Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыі ў арабскім сьвеце сутыкаюцца зь бязладнай рэальнасьцю, іх наступствы сёньня цяжка прадказаць. Сытуацыю ў Лібіі ў газэце New York Times аналізуе Энтані Шадыд.

Ідэалізм паўстаньняў у Эгіпце і Тунісе, дзе сіла вуліцы паказала нетрываласьць уладаў, выявіў вобраз арабскага сьвету ў чаканьні пераменаў. Але няскончаная лібійская рэвалюцыя, якая выклікае ізахапленьне, і неспакой, можа быць ілюстрацыяй таго, колькі рызыкі могуць несьці ў сабе тыя перамены на новай стадыі Арабскай вясны.

І хоць сьцяг паўстанцаў лунае над сталіцай Трыпалі, іх лідэры ўяўляюць сабой разьяднаныя і няясныя фігуры; намеры і ўплыў ісламістаў у іх шэрагах застаюцца невядомыя; палкоўнік Муамар Кадафі дагэтуль ня знойдзены; замежнікі замешаныя ў баях у рамках інтэрвэнцыі, якая раней лічылася б згубнай для арабскага сьвету.

Ужо ня кажучы пра тое, што шмат маладых людзей мае там цяпер шмат зброі.

У адрозьненьне ад пачатку году, калі здавалася, што рэвалюцыйны размах немагчыма спыніць, цяпер усё больш пануе няпэўнасьць, бо некалькім краінам пагражае патавая сытуацыя, зацяжны канфлікт або ўладны вакуум, што можа зрабіць іх некіравальнымі.

Як і пры ўсіх рэвалюцыях, падзеньне лідэра разглядаецца як самы лёгкі крок на доўгім і камяністым шляху адбудовы.

Пакуль што лібійская рэвалюцыя застаецца самай няпэўнай. Праводзяцца паралелі з падзеньнем Садама Хусэйна – пасьля адхіленьня яго ад улады ўнутраныя канфлікты ў Іраку перарасьлі ў поўнамаштабную грамадзянскую вайну.

Шмат для каго ў рэгіёне замежная інтэрвэнцыя пазбавіла лібійскае паўстаньне прывабнасьці, якую мелі падзеі ў Эгіпце і Тунісе. Узьніклі падазрэньні, што як і ў Іраку, галоўным сэнсам падзеяў была прага Захаду да лібійскай нафты. Паводле некаторых камэнтатараў НАТО падтрымлівае паўстанцаў не бясплатна, Лібіі давядзецца за гэта заплаціць.
XS
SM
MD
LG