Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачалася кампанія "За вела-Берасьце!", арганізатар якой — берасьцейскае агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця "Дзедзіч". У межах кампаніі вядзецца збор подпісаў пад зваротам да гарадзкіх уладаў аб стварэньні належных умоваў для перамяшчэньня на ровары.

Актывісты арганізацыі плянуюць перадаць зварот у гарвыканкам, сабраўшы 3 тысячы подпісаў. Як распавёў каардынатар акцыі Ўладзімер Красько, кампанія мае на мэце зрабіць Берасьце больш эўрапейскім.

Уладзімер Красько: "Сапраўды эўрапейскім Берасьце ня можа быць без стварэньня адпаведных умоваў для раварыстаў. Паедзьце ў любы горад Эўропы — там ёсьць усё: адмысловыя дарожкі для ровараў нават на самых вузкіх вуліцах, роварныя паркоўкі ў грамадзкіх месцах. Эўрапейскія чыноўнікі ўсяляк папулярызуюць рух на ровары, згадайце хаця б мэра Лёндану. А вось у Берасьці складаецца ўражаньне, што ўлады, наадварот, усяляк імкнуцца абмежаваць раварыстаў. Плянуючы рамонт вуліц, ніхто і ня дбае нават пра такія элемэнтарныя рэчы, як нізкія бардзюры. Таму наша мэта — дамагчыся, каб ровар у Берасьці можна было выкарыстоўваць як сродак транспарту, бо гэта здароўе жыхароў, чыстае паветра і вольнае месца для дзяцей у дварах".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG