Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым абарочваецца валютны крызіс?


На нарадзе ў прэзыдэнта не прынята ніякіх рашэньняў, як выходзіць з крызісу. Чаму негатыўныя тэндэнцыі разьвіваюцца пры добрых эканамічных паказчыках? Чаму насельніцтва хоча мець валюту? Куды зьнікла мяса?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Леанід Злотнікаў
Сяргей Жбанаў
Валер Карбалевіч

Негатыўныя тэндэнцыі пры добрых эканамічных паказчыках


Валер Карбалевіч: «На нарадзе ў чацьвер Лукашэнка заявіў, што эканоміка краіны разьвіваецца пасьпяхова. Рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) за 11 месяцаў склаў 110%, выканана большасьць парамэтраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на гэты год. А ўзровень заробкаў у даляравым эквіваленце ўпаў удвая. Адкуль такі парадокс?

А вось яшчэ адзін парадокс. За сем месяцаў паступленьне валюты ў краіну склала звыш 20 млрд даляраў і дасягнула гістарычнага максымуму. Упершыню за шмат гадоў тэмпы росту экспарту на 9% перавысілі тэмпы росту імпарту. А валюта ў дэфіцыце. Як гэта патлумачыць?».

Леанід Злотнікаў: «Такое можа быць, калі ВУП расьце, а народ бяднее. Напрыклад, калі ВУП сёлета вырасьце з 53 да 56 млрд дал., то бок на 6%, то гэта мала на што паўплывае. Бо нам трэба атрымаць за год з усіх крыніц 15–18 млрд даляраў.

Цяпер наконт росту прытоку валюты. Праблема ў тым, што адток валюты большы, чым прыток. Адмоўнае сальда гандлёвага балянсу з пачатку году склала больш за 4 млрд даляраў.
Праблема ў тым, што адток валюты большы, чым прыток.

Адток валюты адбываецца і таму, што трэба выплочваць даўгі. На 1 красавіка кароткатэрміновыя даўгі, якія трэба вярнуць цягам гэтага году, склалі 14 млрд даляраў. Адначасова аб’ём новых пазык зьменшыўся. Таму і праблемы».

Сяргей Жбанаў: «Функцыя статыстыкі ў нас палягае ў тым, каб расказваць, як у нас усё добра. Наконт дэфіцыту валюты. Акрамя чыньнікаў, пра якія казаў калега, назаву яшчэ адзін. Справа ў тым, што нашы прадпрыемствы адаптаваліся да новых умоваў працы, навучыліся абмінаць невыгодныя для іх правілы.

Каб не прадаваць валюту на біржы па нявыгадным для іх афіцыйным курсе, яны пакідаюць валюту на рахунках у замежных краінах. Альбо вяртаюць грошы ў той валюце, якая не прадаецца на біржы. Паводле інфармацыі віцэ-прэм’ера Румаса, аб’ём выручкі ў гэтых валютах цягам апошніх месяцаў вырас у чатыры разы. Таму ў чацьвер Нацбанк пашырыў з 12 да 24 сьпіс замежных валют, экспартная выручка ў якіх падлягае абавязковаму продажу на біржы. Гэта тычыцца і вугорскага форынта, і польскага злотага.

А яшчэ прадпрыемствы сталі вяртаць выручку ў беларускіх рублях. Бо паводле правілаў Мытнага саюзу Беларусі, Расеі, Казахстану ў вытворцаў ёсьць права прадаваць тавар за нацыянальную валюту. І нашы суб’екты гаспадараньня карыстаюцца гэтым, каб абхітрыць Нацбанк».

Карбалевіч: «Вось якраз Лукашэнка загадаў сілавым структурам разабрацца з гэтымі фактамі і пагражаў карамі такім прадпрыемствам».

Чаму насельніцтва хоча мець валюту?


Карбалевіч: «Калі вясной прымалася рашэньне прыпыніць продаж валюты насельніцтву, улады зыходзілі з таго, што для большасьці грамадзян, асабліва для электарату Лукашэнкі, гэтая праблема не актуальная. Яшчэ на нарадзе 27 траўня ён казаў: „Валюта вам навошта?.. Каб паехаць у Эгіпет? Гэта ўжо вышэй за дах, вышэй за нахабства“. Тое ж самае казала і цяперашняя кіраўніца Нацбанку Ермакова: маўляў, у мяне даляраў няма, і вам яны не патрэбныя.

Але на нарадзе ў чацьвер Лукашэнка адзначыў, што, паводле сацыялягічнага апытаньня, „народ аж пішчыць, хоча адзінага курсу і доступу да валюты“. Чаму Лукашэнка памыляўся ў сваіх разьліках?».

Злотнікаў: «Насельніцтва прызвычаілася да даступнасьці валюты. І павярнуць настроі грамадзтва ў іншы бок не атрымаецца».

Жбанаў: «Мы жывем у эпоху глябалізацыі. Без валюты немагчыма зьезьдзіць за мяжу. Да таго ж валюта — сродак захаваньня грошай. У беларускага рубля каэфіцыент інфляцыі за паўгода — 41%, а ў даляра ці эўра — 1,5%. І, натуральна, людзі робяць рацыянальны выбар».

Куды зьнікла мяса?


Карбалевіч: «Валютны крызіс вылазіць нечаканым бокам. Вось, напрыклад, зьявіўся востры дэфіцыт мяса. Як нястача валюты зьвязаная зь мясам? І чаму ўлады ня могуць нават праз адміністрацыйныя захады напоўніць крамы мясам?».

Злотнікаў: «Пасьля дэвальвацыі ўзровень цэн у Беларусі ў пераводзе на замежную валюту (даляры, расейскія рублі) зьменшыўся ў 1,6 раза. Таму расейцам выгадна купляць мяса ў нашай краіне.
Калі ствараўся Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстану, нам дзяржаўныя мэдыі расказвалі, што нас чакае вялікае шчасьце: рынак у 170 мільёнаў спажыўцоў. Вось мы гэтае шчасьце і назіраем.

Чаму б не прымусіць адміністратыўнымі мэтадамі мясакамбінаты прадаваць мяса на ўнутраным рынку за кошт скарачэньня экспарту? Ёсьць праблемы. У мясакамбінатаў пасьля дэвальвацыі сабекошт вытворчасьці мяса ўзрос на 30–40%. Бо ўвогуле беларуская эканоміка імпартаёмістая. Дзеля сваёй вытворчасьці нашы прадпрыемствы спажываюць 50% імпартных тавараў. Напрыклад, мясакамбінаты працуюць на імпартнай энэргіі. Цэны на мяса ў Беларусі кантралююцца дзяржавай, якая стрымлівае іх рост.

Таму калі пераарыентаваць адміністрацыйным шляхам продаж мяса на ўнутраны рынак, то мясакамбінаты стануць зусім стратнымі. А ў дзяржавы няма сродкаў, каб кампэнсаваць гэтыя страты, як гэта адбывалася раней. А экспарт мяса ў Расею прыносіць валюту, якая цяпер вельмі патрэбная.

Лукашэнка на нарадзе прапанаваў стратэгію: давайце падвышаць цэны на мяса і адначасова падвышаць заробкі і пэнсіі. І тады, маўляў, вытворцам будзе выгадна прадаваць мяса ў Беларусі. Магу сказаць, што гэтая стратэгія не спрацуе. Яна нічога ня дасьць, акрамя інфляцыі».

Жбанаў: «Акрамя дэвальвацыі, трэба мець на ўвазе яшчэ адзін чыньнік. Калі ствараўся Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстану, нам дзяржаўныя мэдыі расказвалі, што нас чакае вялікае шчасьце: рынак у 170 мільёнаў спажыўцоў. Вось мы гэтае шчасьце і назіраем. Межаў жа няма. А прадаваць мяса за мяжу выгадней. Трэба наводзіць парадак на валютным рынку. Тады ўсё прыйдзе ў норму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG