Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
З 1 верасьня ўступае ў сілу Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле яго, парушальнікаў дысцыпліны адміністрацыя школы зможа адлічваць. Праўда, такое правіла датычыць толькі старшаклясьнікаў. Ці можа гэта стаць інструмэнтам супраць палітычна актыўнай моладзі?

Цэлы разьдзел новага Кодэксу аб адукацыі — больш за дзясятак артыкулаў — прысьвечаны дысцыплінарнай адказнасьці навучэнцаў. І да прыняцьця адукацыйнага кодэксу адміністрацыя школ знаходзіла падставы караць палітычна актыўную моладзь. У 2008 годзе салігорскага актывіста Івана Шылу з палітычных матываў выключылі зь сярэдняй школы № 4 за адзін дзень да апошняга іспыту па ангельскай мове. Ягоная маці спадарыня Сьвятлана ўзгадвае, як гэта было:

«Мы думалі, яго наагул не дапусьцяць да іспытаў, знойдуць прычыны. Але ўсе астатнія іспыты ён здаў пасьпяхова. А здаваць ангельскую мову яго проста не дапусьцілі — бо яе ён здаў бы ў любым выпадку. Ён ведаў яе. А паколькі яны былі ўпэўненыя, што гэты іспыт ён здасьць, яго проста не дапусьцілі…».

Карэспандэнтка: «І потым, ужо ў войску, Іван здаў іспыт на дзявятку — тады міністар абароны Мальцаў дазволіў яму здаць гэты экзамэн, каб Іван атрымаў атэстат…».

«Так, настаўнікі Лепельскай школы вельмі зьдзівіліся, калі Іван адкрыў рот і пачаў размаўляць па-ангельску — як ён мог ня здаць іспыт? Іван добра валодае ангельскай мовай».

На думку маладафронтаўкі Насты Палажанкі, новы кодэкс узаконьвае тое, што ў навучальных установах рабілася і раней. Актывістаў цалкам беспадстаўна ставілі на ўнутрышкольны ўлік і на ўлік у інспэкцыі па справах непаўналетніх, рэгулярна выклікалі з бацькамі на размовы, заніжалі ацэнкі:

«Я вельмі доўгі час была выдатніцай, старастай — напэўна, зь пятай клясы па дзясятую, да суду. І толькі пасьля суду мяне як бы «папрасілі». У мяне былі цудоўныя адносіны і з настаўнікамі, і зь дзецьмі, а потым адміністрацыя школы зрабіла ўсё магчымае, каб паказаць, што я чалавек, так бы мовіць, нехарошы. Я ў сярэдзіне 10-й клясы вымушана была забраць дакумэнты сама. Бо заніжалі ацэнкі, а зьбіралася паступаць у Беларусі, і мне патрэбны быў добры атэстат. У шэрагу школ мяне не ўзялі — лепш бы я была наркаманкай, хуліганкай, а не судзімай па 193-м артыкуле. І толькі ў адну школу, дзе адукацыйны ўзровень значна ніжэйшы, я трапіла. Яны паглядзелі проста на мае адзнакі. Я ўжо не лічу таго, што пастаянна выклікалі на размовы да сацыяльных пэдагогаў, дырэктарка выклікала мяне і казала: «Ты вучысься за кошт дзяржавы і за кошт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і мусіш яго любіць і шанаваць».
Новы беларускі кодэкс — далейшае ператварэньне сыстэмы адукацыі ў сыстэму ідэалягічнага нагляду, падаўленьня людзей, ініцыятываў вучняў, пэдагогаў.

Намесьнік дырэктара беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Лявон Баршчэўскі, што да новага адукацыйнага кодэксу, выказаў такое меркаваньне:

«Я магу параўнаць сытуацыю з суседняй Польшчай, дзе таксама ў гэты час адбываецца рэформа адукацыі, прыняты новыя заканадаўчыя акты. Там якраз усё ідзе на лібэралізацыю, на пашырэньне правоў вучняў у выбары формы адукацыі і зьніжэньне правоў бюракратыі ў дачыненьні да вучняў. Новы беларускі кодэкс — далейшае ператварэньне сыстэмы адукацыі ў сыстэму ідэалягічнага нагляду, падаўленьня людзей, ініцыятываў вучняў, пэдагогаў».

Лявон Баршчэўскі распавёў, што ў гэтую навучальную ўстанову кожны год прыходзяць старшаклясьнікі, на якіх ціснулі ў звычайных школах і гімназіях менавіта за грамадзянскую актыўнасьць і палітычную дзейнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG