Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Мікіты Ліхавіда не дазволілі перадаць фільтар для вады


Адвакат наведала палітвязьня Мікіту Ліхавіда. Маці Андрэя Саньнікава непакоіцца за ягонае здароўе. Фёдар Мірзаянаў мае намер уступіць у АГП. Амаль месяц няма зьвестак ад Мікалая Статкевіча. Дзьмітрый Буланаў адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.

У Наваполацкай калёніі адбылася сустрэча актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда з адвакатам. Маці пілітвязьня перадае, што ў тым ліку была абмеркавана будучая наглядная скарга на прысуд. «Выглядае схуднелым, але бадзёрым і на здароўе ня скардзіцца», — перадала словы адваката пра Мікіту ягоная маці Алена. Алена Ліхавід таксама езьдзіла ў калёнію, спрабавала перадаць у камэру, дзе трымаюць сына, фільтар для вады, але яго не прынялі. Маўляў, няма магчымасьці ўсталяваць гэтае прыстасаваньне ў ПКТ, памяшканьні камэрнага тыпу, дзе трымаюць Мікіту Ліхавіда. Алена спрабавала перадаць фільтар Андрэю Саньнікаву, які таксама знаходзіцца ў Наваполацкай калёніі. Што з гэтага атрымалася?

«Там свае працэдуры: трэба было пісаць новую заяву, каб яе падпісаў начальнік калёніі і прыняў начальнік трэцяга атраду. Карацей — бюракратыя, а часу на яе не было. Вязу фільтар дамоў, можа, наступным разам Мікіту перадам, калі яго выпусьцяць з ПКТ. Там гэта забаронена».

Маці экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава вельмі непакоіцца за здароўе сына. Жонка вязьня Ірына Халіп расказала, што падчас сустрэчы зь ёй Андрэй шмат кашляў, між тым надвор’е напярэдадні было добрае. «Відаць, сапраўды адбіваецца дрэнная экалёгія ў гэтай калёніі», — кажа маці Ала Ўладзіміраўна.

«Мяне ўсе супакойваюць, маўляў, жывуць жа там людзі… Паўсюль жывуць, але як? Тое, што ён кашляе, мяне вельмі непакоіць. А збольшага разумею, што ён усё вытрымлівае добра, мужна».

У сваякоў няма зьвестак, ці зьвярталася да Андрэя Саньнікава і Мікіты Ліхавіда адміністрацыя Наваполацкай калёніі з прапановай напісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. Раней вязьні заяўлялі, што такое прашэньне ніколі не падпішуць.

Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, мяркуе, што Мікалай трапіў у інфармацыйную ізаляцыю невыпадкова. Магчыма, з-за адмовы пісаць прашэньне аб памілаваньні. Ужо амаль месяц, з 4 жніўня, ад вязьня няма ані лістоў, ані званкоў. Адміністрацыя Шклоўскай калёніі, дзе сядзіць Статкевіч, зь ягонай жонкай кантактаваць адмаўляецца.
Начальнік не падымае слухаўку, а ўсе астатнія адмаўляюцца даваць хоць якую інфармацыю.

«Глуха. З калёніі са мной проста не размаўляюць. Начальнік не падымае слухаўку, а ўсе астатнія адмаўляюцца даваць хоць якую інфармацыю».

Палітвязень Фёдар Мірзаянаў напісаў бацькам, што мае намер уступіць ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Маці Мірзаянава Людміла: «Фёдар вельмі рады лістам падтрымкі, якія ён атрымаў ад кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі і некаторых ягоных калег. Фёдар цалкам падзяляе іх погляды і піша: „Я б з задавальненьнем стаў бы сябрам гэтай партыі“. Такім чынам мы, бацькі Фёдара, канстатуем, што наш сын, які ня быў сябрам ніякай партыі, пасьля арышту і суду, пасьля выпрабаваньняў, якія выпалі на ягоную долю, выбраў свой шлях і зараз сапраўды падрыхтаваны да палітычнай барацьбы».

Фёдар Мірзаянаў атрымаў ад бацькоў перадачу, у якой былі заказаныя ім цёплыя зімовыя рэчы. Малады чалавек гатовы сустрэць зіму ў калёніі ў Івацэвічах, але не прасіць аб памілаваньні.

Пра гэта ж заявіў у лісьце дамоў і Зьміцер Буланаў, які адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Маці палітвязьня Клаўдзія Якаўлеўна бачылася з сынам у калёніі й сказала, што ганарыцца ім.

Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.
Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG