Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Працоўны дэсант" на мэмарыял ля вёскі Паляі


Віцебскія сябры Партыі БНФ добраўпарадкавалі самаробны мэмарыял каля вёскі Паляі, дзе ў 1930—50-я гады адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў. Да партыйцаў далучыліся сябры руху "За свабоду" ды іншых грамадзкіх арганізацыяў.

У добраўпарадкаваньні самаробнага мэмарыялу ўзялі ўдзел паўтара дзясятка чалавек, у тым ліку і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Віцебскія апазыцыянэры пачалі ўсталёўваць крыжы на месцах пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў каля вёскі Паляі яшчэ 20 год таму. Некалькі разоў невядома хто нішчыў крыжы. Але ўжо некалькі год пра трагічныя падзеі нязьменна нагадваюць высокі жалезны крыж з надпісам "Ахвярам таталітарнага рэжыму" і некалькі меншых, драўляных крыжоў.

Актывісты пафарбавалі крыжы, пасадзілі рабінкі, добраўпарадкавалі тэрыторыю.

"Ёсьць пляны ўсталяваць яшчэ некалькі крыжоў, яшчэ пасадзіць дрэвы…Аднак існуе пагроза, што ўсё, створанае намі дзеля памяці пра нявінна забітых людзей, можа быць зьнішчана мясцовымі ўладамі", — кажа старшыня віцебскай абласной суполкі партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

Мясцовыя ўлады лічаць, што актывісты ня маюць права на нейкія дзеяньні па ўшанаваньні памяці ў гэтым месцы. У верасьні мінулага году спадар Смолікаў атрымаў ліст з Варонаўскага сельсавету, дзе яму як чалавеку, якога суд летась прызнаў вінаватым у самаўпраўстве, загадана самастойна зьнесьці ўсталяваныя пад Паляямі крыжы. У іншым выпадку, як было напісана ў афіцыйнай паперы, мясцовыя ўлады пакідаюць за сабой права зрабіць гэта самастойна.

Але пакуль крыжы стаяць непарушна. Актывісты не пакідаюць надзеі на тое, што мэмарыял каля вёскі Паляі набудзе афіцыйны статус. Кастусь Смолікаў падрыхтаваў ліст у Міністэрства культуры, каб надаць гэтаму месцу статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG