Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада дырэктароў Міжнароднага валютнага фонду плянуе ацаніць эканамічную палітыку ўраду Беларусі. На паседжаньні дырэктароў 29 жніўня будзе абмяркоўвацца справаздача, складзеная па выніках апошняй місіі МВФ у Беларусі.

"З 1 па 13 чэрвеня ў Менску знаходзілася місія, якую ачольваў Крыс Джарвіс. І гэта была місія па пасьля праграмнага маніторынгу: па ацэнцы захадаў эканамічнай палітыкі, якую ажыцьцяўляюць беларускія ўлады пасьля праграмы stand-by, якая скончылася ў красавіку мінулага года", – заявіла раней БелаПАН прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.

Каб разьлічваць на новы крэдыт, Беларусь павінна прадставіць МВФ выразную антыкрызісную праграму, заявіла прадстаўніца фонду ў Менску Натальля Калядзіна.

Асноўнай праблемай беларускай эканомікі экспэрты называюць множнасьць курсу беларускага рубля. Чакалася, што прынцыповае рашэньне па гэтай праблеме прымуць 25 жніўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Аднак тады кіраўнік дзяржавы чарговым разам паабяцаў, што сытуацыя на валютным рынку будзе стабілізаваная праз паўтара-два месяцы.

Да 1 верасьня ўрад павінна канчаткова вызначыць эканамічны курс разьвіцьця краіны. "Далей цягнуць нельга. Да аўторка-серады (30—31 жніўня. — БелаПАН). Усё будзе зьведзена ў адзіны дакумэнт і вынесена на ўзровень прэзыдэнта, і я асабіста абвяшчу людзям, як будзе дзейнічаць урад і Нацбанк у гэтай сытуацыі", — заявіў тады Лукашэнка.


Калядзіна адзначыла, што ў Беларусі была вялікая праграма з МВФ. У 2009-2010 гадах краіна атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме stand-by. Агульная сума сродкаў склала каля 3,46 млрд. даляраў ЗША.

31 траўня ўрад і Нацбанк накіравалі заяўку ў МВФ на чарговы стабілізацыйны крэдыт. Беларусь разьлічвае прыцягнуць 3,5-8 мільярдаў даляраў у рамках новай праграмы супрацоўніцтва з фондам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG