяпер, з другога боку мы назіралі, што вельмі актыўныя арганізацыі, якія маглі рабіць вельмі добрыя праекты, па якіх-небудзь прычынах не атрымлівалі гэтую рэгістрацыю", – патлумачыла яна. Такім чынам, карпарацыя "магла аказваць падтрымку вельмі невялікай групе арганізацыяў, прычым за бортам заставаліся вельмі добрыя праекты".

ISAR 11 гадоў аказвала ў Беларусі грантавую падтрымку праектам, накіраваным на падвышэньне сьвядомасьці і актыўнасьці грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя. Усяго з дапамогай ISAR было рэалізавана болей за 200 праектаў. Штогод карпарацыя выдаткоўвала на гэтыя мэты прыкладна 50 тыс. даляраў.
XS
SM
MD
LG